banner

Аднавяскоўцы. Вялікія Міхалкі

20 Марта’15
1489
Вялікія Міхалкі. Вёска ў Вердаміцкім сельсавеце. Чаму носіць такую назву? Пэўна, таму, што калісьці тут было шмат Міхалаў, альбо Міхалоўскіх. Яшчэ гадоў трыццаць таму гэта была вялікая вёска, дзе ў кожнай хаце было па трое, чацвёра, пяцёра дзяцей. Дзейнічала васьмігадовая школа, у якой вучылася больш за сто вучняў. Сёння тут налічваецца 60  двароў і 90  жыхароў. Ёсць у вёсцы магазін і ФАП, бадай, самае патрэбнае для людзей на сяле. Бо засталіся тут ужо амаль адны пенсіянеры. Жывуць сяляне дружна, дапамагаюць адзін аднаму ў розных патрэбах, супольна вырашаюць розныя пытанні. Па вясне садзяць бульбу, шчыруюць у агародах, восенню збіраюць ураджаі, чакаюць дзяцей і ўнукаў. А якія тут добразычлівыя і гасцінныя людзі! Яны рады кожнаму, хто ступіць на парог, хто прыйдзе ў хату з дабром.

Аднавяскоўцы. Вялікія МіхалкіАд старасты залежыць многае


Першая госця на нашай старонцы – стараста вёскі Марыя Канстанцінаўна Шыманіца. Жанчына вельмі рухавая, старанная, працавітая і добразычлівая. У Міхалкі прыехала сямнаццацігадовай дзяўчынай. Пачала працаваць загадчыцай клуба і аддала гэтай працы амаль тры з паловаю дзясятка гадоў. Тут выйшла замуж за добрага хлопца Віктара, падарыла яму двух прыгожых сыноў. 
Жылі дружна, працы не цураліся, паважалі адзін аднаго. І вось ужо амаль сорак гадоў мінула, як звязалі яны свае лёсы. Даўно павырасталі дзеці. Абое жывуць у Ваўкавыску. Старэйшы Андрэй працуе ў Карэвіцкім лясніцтве, малодшы Сяргей – у міліцыі. Падарылі маме з татам па ўнуку, а на падыходзе яшчэ два. 
Марыя Канстанцінаўна ўжо на пенсіі, але працягвае працаваць. Яна зараз даглядае азінокіх старых, у яе на абслугоўванні чатыры бабулі і адзін дзядуля. Шмат клопатаў у жанчыны як у старасты. Трэба дбаць, каб усюды парадак быў, каб не было нараканняў з боку мясцовай улады, каб людзі не скардзіліся. 


Аднавяскоўцы. Вялікія МіхалкіПа жыцці крочаць разам


Яшчэ адна сямейная пара – Пётр Іосіфавіч і Надзея Іванаўна Петрушкевічы. Восенню яны будуць святкаваць сваё брыльянтавае вяселле. Гэта значыць, амаль шэсць дзясяткаў гадоў яны крочаць разам, і шлях той не здаўся ім доўгім. 
Дзяцінства абоіх апаліла вайна. Немцы выселілі Петрушкевічаў з роднага кутка і вывезлі ў Грынявічы. А ў сям’і дзевяць душ, браць да сябе ніхто не хоча, каму такая арава патрэбна. Паехалі ў Грынкі да сваякоў, і там тое самае. Нехта сказаў, што ў Міхалках ёсць пустыя яўрэйскія дамы, вось сюды і падаліся. 
Не лепшы лёс выпаў і на долю Надзеі Іванаўны. У вайну згарэла хата. Адна з цэлага сяла. Паспелі толькі кароўку-карміцельку вывесці з хлява. Шасцёра дзяцей без прытулку засталіся. Так на галавешках роднага дома і сядзелі. Пайшлі жабраваць, каб не памерці з голаду. Ніхто не хацеў браць да сябе, бо захварэлі дызентэрыяй, былі заразнымі. Малодшыя брат і сястра памерлі ў адзін дзень, маці ад гора і слёз свету не бачыла. Пахавалі маленькіх, а жыць трэба, падымаць тых, хто застаўся. 
Пасля вайны таксама было нялёгка, але хоць страх не вісеў над галавою. Мала-памалу стала жыць трошкі лягчэй. 
Сустракаліся Пётр і Надзея нядоўга, пабраліся і пачалі жыць. Двое добрых дзяцей выгадавалі:  дачку і сына. 
Старэйшая Зіна – у Свіслачы, малодшы Сяргей – у Ваўкавыску. У бабулі з дзядулем шэсць унукаў і столькі ж праўнукаў. 
Пётр Іосіфавіч 40 гадоў адпрацаваў механізатарам, Надзея Іванаўна шчыравала на ферме. Доўгі час кароў рукамі даілі, таму яны ў яе зараз такія спрацаваныя. Ды і спіну сагнуў час, але не адабраў прагі да жыцця і жаночага спрыту. Усё гаспадынька паспявае зрабіць. А калі што не дае рады, дык дзеці тут як тут. Нават і клікаць не трэба. Вось так і жывуць гэтыя сівыя галубкі.


Аднавяскоўцы. Вялікія МіхалкіЗ кнігамі заўсёды весялей


Марыя Васільеўна Валчуга ў мінулым настаўніца беларускай мовы і літаратуры. Амаль 35 гадоў аддала школе. Жанчына добрая і спагадлівая, вельмі любіць чытаць. Заўсёды з нецярплівасцю чакае, калі прыедзе ў сяло "бібліятэка на калёсах”, выбірае цікавыя кнігі і з захапленнем чытае. Не можа абыходзіцца Марыя Васільеўна і без прэсы, выпісвае шмат выданняў і ў першую чаргу чытае раёнку.
На жаль, даўно памёр муж, вось ужо дваццаць гадоў мінула, як няма яго на свеце. Сорак гадоў яны пражылі разам, выгадавалі трое дзяцей: дзве дачушкі і сына.
Старэйшая Людміла жыве і працуе ў Гродне, сярэдняя Таццяна – у Поразаве, а малодшы сын Валерый жыве зараз з маці. 
Падарылі дзеці матулі тры прыгожыя ўнучкі: Валю, Кацю і Анечку. Добрымі, разумнымі выраслі дзяўчынкі, цешаць бабулю сваімі поспехамі, добрымі навінамі, часта тэлефануюць, падбадзёрваюць. 
Узімку жанчына сумуе, бо няма патрэбы ў лес хадзіць, затое як пацяплее і паспеюць ягады, дык Марыя Васільеўна цэлымі днямі прападае ў лесе. Там адпачывае яе душа і не адчуваецца цяжар пражытых гадоў.


Аднавяскоўцы. Вялікія МіхалкіПрацавітыя і шчаслівыя


Любоў Міхайлаўна і Аляксандр Піліпавіч Нагроцкія вельмі хутка адзначаць 55 год з таго дня, як два іх лёсы зліліся ў адзін доўгі і шчаслівы.
Дзяцінства ў абоіх было цяжкім і бязрадасным, таму што растаптала яго вайна. Усяго дзесяць гадоў споўнілася Аляксандру, калі ў ліпені 41-га ўсю сям’ю вывезлі немцы з вёскі Немяржанкі на чужыну. Пяцёра дзяцей было ў мамы з татам. Як выжыць, уратаваць іх, чым карміць? Жылі ў маёнтку, разам з імі яшчэ чатыры сям’і-гаротніцы. Там захварэў бацька і памёр. Вярталіся дадому ў 45-м ужо без яго. Прыехалі, а хаты няма – адны галавешкі ад яе засталіся. Падаліся прытулак шукаць. Так аказаліся ў Міхалках. Цяжка было, голадна, але дзеці падрасталі, набіраліся сілы, мужнелі. Вырас і Аляксандр. Ладны хлопец быў, стройны, яснавокі. Прыгледзеў сабе нявесту Любу, і неўзабаве яны сталі мужам і жонкаю.
Аляксандр Піліпавіч шмат гадоў працаваў трактарыстам, мае ўзнагароды. Любоў Міхайлаўна столькі ж гадоў аддала працы на ферме. Таксама мае падзякі. Але галоўная радасць – дзеці і ўнукі. Двое, дачка Ала і сын Аляксандр, жывуць і працуюць у Гродне, яшчэ адна дачушка Люда – у Свіслачы. Пацешылі бацькоў трыма ўнукамі і трыма ўнучкамі, а тыя падарылі бабулі з дзядулем двух праўнукаў.
Наведваюцца дзеці з унукамі да старэнькіх часта. Дом у сям’і Нагроцкіх вялікі, светлы, двор прыгожы. Вось трошкі пацяплее, і зацвітуць каля хаты цюльпаны, іх тут відзьма-нявідзьма, і будзе тут яшчэ прыгажэй, а значыць, і на душы будзе светла-светла, як у ясны, сонечны дзень.



Аднавяскоўцы. Вялікія МіхалкіЯна жыве добрымі ўспамінамі


Анастасія Іосіфаўна Курбат пражыла на свеце 81 год. Не быў яе жыццёвы шлях высланы каляровымі тканымі дарожкамі, але яна ніколі не скардзілася на цяжкасці, працавала, як давала рады. 33 гады на ферме даіла кароў. Шмат працы было і дома. Дзякуй богу, муж шкадаваў жонку, дапамагаў ва ўсім. А ўжо што за гаспадар быў, дык такіх пашукаць. Рукі меў залатыя, да ўсяго здатныя, да ўсяго ўмелыя.
Дзве дачушкі падарыла яна мужу. Раслі добрымі, працавітымі, паслухмянымі. А прыйшоў час сваю дарогу выбіраць, абедзве ў Ленінград паехалі. Там замуж павыходзілі, дзетак нарадзілі. Старэйшая Ала – работнік сацыяльнай службы, малодшая Ніна вырошчвае грыбы. У бабулі Насці зараз тры ўнучкі і ўнук, а мінулым летам нарадзіліся двайняты-праўнучкі. Вось толькі дзед не паспеў пацешыцца маленькімі. Праз тры дні пасля іх нараджэння яго не стала. 
Пражылі муж з жонкаю душа ў душу больш за 50 гадоў. Залатое вяселле паспелі справіць...
Зараз Анастасія Іосіфаўна вельмі смуткуе без мужа і пастаянна ўспамінае, як ім добра жылося разам. Яе падтрымліваюць дзеці, унукі, часта тэлефануюць, цікавяцца пра здароўе. Яна толькі імі і жыве, а яшчэ добрымі ўспамінамі пра былое. Пра тое, як працавала ад зары да зары, як на спеўкі ў клуб хадзіла, бо вельмі прыгожы голас мела, як шумна было ў хаце ад дзіцячых галасоў, ад іх звонкага смеху.

 Ядвіга КОБРЫНЕЦ. 
Фота Грыгорыя ШЫРАЕВА.

Предыдущая статья

«А не спеть ли мне песню…»