Зберагла матуліна малітва

01 Июля’15
1310
Зберагла  матуліна малітва
 
Калі грымнула вайна, Іосіфу Казімірчыку споўнілася ўсяго пятнаццаць. Тры гады акупацыі здаліся вечнасцю, але дзякаваць богу, у сям’і ўсе выжылі, дачакаліся вызвалення. Яно прыйшло гарачым ліпеньскім днём, калі іграла сонейка ў небе, а ў жыце цвілі валошкі. Гэта памятае сёння даўно пасівелы Іосіф Іванавіч, як і тое, што ўжо праз месяц яму прыйшла павестка ісці ў армію.Праводзіла маці сына, аблілася слязамі і пачала чакаць ад яго вестачак.
А Іосіф разам з аднавяскоўцам Станіславам Гойлікам, хлопцам з Баяраў Уладзімірам Болбатам і другімі саслужыўцамі быў напраўлены ў артылерыйскую школу ў Пшэмысль (Польшча). Там Іосіфу даверылі мінамёт, і праз некалькі месяцаў хлопец быў ужо на перадавой. Пачаўся яго ваенны шлях за Варшаваю. Потым удзельнічаў у фарсіраванні ракі Одэр, дзе злажылі галовы сотні маладых байцоў: хто патануў у рацэ, хто загінуў ад выбухаў бомбаў і снарадаў, хто памёр ад цяжкіх раненняў. А вось Іосіфа Бог мілаваў, толькі шынель асколкам працяла, а сам застаўся жывы. 
Шмат чаго памятае стары салдат з тых цяжкіх ваенных дзён. І як ішлі амаль без перапынкаў, а як і выпадала гадзінка адпачынку, то не паспееш задрамаць, як ужо "Рота, пад’ём!” крычаць, і як бралі на сваім шляху горад за горадам, вёску за вёскай. 
Дайшлі да Берліна, але абышлі яго з правага боку. Стаялі ў абароне. А тым часам да рэйхстага заставалася ўсяго 12 кіламетраў. Немцы, адчуваючы, што прайгралі вайну, былі самі не свае ад лютасці. Разбамбілі кухню – і салдаты засталіся галоднымі. Але ніхто не скардзіўся, не ныў. Хутка вестка прыйшла, што нашы рэйхстаг узялі. А там і абвясцілі, што прыйшла Перамога. 
– Мы тады на Эльбе былі, – успамінае сівы ветэран, – там сустрэліся з амерыканцамі. Мы з імі не кантактавалі, а вось тушонку, якую яны нам скінулі, паспрабаваць давялося. Смачная была, тым больш, што ўсе мы згаладаліся, кухню ж нашу немцы ўшчэнт разнеслі. Стаім, памятаю, у лесе, а тут нехта пракрычаў: "Победа!” Што рабілася. Мы пачалі ў паветра страляць, аж лес дрыжаў. Хлопцы абдымаліся, нават плакалі ад радасці. Вядома ж, кожнаму хацелася дахаты вярнуцца, да бацькоў, да жонак, да дзяцей. 
Некаторым пашчасціла адразу пасля перамогі дадому вярнуцца, але не Іосіфу. Ён з іншымі маладымі салдатамі быў напраўлены змагацца з бандэраўцамі. Даводзілася бачыць, як лютавалі бандыты, як рабавалі людзей, адбіралі апошні кавалак хлеба, жывёлу, забівалі, палілі. З гэтымі бандамі і прыйшлося ваяваць нашаму земляку. І там яго куля не кранула, хоць не раз са свістам пралятала зусім побач. Відаць, матуліна малітва берагла ад бяды.
Вярнуўся дадому ў 47-м. Праз тры гады ажаніўся на прыгожай дзяўчыне з Верабейкаў. Яна нарадзіла яму пяць сыноў. І пражылі разам у згодзе роўна 50 гадоў. На жаль, сёння ў жывых засталіся толькі два сына. А ўнукаў у Іосіфа Іванавіча аж дзесяць, і ўжо ёсць праўнукі.
На тым полі, якое калісьці было «паранена» выбухамі снарадаў, сёння наліваецца жыта, а ў садзе спеюць яблыкі. Адна галінка нахілілася амаль што над парогам, восенню спелыя чырвонабокія яблычкі падаюць прама на парог. 
Так вось і жыве былы франтавік Іосіф Іванавіч Казімірчык. І дай Бог яму яшчэ пажыць доўга, пацешыцца ўнукамі і праўнукамі, а таксама тым, што ён мае прамое дачыненне да сённяшняга мірнага шчаслівага дня.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ. 
Фото Григория ШИРЯЕВА.

Предыдущая статья

Дорогой поиска и открытий