banner

Гадавала матуля чатырох сыночкаў

28 Апреля’15
2005
Гадавала матуля  чатырох сыночкаўЯкая гэта радасць, калі маці на старасці гадоў можа сказаць: "У мяне такія ўдалыя дзеці. Я шчаслівая маці і бабуля”. На жаль, сёння не ўсе могуць пахваліцца такім шчасцем. Усё часцей пачуеш, што старэнькая маці становіцца непатрэбным цяжарам, і дарослыя дзеці не ведаюць, куды яе спіхнуць. Гэта горка, але так бывае.
Аднак сёння не аб гэтым, а наадварот, пра тое, як гадавала матуля чатырох сыночкаў, і выраслі яны годнымі людзьмі, маюць добрыя сем’і, і маці для іх заўсёды была і застаецца найдаражэйшым чалавекам у свеце. А расказ наш пойдзе пра Веру Канстанцінаўну Яроцкую з вёскі Манчыцы, добрую, сціплую працавітую жанчыну і шчаслівую маці. 22 красавіка ёй споўнілася роўна 80 гадоў. І хоць на гэты момант яна апынулася ў бальніцы, усё роўна пачула безліч добрых пажаданняў ад сыноў, нявестак, унукаў і праўнукаў. Шчаслівай можна сябе адчуваць і ў бальнічнай палаце, калі ведаеш, што цябе вельмі-вельмі любяць, што аб табе клапоцяцца, што цябе шануюць, як найвялікшы скарб.
Яна нарадзілася ў вёсцы Глушкі і была старэйшай у сям’і. Гэта значыць, што ёй найбольш працаваць прыходзілася: і малых даглядала, і па гаспадарцы бацькам дапамагала. І няхай сабе вялікага дастатку ў сям’і не было, але жылі дружна, бацькі любілі дзяцей, стараліся, каб выраслі яны сумленнымі і добрымі людзьмі. 
Калі Веры споўнілася шэсць гадоў, грымнула вайна. У хаце было чацвёра дзяцей: Вера, браты Вася і Пеця і маленькая сястрычка Леначка.  
Яшчэ да вайны ў вёсцы быў арганізаваны калгас, і Верынага бацьку паставілі рахункаводам. А тут немцы. Прымусілі мужыкоў з вёскі старажаваць на чыгунцы. Але аднойчы прыйшлі партызаны і папярэдзілі, што будуць падрываць чыгунку з нейкім вельмі важным нямецкім саставам. На той момант мужыкі схаваліся ў лес. Грымнуў выбух. А праз дзень прыйшлі  немцы і забралі бацьку і яшчэ некалькі мужыкоў з вёскі. 
Два тыдні здзекаваліся, білі, мучылі, але потым адпусцілі. 
У 44-м, калі немцы адступалі, спалілі ўсю вёску Бязводнікі. Глушкі не кранулі, але прыехаў солтыс і сказаў, каб усе збіраліся і ехалі ў Ломжу. Людзі пачалі ўцякаць у лес. Яны хавалі свае пажыткі ў куфры, закопвалі іх у зямлю і цэлымі сем’ямі беглі хавацца ў лес. 
Там капалі зямлянкі і жылі ў іх больш за два тыдні. А потым, калі немцаў нарэшце прагналі, вярнуліся дадому. У ліпені бацьку забралі на фронт, а ў верасні нарадзілася яшчэ адно дзіцятка, дачушка Кацярынка. Назвалі ў гонар легендарнай ”Кацюшы”. 
Скончылася вайна, тата вярнуўся інвалідам. Быў увесь пасечаны асколкамі, аднаго вока зусім не было, а другое таксама амаль нічога не бачыла. 
У жніўні 45-га пераехалі ў Манчыцы. Тут нарадзілася яшчэ чацвёра дзяцей, але адно памерла.
Арганізаваўся калгас, і Вера ў 15 гадоў пайшла працаваць паляводам. Усё прыходзілася рабіць уручную. Лён рвалі, слалі, снапы вязалі, трапалі, ды і ўсялякай другой работы хапала.
У 55-м Вера пайшла замуж за добрага вясковага хлопца Івана. Прыйшла да свякроўкі жыць, а ў тае яшчэ пяцёра дзяцей. Бацька з вайны не вярнуўся. Цяжка было маці іх гадаваць. Купілі маладыя хату ў Монтаўтах, а потым перавезлі яе ў Манчыцы. На тую пару нарадзіўся старэйшы сынок Пеця, потым з’явіліся на свет яшчэ Саша, Валера і Сярожа. 
Іван Сямёнавіч працаваў на трактары, Вера Канстанцінаўна – паляводам. Абодва мелі шмат падзяк і ўзнагарод. Паважанымі былі людзьмі ў мясцовай гаспадарцы. 
Скончылі сыны школу, пайшлі ў армію. Старэйшы ў Маскве служыў. Пасля службы там і застаўся. Саша ў Асіповічах праходзіў службу. А Валера ў Афганістане. Два з паловаю гады чакала яго маці, не перастаючы маліцца да Бога за сына. Сяргей служыў у Чэхаславакіі. 
Усе вярнуліся ўзмужнелымі, прыгожымі хлопцамі, люба-дорага было паглядзець.
Прыйшла пара жаніцца. Прывялі да маці сваіх суджаных, і адразу яны роднымі сталі. Адкрыла свякроў перад нявесткамі сваё сэрца і ніколі не пашкадавала аб гэтым.
"У мяне было чатыры сыночкі, а потым і чатыры дачушкі з’явілася, – гаворыць Вера Канстанцінаўна. – Добрыя яны, пашанцавала мне з нявесткамі. І дзетак добрых нарадзілі. Я маю тры ўнучкі і шэсць унукаў, а тыя мне падарылі шэсць праўнукаў. 
Вось толькі ў мінулым годзе не стала майго сыночка Сашы. Колькі я слёз выплакала па ім, ды і сёння яны не высыхаюць. Муж таксама памёр, яго са мной ужо 17 гадоў няма”.
Аб тым, што жыве ў Манчыцах такая жанчына, сказалі нам яе сыны, калі прыйшлі ў рэдакцыю павіншаваць любую матулю з юбілеем праз газету. З якой любоўю і цеплынёй яны расказвалі пра яе, колькі шчырых і ласкавых слоў сказалі пра свайго самага дарагога чалавека. І дай Бог ёй сустрэць яшчэ не адзін юбілей.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ.
Фота Ядвігі КОБРЫНЕЦ.

Предыдущая статья

Водители относятся к безопасности серьезно