banner

І любоў, і прага да жыцця

26 Октября’15
1378
І любоў, і прага  да жыцця 
Некалі для дзяцей, а зараз для сваіх чатырох унучанят шчыруе на роднай зямельцы Сяргей Ануфрыевіч Качаноўскі. Зусім нядаўна – на самым пачатку восені – на яго ўласным календары – юбілейныя 70 год. Ён пражыў іх годна і сумленна, быў кожную хвілінку патрэбен са сваімі залатымі рукамі і ў хаце, і ў двары. А колькі тыя рукі дапамагалі суседзям, блізкім, вяскоўцам!
Пра галоднае дзяцінства цяпер ужо ўспамінаць не хочацца. Была адна толькі мара: пра сыты, багаты стол, каб усе маглі наесціся ўволю. І не дзіва – ён з трох лет сірата. Не стала бацькі, і маці адна, як толькі хапала сілы, гадавала траіх дзетак. Усе яны дзякуючы вялікаму сэрцу матулі Зінаіды Іосіфаўны выраслі і сталі добрымі людзьмі.
Ганарыцца сям’я Качаноўскіх асабліва малодшай Верай. Яна ў свой час скончыла з «чырвоным» дыпломам Маскоўскую Акадэмію сельскай гаспадаркі. Паехала на далёкую Кубань, там і засталася. За сваю адданую працу мае ганаровае званне "Заслужаны ветэрынарны ўрач Кубані” і шэраг высокіх узнагарод.
А Сяргей Ануфрыевіч служыў у чыгуначнай часці каля горада Горкага. Там атрымаў права вадзіцеля, вельмі палюбіў тэхніку. А яшчэ асвоіў прафесію сталяра-станочніка. Ён вучыўся ўсяму, чаму маглі навучыцца маладыя здаровыя рукі юнака.
Вярнуўся з войска поўны сілы і энергіі, прагі да жыцця. Уладкаваўся ў сельгастэхніку шафёрам, потым – у МПМК сталяром.
Высокі, стройны, прыгожы, з пышным пшанічным чубам – ён быў марай многіх дзяўчат. Але толькі адна завалодала яго сэрцам – лабарантка Верачка. Марозным лютаўскім днём 1971 года маладыя згулялі звонкае вяселле, і нарадзілася новая сям’я Качаноўскіх.
Мець добры ўтульны дом было марай мужа і жонкі. Трое сыночкаў падрасталі ў сям’і – апора і надзея бацькоў. І якраз на 40-годдзе Сяргея Ануфрыевіча Качаноўскія справілі ўваходзіны ў новы дом.
Каб даглядаць сваю састарэлую матулю і каб лягчэй было жонцы, Сяргей Ануфрыевіч пераходзіць у калгас. І на якім бы месцы ні працаваў гэты чалавек, справу сваю рабіў старанна і сумленна. Шмат гадоў быў членам праўлення калгаса, выбіраўся дэпутатам сельскага Савета. Вяскоўцы паважалі і паважаюць яго за адкрытасць і шчырасць, за любоў і прагу да жыцця.
Калі стала падводзіць здароўе, урачы параілі прымаць настойку праполіса. Тады Ануфрыевіч вырашыў сам займацца пчоламі. Перш-наперш прачытаў шмат літаратуры. Кнігі браў у бібліятэцы, купляў у краме.
Сёння ён ужо не ўяўляе свайго жыцця без гэтага занятку. У маладым садзе сем пчаліных хатак – усе яны зроблены рукамі пчаляра. Ён з захапленнем распавядае пра свой любімы занятак, цешыцца, што цікавяцца гэтай справай нявестка і ўнукі. А сёлетняга мядку ўсім хопіць. Шэсць вёдзер накачалі. Ануфрыевіч па-сапраўднаму ўлюбёны ў сваю справу, якая дае яму такі добры настрой. З пчолкамі размаўляе, як з дзецьмі, і адзначае, што адносіны ў пчаліных сем’ях – прыклад для чалавека.
Вера Пятроўна з нецярпеннем чакала нас з пасекі, каб пачаставаць мядком. Амаль 45 гадоў рука аб руку ідуць яны з мужам па жыцці. Гэта яна – хатні генерал – кіруе гаспадаром ва ўсіх сямейных справах і вельмі шануе яго, бо ведае – лёс падарыў ёй самага лепшага падарожніка ў жыцці.
Марыя САМАЛЕВІЧ,
аг. Грынкі.
На здымку: Сяргей Ануфрыевіч Качаноўскі з жонкай Верай Пятроўнай.

Предыдущая статья

Праздничный концерт в честь 70-летия Организации объединенных наций прошел в областном драматическом театре