Ціхая вёсачка, схаваная ў самым сэрцы Белавежскай пушчы, – Тушамля. Так тут хораша, так прыгожа, птушачкі заліваюцца спевам на ўсе лады. І людзі тут жывуць добрыя, шчырыя, гасцінныя, працавітыя.
А завітала я ў дом да Ганны Вікенцьеўны Серады, добразычлівай бабулькі, па дзяцінстве якой каваным нямецкім ботам прайшлася вайна. Яна апякла тады сэрца дзяўчынкі, і апёкі тыя па сёння не загаіліся. Але я паглядаю на яе і не бачу перад сабою дзевяностагадовай бабулі. Усмешка не сыходзіць з яе твару, і вочы свецяцца такой шчырай радасцю, такім неверагодна блакітным святлом. На выгляд гэтай жанчыне можна даць не больш, як семдзесят.
Я не здзіўляюся. Гэта яе аптымізм і жыццярадаснасць сціраюць з твару гады, хоць іх ужо ніхто не здолее сцерці з жыцця і з памяці.
Пачуўся грукат у дзверы
Ганначка Бількевіч (Ганна Цімафееўна Серада) нарадзілася 20 красавіка1935 года за шэсць гадоў два месяцы і два дні да вайны ў вёсцы Масева. Бабуля пачынае свое аповед:
– Нас у мамы пяцёра было, я – чацвёртая, пасля мяне яшчэ брацік нарадзіўся маленькі. Немцы хутка да нас прыйшлі. Вайна толькі пачалася, а яны ўжо тут былі. Страшныя такія, з аўтаматамі, рукавы закасаныя, і боты грукаталі па вуліцы. Той грукат недзе ў галаве адгукаўся, і мы баяліся вельмі, каб да нас не прыйшлі. Недарэмна баяліся. Неяк у пятніцу мама хлеб расчыніла. Раніцай збіралася ўжо спячы, але не паспела. Мы, дзеці, яшчэ спалі, мама з татам толькі падняліся. Пачуўся грукат у дзверы. Тата пайшоў адчыняць, а там – немцы на парозе. Загадалі сабрацца за дзве гадзіны ў дарогу. Бацьку дазволілі ўзяць падводу, карову, што-небудзь з адзення і трохі прадуктаў. А маме і нам, малым, сказалі ісці на школьны двор, дзе машыны чакаюць.
Слухаю бабульку, спрабую ўявіць сабе тую карціну. За дзве гадзіны трэба было пакінуць хату. І ніхто не ведаў тады, што гэта назаўсёды. Мітусня пачалася ў хаце. Гаспадыня не ведала, што хапаць, цеста стаяла ў дзежы, а хлеба зусім не было ў хаце. Што можна было ўзяць? Нешта з адзежы схапілі, малака крышку і пайшлі да тых машын. Там ужо шмат людзей сабралася, уся вёска. Дзеці плакалі, жанчыны галасілі, немцы лаяліся. Страх! Пазаганялі ўсіх у тыя машыны. Прывезлі людзей пад Хрышчонавічы і там прама ў полі выкінулі. Сказалі : “Ідзіце, куды хочаце, толькі не дахаты”.
Бабуля працягвае:
– Што рабіць? Дзе прытулку шукаць? Мы галодныя былі, змучаныя. Хлопчык на руках у мамы плача, есці просіць. Пайшлі мы ў Хрышчонавічы. Там нас адна гаспадынька прыняла, накарміла. Потым тата прыехаў да нас. Мы, дзеці, па вёсцы хадзілі, жабравалі. І не толькі мы, там, у Хрышчонавічах, усё Масева было, і мала ў каго была ежа, бо ўсе, як і мы, за дзве гадзіны вымушаны былі сабрацца.
Вёска агнём палала
З вёскі тады ўсе гаспадары ехалі, кожны са сваёй падводаю. Кароў дазволілі ўзяць, а ўся астатняя жыўнасць засталася. Ішлі падводы, каровы, прывязаныя, пляліся за імі, а вёска ўжо агнём палаць пачала. Адна страха занялася полымем, другая, трэцяя. Плакалі дзеці. Было страшна, яны не разумелі, за што спалілі вёску, чаму ўсіх павыганялі.
– Я не памятаю, колькі мы былі ў тых Хрышчонавічах, – працягвае Ганна Вікенцьеўна. – Маміна сястра – цётка Насця – дазналася, дзе мы, і прыехала, каб нас забраць да сябе. Яна тады ў Грынках жыла. Хата ў яе невялікая была. Акрамя нас семярых, яшчэ і брат мамін жыў. Цесна было вельмі. Мама пайшла па сяле шукаць, каб дзе прытулак які знайсці. Сустрэла аднаго добрага чалавека. Той пусціў нас у старэнькую хату ў Глушках.
Жылі ў страху да вызвалення
У Глушках, як і ўсюды, гаспадарылі немцы. Хадзілі па хатах, забіралі яйкі, малако, масла. Увесь час папярэджвалі, каб ніхто з партызанамі не звязваўся, бо адразу расстраляюць. Але партызаны ўсё роўна прыходзілі ў вёску, людзі давалі ежу, цёплае адзенне, падтрымлівалі народных мсціўцаў. Аднойчы нехта-такі выдаў, што наведваюцца ў вёску партызаны. Тады ўсіх мужыкоў вывелі з хатаў, паставілі ў рад на дарозе і прымушалі прызнацца, хто менавіта дапамагае партызанам, іначай расстраляюць усіх. Але ніхто не прызнаўся. І, на шчасце, нікога не расстралялі.
– Дзеці па хатах хадзілі, есці прасілі. Маці з бацькам таксама па вёсках шукалі якой працы за кавалак хлеба, за любую ежу. Вось так жылі да самага вызвалення. У жніўні 1944-га бацьку прыйшла павестка ісці на фронт. Ён з другімі мужыкамі пайшоў у Свіслацкі ваенкамат. Босы быў, абутку не было ніякага. Па дарозе збіў сабе ногі аб камяні. Паглядзеў ваенком на гэта і адпусціў яго дадому, – успамінае Ганна Вікенцьеўна. – Нарэшце прагналі немцаў, і можна было вяртацца дадому. А дзе той дом? Ад усёй вёскі адны галавешкі засталіся, і толькі паўразваленыя печы ў рад стаялі. Напамінак аб тым, што тут людзі жылі. Тады не толькі наша Масева спалілі, а яшчэ Тушамлю і Ціхаволю. Тры пушчанскія вёскі з агнём пайшлі. У Тушамлі застаўся адзін вялікі дом. У час вайны ў ім немцы стаялі. Можа, які штаб там быў. Вось усе мы, масеўцы, у тым доме і пасяліліся. Восенню салдаты прыехалі, пагранічнікі, ім таксама там месца знайшлося. Настаўнікі прыехалі – і іх там пасялілі. Якісь беспамерны дом быў.
Тата з братамі назбіралі кавалачкаў цаглінак, знайшлі нейкі склеп, зляпілі ў ім печку і мы перасяліліся туды. А на хутары пачалі будаваць хату. Мне трэба было ў школу ісці ў Ціхаволю. У выніку толькі адзін клас скончыла, бо больш не было магчымасці вучыцца.
І атрымалася сям’я
Аднойчы Ганна пазнаёмілася з хлопцам Сцяпанам. Ён быў родам з Папялёва, а сюды да сястры прыязджаў. Спадабаліся адзін аднаму і ў 1957-м годзе пажаніліся. Дзвух сыночкаў – Фёдара і Віктара і дзвюх дачушак – Марыю і Людмілу падарыла Ганна мужу.
Ганна Вікенцьеўна доўгі час працавала на ферме, гадавала цялят. Потым, калі закрылі цялятнік, была качагарам на заставе. Муж працаваў лесніком. Бацька Ганны збудаваў дом, у якім і сёння жыве бабуля Ганна. Ён быў умелым, меў залатыя рукі, усё мог зрабіць, на што ні гляне.
А Ганна акрамя таго, што змалку ўмела ткаць, прасці, шыць, вышываць, вязаць пруткамі і шыдэлкам, выпякала пірагі, якія на ўсю акругу славіліся. Шмат вяселляў адгуляліся з пірагамі Ганны Серады. І не толькі вяселлі. Як Ганна Вікенцьеўна выйшла на пенсію, выпякала караваі на ўсе святы, якія праводзіліся ў Ціхавольскім клубе, удзельнічала ў розных мерапрыемствах. Гэта менавіта Ганна Вікенцьеўна завяла добрую традыцыю на ўсіх святах частаваць вяскоўцаў і гасцей караваем. Яшчэ два гады таму выпякала іх на свята “Сустрэча з землякамі”. Работнікі культуры вельмі ўдзячны бабулі за такі актыўны ўдзел, за яе спраўныя рукі, за добрае сэрца.
У красавіку Ганна Вікенцьеўна адзначыла 90-гадовы юбілей. З такой нагоды работнікі Ціхавольскага клуба-бібліятэкі прыехалі да яе з віншаваннямі, кветкамі, падарункамі, песнямі. Ах, якой радасцю свяціліся вочы бабулькі! Як прыемна было пачуць ёй цёплыя пажаданні жыць яшчэ доўга-доўга і абавязкова сустрэць векавы юбілей.
Так хочацца, каб усе гэтыя пажаданні абавязкова збыліся. Каб яшчэ доўга білася яе такое адкрытае, шчырае сэрца, каб цешыліся сыны, дачка, унукі, праўнукі сваёй бабуляй.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ