Назва вёскі Ранявічы паходзіць ад прозвішча Грынь, і да XVIII стагоддзя яна называлася Грынявічамі. Сучасную назву гэты населены пункт атрымаў ад графа Вінцэнта Тышкевіча. У 1897 годзе побач з вёскай знаходзіўся маёнтак фон Вітарфа з такой жа назвай, на тэрыторыі якога мелася гаспадарка з шасцю жыхарамі. У 1905 годзе ў Ранявічах налічвалася 197 сялян.
У гады Вялікай Айчыннай вайны ў вёсцы размяшчаўся нямецкі штаб. Час вызвалення прыйшоўся на 17 ліпеня 1944 года.
Сёння ў вёсцы налічваецца 42 гаспадаркі, 93 жыхары, з іх 32 пенсіянеры, 51 чалавек працаздольнага ўзросту, 10 дзяцей.
Аб тым, што ў Ранявічах жывуць людзі вельмі шчырыя і працавітыя, мы даведаліся ад старасты вёскі Людмілы Уладзіславаўны Раецкай. З задавальненнем прыняўшы яе прапанову, завіталі ў гэты маляўнічы куток Свіслацкага сельсавета.
Сваю долю шчаслівай назвалі
Аляксандр Іванавіч і Лідзія Міхайлаўна Краскевічы ў будучым годзе адзначаць асаблівую дату – 60 гадоў сумеснага жыцця, ці брыльянтавае вяселле.
– Я ўдзячны лёсу за мінулае і цяперашняе, за сумесна пражытыя гады з жонкаю, за тое, што побач са мною такі цудоўны чалавек, – заўважае гаспадар.
Ён нарадзіўся ў 1931 годзе ў Ранявічах у сям’і сялян. Бацькі былі багатыя на дзяцей: акрамя яго, мелі яшчэ чатырох дачок. Рана памёр бацька, таму дзяцінства хлопчыка прайшло ў цяжкай працы. З маленства апрацоўваў зямлю, касіў траву, хадзіў за плугам па раллі. Скончыўшы пасля вайны чатыры класы Свіслацкай школы, падлеткам пайшоў паляводам у калгас імя Варашылава. Затым была служба ў авіяцыі. У арміі атрымаў спецыяльнасць вадзіцеля. Вярнуўшыся на радзіму, уладкаваўся ў калгас аўтамеханікам. Перад выхадам на пенсію працаваў вадзіцелем у раёне электрасетак.
У маладосці, у час наведвання мясцовай бібліятэкі ён пазнаёміўся з яе загадчыцай – прывабнай і кемлівай дзяўчынай. Лідзія зачаравала хлопца з першага погляду. Яна таксама была з сялянскай шматдзетнай сям’і з хутара Тарасаўка. Пасля школы дзяўчына скончыла бібліятэчныя курсы ў Гродне і прыехала на працу ў Ранявічы. У 1968 годзе ініцыятыўную і адказную маладую жанчыну прызначылі сакратаром Свіслацкага сельсавета. Праз два гады Лідзію Міхайлаўну накіравалі на працу ў агульны аддзел раённага выканаўчага камітэта. Працуючы інструктарам райвыканкама, у 1971-м жанчына паступіла ва Усесаюзны юрыдычны завочны інстытут у Маскве. У 1977-м яе прызначылі загадчыцай Свіслацкай натарыяльнай канторы. На гэтай адказнай пасадзе жанчына адпрацавала звыш трыццаці гадоў. За добрасумленную працу Лідзія Міхайлаўна не аднойчы ўзнагароджвалася Ганаровымі граматамі ўпраўлення юстыцыі аблвыканкама, рэспубліканскай і абласной калегій адвакатаў.
У сям’і Краскевічаў заўсёды панавала шчасце. З маладосці муж і жонка ўсё рабілі разам, з усмешкай, дружна і прыгожа. Пачуцці яшчэ больш сталі трывалымі, калі ў маладых на свет з’явіліся сыны Сяргей і Аляксандр. Але ў 1958 годзе нечакана здарылася вялікае гора: у час службы ў Германіі загінуў старэйшы сын.
– Я адчула палёгку пасля пахавання Сяргея толькі тады, калі праз некалькі гадоў нарадзіла дачку, якой аддала ўсю пяшчоту і любоў збалелага сэрца, – расказвае Лідзія Міхайлаўна. – Юлія працягвае справу майго жыцця, таксама працуе загадчыцай натарыяльнай канторы ў Свіслачы.
Зараз Аляксандр Іванавіч і Лідзія Міхайлаўна маюць чатырох унукаў і праўнука. Калі вялікая сям’я Краскевічаў збіраецца разам, бабуля з дзядулем адчуваюць сябе самымі шчаслівымі ў свеце.
Час на адпачынак
Працоўны шлях Людмілы Васільеўны Вайцяхоўскай пачынаўся ў поўныя выпрабаванняў 50-я гады, калі народная гаспадарка патрабавала аднаўлення і развіцця.
Нарадзілася Людміла ў вёсцы Дудзічы. Пасля заканчэння Відзейкаўскай сямігодкі дзяўчына ўладкавалася ў калгас падлічваць працадні, складаць табелі... За год зарабіла толькі адзін рубель пяцьдзесят капеек. Трэба было дапамагаць бацькам, таму яна пайшла працаваць рабочай на будоўлю ў Ганчары. Там і пазнаёмілася з будучым мужам – хлопцам з Ранявічаў. Іосіф і Людміла хутка ажаніліся, побач з бацькоўскай хатай пачалі будаваць уласны дом. У маладой сям’і нарадзіліся дзеці Ірына і Анатоль. Але шчасце было нядоўгім: у 1973-м малады гаспадар памёр ад хваробы. Каб быць побач з малымі дзяцьмі, жанчына ўладкавалася даяркай на ферму "Ранявічы”.
– Працаваць было цяжка, – расказвае яна, – у кожнай даяркі было па чатырнаццаць кароў. Жывёліну трэба было ўручную падаіць, раздаць корм, вычысціць стойлы. Калі на ферме з’явіўся малакаправод, працаваць стала крыху лягчэй.
За дзясяткі гадоў добрасумленнай працы Людміла Васільеўна атрымала шмат узнагарод, сярод якіх ордэн Трудавой Славы III ступені, бронзавы медаль удзельніка ВДНГ, знакі пераможцы сацыялістычных спаборніцтваў дзясятай пяцігодкі.
Мінулі гады. Людміла Васільеўна даўно ўжо на заслужаным адпачынку, і сёння яе захапленне – вырошчванне кветак. Вакол дома і ў палісадніку цешаць вока кітайскія ружы, астры, гваздзікі, сальвіі, аксаміткі, петуніі... У спякотныя жнівеньскія дні яны патрабуюць асаблівага догляду.
Уздыме праўнука рука
яе гады – яе багацце
Адна з найстарэйшых жыхарак вёскі Марыя Антонаўна Раманчук карыстаецца асаблівай павагай сярод аднавяскоўцаў. У чэрвені жанчыне мінула 87 гадоў. Яна маці чатырох дзяцей, бабуля дзевяці ўнукаў і чатырнаццаці праўнукаў. Калі вялікая сям’я збіраецца ў бацькоўскай хаце, жанчына адчувае сябе вельмі шчаслівай.
Нарадзілася Марыя ў вёсцы Вялікая Каланая. Рана памёр бацька, пакінуўшы жонку з пяццю малымі дзяцьмі. Таму маці за мех збожжа аддала іх пасвіць кароў да заможных сялян.
Марыя Антонаўна таксама добра памятае гады нямецкай акупацыі. Памятае, як немцы хацелі адправіць яе ў Германію, але маці паказала метрыку дачкі, у адпаведнасці з якой дзяўчына не падыходзіла для адпраўкі па ўзросту. Але забралі старэйшага брата.
Пасля вызвалення вёскі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў Марыя ўладкавалася ў калгас. Працуючы паляводам, у год зарабляла два цэнтнеры збожжа. У 22 гады выйшла замуж за мясцовага хлопца – сакратара камсамольскай арганізацыі. Маладыя пабудавалі ўласны дом.
Непрыкметна прайшоў час. Дзеці павыляталі, нібы птушкі, з радзімага гнязда, стварылі свае сем’і. Даўно, 50 гадоў таму, памёр Уладзімір Васільевіч. Але жанчына не адчувае сябе адзінокай: часта наведваюць дзеці, унукі і праўнукі, дапамагаюць навесці парадак у доме, на агародзе. Аб чым яшчэ можа марыць у свае гады Марыя Антонаўна? Толькі аб тым, каб дзеці, унукі і праўнукі былі шчаслівымі і на здароўе багатымі.
Серпанцін лёсу Соф’і Пятроўны
Жыццёвыя дарогі карэннай жыхаркі Ранявіч Соф’і Пятроўны Аўсейчык нагадваюць пакручасты серпанцін – вельмі шмат чаго ў жыцці перажыта і пераадолена...
Нарадзілася яна ў 1931-м.
– Памятаю залатое жытнёвае поле, на якім я з малога разам з маці жала сярпом калоссе, – пачынае размову жанчына, – а затым грымнула вайна.
З першых дзён вайны бацьку забралі на Урал працаўніком тылу. Вёска была акупіравана немцамі, у адной з хат знаходзіўся нямецкі штаб. Фашысты рабавалі мясцовых жыхароў, адбіралі жывёліну і прадукты.
– Суседнюю вёску Пацуі наведвалі партызаны, таму фашысты па даносам солтыса расстрэльвалі цэлыя сем’і, – успамінае Соф’я Пятроўна. – Яшчэ добра памятаю, як знішчалі яўрэяў.
Пры немцах яна вучылася ў школе, якая размяшчалася ў адной з сялянскіх хат. Сярод вучняў былі і яўрэйскія дзеці. Аднойчы старых і малых я’ўрэяў пагрузілі на павозкі і павезлі ў Вішаўнік, а партыю маладых пагналі ў Ваўкавыскае гета. Дзеці ведалі, што едуць на смерць, але ніхто з іх не плакаў – рабін забараніў: "Відаць, такі ў нас лёс...” Гукі кулямётных чэргаў з боку Вішаўніка было чуваць некалькі дзён…
У 1944-м, перад адступленнем, немцы знішчалі сляды здзейсненых злачынстваў, спальвалі цэлыя вёскі. Гарэлі Ражкі. Усё наваколле было акутана едкім дымам. Жыхароў Ранявіч таксама павыганялі з хат, але спаліць вёску не паспелі: хуткімі тэмпамі наступалі савецкія войскі, зусім побач грымелі баі, над вёскай праляталі снарады. Сяляне пахаваліся ў бурты, дзе захоўвалася гародніна. Раптам наступіла цішыня. Потым Соф’я пачула радаснае: "Нашы прыйшлі!” Усе пабеглі насустрач чырвонаармейцам. Салдаты гладзілі малых па галаве і супакойвалі: "Не трэба баяцца, вайна амаль скончылася...”
Пасля вайны Соф’я пайшла ў калгас паляводам. Навучылася ў цёткі шыць адзежу. Прымала заказы, адначасова працавала ў калгасе. Затым уладкавалася рабочай Свіслацкай МПМК. Соф’я Пятроўна памятае, як будавалі Свіслацкі інтэрнат, склады сельгастэхнікі, Дом быту, харчкамбінат. Яшчэ ў 1954-м яна выйшла замуж за ранявіцкага хлопца – Мікалая Максімавіча, удзельніка вайны, які працаваў аператарам кацельні ЖБВ. У сям’і нарадзіліся дачка Зінаіда і сыны Мікалай і Анатоль. Дзеці сталі для яе найвялікшым шчасцем. Дзесяць гадоў таму жанчына аўдавела. Сёння яна жыве радасцямі і нягодамі дзяцей, унукаў і праўнукаў, якія заўсёды спяшаюцца наведаць любую матулю і бабулю.
Кацярына ДУДКО (тэкст і фота).