banner

Сімвал незалежнасці

11 Августа’16
1616

Сімвал незалежнасці

 

На мінулым тыдні прадстаўнікі Свіслаччыны ў складзе дэлегацыі Гродзенскай вобласці пабывалі на экскурсіі ў Палацы Незалежнасці ў Мінску.

Сваімі ўражаннямі ад паездкі з чытачамі раёнкі падзялілася старшыня раённага Савета ветэранаў Алена Пракопік:


– Палац уражвае сваёй веліччу з першых крокаў. Вельмі  прыгожы ландшафтны дызайн: каскад фантанаў, стылізаваная карта Беларусі, алея Ганаровых гасцей.  Каля ўваходу наведвальнікаў сустракае велічная скульптура маладой жанчыны, якая трымае ў руках сем галубоў, што сімвалізуюць вобласці Беларусі і нашу сталіцу – горад Мінск. Мы не маглі не зрабіць фотаздымак на памяць.


Па словах экскурсавода,  агульная плошча Палаца Незалежнасці складае каля 50 тысяч квадратных метраў. У ім некалькі соцен памяшканняў. На трох паверхах размешчаны залы для розных мерапрыемстваў. Кожная з іх мае сваё прызначэнне. У адной праводзяцца прыёмы шматдзетных бацькоў, у другой Прэзідэнт сустракаецца  з дэлегацыямі  замежных краін, трэццяя прызначана для ўзнагароджваняў і гэтак далей. Кожная зала мае свой непаўторны інтэр’ер і аздабленне. Трэба адзначыць, што ў Палацы Незалежнасці  ўсё зроблена з айчынных матэрыялаў і беларускімі будаўнікамі. Усе памяшканні палаца абсталяваны самай сучаснай тэхнікай, сцены ўпрыгожаны цудоўнымі габеленамі і карцінамі.


На сённяшні дзень у палацы не сорамна праводзіць мерапрыемствы самага высокага міжнароднага ўзроўню. Менавіта тут у лютым 2015 года прайшлі шматгадзінныя перамовы прэзідэнтаў Украіны, Францыі, Расіі і канцлера Германіі па ўрэгуляванні крызісу на ўсходзе Украіны і было падпісана Другое мінскае пагадненне, а ў лістападзе 2015 года прайшла цырымонія інаўгурацыі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі.


–    Палац сапраўды з’яўляецца палітычным сімвалам незалежнасці нашай краіны, – адзначыла Алена Уладзіміраўна. – Ад імя нашай дэлегацыі хацелася б падзякаваць арганізатарам – Гродзенскаму аблвыканкаму і Свіслацкаму райвыканкаму за прадастаўленую магчымасць пабываць у адным з найпрыгажэйшых будынкаў нашай краіны.

 

Падрыхтаваў Ігар БАЯРКІН.

На здымке: прадстаўнікі Свіслаччыны каля Палаца Незалежнасці: М. І. Арол, А. У. Пракопік, А. А. Лісоўскі, М. В. Рудоміна, А. І. Лаўрэнцік.

Предыдущая статья

Работник социальный – человек универсальный