Пад такой назвай распачаўся цыкл вечароў-сустрэч з нашымі аднавяскоўцамі – равеснікамі Перамогі. На працягу ўсяго юбілейнага года мы будзем расказваць пра розныя людскія лёсы. Першая такая сустрэча адбылася 20 лютага.
З дапамогай мультымедыйных фільмаў вядучая расказала аб жыццёвым шляху Алены Мікалаеўны Калач, кавалера ордэна "Знак Пашаны”. А таксама Леаніда Іванавіча Каласоўскага, былога дырэктара школы, і Галіны Яфімаўны Сцепанчук, якая праз усё жыццё пранесла ўспаміны аб родных і блізкіх, што не вярнуліся з вайны.
У гонар юбіляраў гучалі цёплыя шчырыя словы, песні і вершы.
***
Галя Ласько (Галіна Яфімаўна Сцепанчук) нарадзілася марозным ранкам у пачатку лютага 1945 года. Вёска Дабраволя паціху прывыкала да мірнага жыцця. Людзі будавалі новыя дамы, гаманілі аб вясне, пераглядваючы невялікі запас зерня і бульбы. На душы было радасна: савецкія войскі гналі фашыстаў на Захад. Набліжаўся час Перамогі.
З вайны не вярнуліся двое бацькавых братоў Тарас і Васіль.
Галя ў шэсць гадоў пайшла ў школу, а ў шаснаццаць паехала паступаць у Гродзенскі кааператыўны тэхнікум. Свае першыя працоўныя крокі рабіла ў адной з вёсак каля Баранавічаў.
Сёння ў яе больш за 38 гадоў стажу. Усё жыццё працавала бухгалтарам.
У 1967 годзе Галіна выйшла замуж за прыгожага хлопца Мікалая Сцепанчука і пераехала жыць у Грынкі. Мікалай прывёз жонку ў невялікі бацькоўскі дом, дзе іх чакала адна толькі маці, Таццяна Спірыдонаўна. Муж яе загінуў у верасні 1944-га.
З цягам часу Галіна Яфімаўна і Мікалай Іосіфавіч пабудуюць свой дом, выгадуюць траіх дзяцей і адправяць іх у добры шлях.
Дачка Святлана скончыла Гродзенскі кааператыўны тэхнікум. Зараз працуе ў Грынках.
Сын Мікалай адслужыў у арміі, стварыў сваю сям’ю, ва ўсім падтрымлівае матулю.
Мікалая Іосіфавіча не стала ў 1994 годзе. З тых пор Галіна Яфімаўна жыве адна. Добра, што дзеці побач, унукі, адзін з іх, Аляксей, вучыцца ў Ваеннай акадэміі ў Мінску.
Больш за 40 гадоў Галіна Яфімаўна добра пражыла разам са сваёй свякроўю, чалавекам мудрым і працалюбівым. Жанчыны ладзілі паміж сабой. Яны заўсёды беражліва захоўвалі памяць аб сваіх родных, якія аддалі жыццё за светлы Дзень Перамогі.
Марыя САМАЛЕВІЧ,
аг. Грынкі.