banner

Аднавяскоўцы. Вёска Юбілейная

17 Февраля’16
1338

Аднавяскоўцы. Вёска ЮбілейнаяВёска Юбілейная з’явілася параўнальна нядаўна. Атрымала назву ў гонар 50-й гадавіны Савецкай улады. На сённяшні час у вёсцы налічваецца 60 двароў, 138 чалавек. З іх 76 працаздольных, 30 – дзяцей да 15-гадовага ўзросту і 32 пенсіянера.
Галоўная вуліца вёскі носіць імя першага старшыні аб’яднанага калгаса імя Леніна Ю. Ф. Кардаша.

Юліан Феліксавіч быў чалавекам сумленным і працавітым. Літаральна суткамі знаходзіўся на працы. Нават у нядзелю, калі мог бы хоць трошкі адпачыць, ён уставаў разам з сонцам і ішоў аглядваць палі. Да яго, не меўшага вышэйшай адукацыі, ішлі дыпламаваныя аграномы за парадай, здзіўляліся, як ён мог інтуітыўна адчуваць, дзе што лепш пасеяць вясною, каб потым сабраць высокі ўраджай. А яны на тую пару радавалі старшыню гаспадаркі з года ў год. У калгас Леніна ехалі за перайманнем вопыту, пыталіся ў Юліана Феліксавіча, як удаецца дасягнуць такіх вынікаў. А ён усміхаўся і казаў: “Трэба проста моцна любіць зямлю, толькі тады яна адплаціць добрым ураджаем”.
Ю. Ф. Кардаш да апошніх дзён быў адданы зямлі, размаўляў з ёю, як з маці. А яшчэ ён быў вельмі добрым бацькам семярых дзяцей. І хоць бачылі яны яго рэдка, але словы бацькі, як матчыну малітву, запомнілі на ўсё жыццё: “Дзеткі, жывіце сумленна, тады будзеце спаць спакойна”.
За сваю шматгадовую добрасумленную працу Юліан Феліксавіч быў узнагароджаны ордэнамі “Знак Пашаны”, Кастрычніцкай рэвалюцыі, быў удзельнікам ВДНГ.
І хоць не меў часу бацька ўдзяляць шмат увагі дзецям, выраслі яны добрымі і сумленнымі. Пяцёра маюць вышэйшую адукацыю, а сын Іван нават тры дыпломы.
Дзеці ганарацца такім бацькам. Ды і чаму не ганарыцца! На жаль, пажыў ён нядоўга, усяго 69 гадоў. І калі пакінуў гэты свет, жыхары вёскі Юбілейнай пажадалі, каб цэнтральная вуліца насіла яго імя.


Сваё жыццё ён працы прысвяціў

Аднавяскоўцы. Вёска Юбілейная

Калі я пастукалася ў хату да Сцяпана Іосіфавіча Яскулда, мне адкрыў дзверы падцягнуты, моцны чалавек. Спачатку нават здалося, што гэта сын Сцяпана Іосіфавіча.
Нарадзіўся С. І. Яскулд 26 снежня 1938 года на хутары Бязводнікі. Усяго ў сямі было 14 дзяцей. Старэйшыя сёстры Яніна і Караліна былі ўжо дарослымі. Калі вывозілі немцы моладзь у Германію, іх таксама вывезлі. Караліна апынулася ў Нямеччыне, а Яніна аказалася ў Брэсце. Яе прымусілі працаваць у ваеннай гасцініцы, дзе жылі нямецкія лётчыкі. Нейкім чынам яна звязалася з партызанамі. І аднойчы атрымала заданне падарваць гасцініцу. У той дзень загінула 250 нямецкіх лётчыкаў, абарвалася і жыццё Яніны. Караліна выжыла і, калі прыйшло вызваленне, выйшла замуж за паляка і жыла ў горадзе Забжегу. Рана памерла.
Наогул, з усіх дзяцей сёння ў жывых застаўся толькі Сцяпан Іосіфавіч.
З пятнаццаці гадоў ён пачаў працаваць у калгасе прыцэпшчыкам, калі трэба, мог падмяніць трактарыста. А ў 1963 годзе і сам скончыў курсы трактарыста.
Калі сустрэў добрую дзяўчыну Тамару, ажаніўся, нарадзіліся адзін за другім сын Алег і дзве дачушкі Святлана і Зоя. Бацька і не заўважыў, як павырасталі дзеці. Ад усходу да захаду сонца працаваў. Зараз за спіною ў Сцяпана Іосіфавіча 55 гадоў стажу. Мала хто яшчэ можа такім пахваліцца.
У яго калекцыі ордэны, медалі, знакі адрознення. Яго шмат разоў адзначалі як ударніка камуністычнай працы, пераможцу сацыялістычнага спаборніцтва. Пра нашага земляка не раз чулі і на ВДНГ СССР. У 1977 годзе за дасягнутыя поспехі ў развіцці народнай гаспадаркі перадавога механізатара ўзнагародзілі нагрудным знакам “Пераможца ўсесаюзнага конкурсу механізатараў” і машынай “Масквіч”. Гэтую ўзнагароду Сцяпан Іосіфавіч лічыць самай дарагой.
Даўно павырасталі дзеці, падарылі ўнукаў. Іх у Сцяпана Іосіфавіча з Тамарай Іванаўнай шасцёра, і ўжо дзве праўнучкі ёсць.


Дзякуй лёсу, што звёў нас

Аднавяскоўцы. Вёска Юбілейная

Паўвека мінула з той пары, калі згулялі вяселле Сяргей і Валянціна Дудзенкі. Гадочкі свае яны нанізвалі, як пацеркі на нітачку жыцця. І няма сярод гэтых пацерак выцвіўшых ці пачарнелых. Усе пяцьдзясят ззяюць і пераліваюцца, як кропелькі расы раніцай на сонцы.
Нялёгкім было дзяцінства. Якраз на пасляваенныя гады прыйшлося. Але ж неяк выжылі. Пасля вызвалення вярнуліся на папялішча (немцы спалілі хутар Плесо датла), паставілі невялікі дом. Дзякуй богу, бацька з вайны жывым вярнуўся. А пасля сваякі, якія жылі ў пасёлку Леніна (сёння вёска Юбілейная) пачалі зваць да сябе. І тады бацькі пабудавалі дом на чыгуначнай станцыі Свіслач.
Неяк ішла маладая дзяўчына Валя да сваякоў, а насустрач ёй ехаў на веласіпедзе прыгожы юнак. Затрымаўся, рашыў пазнаёміцца. Так і пачалася іх гісторыя кахання.
Валя працавала ў тую пару ў райсаюзе: была афіцыянткай, затым загадчыцай магазіна, касірам, бухгалтарам.
Сяргей працаваў у той жа галіне. Быў шафёрам. Аднойчы, калі ён з сябрам гналі свае машыны на рамонт у Брэст, здарылася аварыя. Сяргея збіла машына. Ён цудам выжыў, перанёс цяжкую аперацыю. Стаў інвалідам І групы. Родныя адгаворвалі Валю, каб не ішла за яго замуж, маўляў, інвалід, навошта ён табе. Але Валя не магла здрадзіць іх каханню, не магла пакінуць чалавека, які быў для яе вельмі дарагім. Яны пажаніліся. Праз год нарадзілася першая дачушка Святлана. Яна падрастала і з маленства марыла, што будзе доктарам. Рабіла тату “ўколы”, слухала яго, ставіла дыягназы.
Тым часам тата вывучыўся на радыётэлемайстра, а потым пайшоў працаваць на чыгунку. 25 гадоў там адпрацаваў. І зараз што год атрымлівае віншавальныя паштоўкі ад кіраўніцтва.
Дзевяць гадкоў споўнілася Святлане, калі нарадзілася Ірынка. Праз некаторы час мама цяжка захварэла. Але, перанёсшы складаную аперацыю, яна вярнулася дадому, бяда мінавала. Муж вельмі бярог яе, не дазваляў нічога рабіць. Амаль усю працу па дому ўзяў на сябе.
Святлана паспяхова скончыла школу на адны пяцёркі. Паступіла ў медінстытут. Зараз яна працуе эндакрынолагам у рэспубліканскім цэнтры рэабілітацыі. Выгадавала сына.
Ірына – настаўніца. Любоў да гэтай прафесіі перадалася ёй ад першай настаўніцы Алены Андрэеўны Курбат. Нават дачушку сваю яна назвала імем любімай настаўніцы.


Іх гонар – дзеці і ўнукі

Аднавяскоўцы. Вёска Юбілейная
Адчыняю веснічкі ля дома Пятра Міхайлавіча і Валянціны Аляксандраўны Бабовікаў. Яны сустракаюць мяне на парозе дома і шчыра здзіўляюцца, хто і чаго да іх прыйшоў. Пачуўшы, што гэта карэспандэнт газеты, трошкі збянтэжыліся, маўляў, што пра нас пісаць, мы простыя, сціплыя людзі.
Вось ужо больш за паўвека яны ідуць па жыцці разам. У мінулым годзе на Дзень маці іх запрасілі з іншымі юбілярамі ў дзіцячую школу мастацтваў, дзе свае шчырыя віншаванні выказаў ім старшыня райвыканкама і ўручыў падарунак. А яшчэ з нагоды залатога вяселля яны пачулі шмат цёплых і шчырых слоў ад дзяцей і ўнукаў.
Хутка паўстагоддзя праляцела. Не дагоніш. У Пятра Міхайлавіча працоўны стаж больш за 42 гады, з іх 35 – на экскаватары.
Валянціна Аляксандраўна на чыгуначнай станцыі шчыравала. 33 гады ёй аддала.
Двух сыноў і дзвюх дачушак выгадавалі маці з бацькам. Гэта іх сапраўдны гонар, і калі яны пачынаюць размову пра дзяцей, вочы свецяцца такой шчырай радасцю, такой цеплынёй, што нават трошачкі па-добраму зайздросна.
Старэйшая дачка Ларыса – у Мінску, яна дзяжурная па станцыі. Сын Андрэй таксама ў сталіцы. Кандыдат ваенных навук, дацэнт.
Таццяна скончыла школу з залатым медалём, зараз – у Гродне, яна ўрач-стаматолаг. Трое старэйшых дзяцей падарылі бабулі з дзядулем па двое ўнукаў.
Малодшы сын Юра яшчэ не жанаты. З маленства любіў музыку. Самастойна вывучыўся іграць на гармоніку, баяне. Браў урокі ў Генадзя Бутара. Лёгка паступіў спачатку ў Гродзенскае музычнае вучылішча, а потым у Беларускую дзяржаўную акадэмію музыкі. Працуе выкладчыкам у вучылішчы мастацтва. З’яўляецца ўдзельнікам заслужанага самадзейнага калектыву “Бліскавіца”. Пераможца шматлікіх конкурсаў і фестываляў.
– Не нажылі мы багацця за жыццё, не рваліся накупляць дываноў ды крышталю, – кажа гаспадар дома. – Для нас галоўным было выгадаваць дзяцей добрымі людзьмі, даць ім дастойнае выхаванне і адукацыю. Вось зараз не сорамна за іх. Думаем, што не дарма жыццё пражылі.
Я ахвотна згаджаюся з Пятром Міхайлавічам. Толькі дзеці і ўнукі з’яўляюцца гарантам спакойнай і шчаслівай старасці.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ.

Предыдущая статья

Их мужество нельзя предать забвению