– Што памятаю з вайны? О! Шмат чаго! У вёску немцы прыязджалі часта. Солтыс хадзіў па хатах, яйкі збіраў, масла. Нядобры быў чалавек, нікога не шкадаваў.
У нас па-суседску жыла сям’я Худзікаў, тры сыны ў іх было. Малодшаму Янку толькі пятнадцаць гадоў споўнілася. Дык той солтыс загадаў яму ў Германію збірацца. Колькі маці яго плакала, маліла, каб пашкадаваў сына, бо яшчэ зусім малады, нічога не ўмее. А той нібы не чуў і не бачыў матчыных слёз.
У солтыса парабак быў Міша, дык ён пашкадаваў Янка, сказаў яму, каб не хваляваўся, што сам замест яго паедзе ў Германію. Маўляў, і тут я парабак, дык і там буду працаваць. Маці Янкава гатова была ногі Мішы цалаваць. Сабрала яму ежы ў торбачку і выправіла з благаславеннем. А солтыс даведаўся, дагнаў Мішу і вярнуў. Прыйшлося Янку ехаць на чужыну. Ды і не толькі яму. Шмат каго тады забралі ў Нямеччыну, і не ўсе вярнуліся.
А старэйшага сына Худзікаў немец застрэліў. Ён у жыта бег хавацца, а немец за ім. Дагнаў і расстраляў з аўтамата. Што тая маці вырабляла, як яна енчыла, як прычытала, пасівела ўся, як голуб.
Мамінага брата яшчэ перад вайною ў армію забралі. Ён ужо жанаты быў, сыночак нарадзіўся. Толькі пайшоў, і вайна пачалася. Прыслалі паперу, што прапаў без вестак. Жонка нават ніякай дапамогі не атрымлівала за яго.
У мяне сястрычка нарадзілася ў 44-м, у сакавіку. А ў ліпені што тут рабілася! Сапраўднае пекла было, страляніна, выбухі, пажары. Мы хаваліся ў склепе, ён і зараз стаіць. Страшна было, я і сёння памятаю адчуванне таго страху, аж рукі нямелі і голас прападаў.
Шмат тады салдатаў палягло. Мой тата канём ездзіў, дапамагаў іх збіраць, а потым хаваць. Тут у нас за лугам вялізная брацкая магіла была.
Пасля вайны прыязджалі ваенныя і пыталіся, які быў солтыс, ці не крыўдзіў каго? Дык хто маўчаў, а хто праўду гаварыў. А жонка хадзіла па хатах і прасіла, каб падпісалі, што ён добры быў. Людзі пашкадавалі, некаторыя падпісаліся, але не ўсе. Забралі яго, далі шмат гадоў турмы. Потым вярнуўся. Доўга яшчэ жыў.
Гэтыя дзве жанчынкі шмат гадоў жывуць у адной вёсцы. Добрыя, сціплыя, працавітыя. І адна і другая праводзяць час у адзіноце, але дзеці і ўнукі не забываюць пра іх: часта наведваюцца, штодзень тэлефануюць, пытаюцца, як здароўе, ці чаго не трэба. А ім чаго трэба? Каб здароўе Бог паслаў, ды каб у дзяцей усё добра было. А яшчэ каб мір быў, каб не грымелі выбухі ды стрэлы, каб не было страшна за заўтрашні дзень.
Фото Григория ШИРЯЕВА.