– Нас у мамы было трое: я, старэйшая сястра Яня і малодшы брат Павел. Ён у 40-м годзе нарадзіўся.
Як вайна пачыналася, я не помню, у памяці толькі страх застаўся. Калі немцы наязджалі ў вёску, то нас мама хавала, каб мы носу не паказвалі на вуліцу. А яшчэ помню, як мама з татам у гумне адзенне хавалі, каб немцы не забралі. Выкапалі яму, вылажылі саломаю, палажылі туды што было лепшае і зямлёю прыкрылі, а зверху таксама саломаю прысыпалі.
Пасля, калі немцы ўжо адступалі, то шмат чаго памятаю. Страляніна была страшэнная. Мы ў яме хаваліся. А з намі суседка была Людвіка Вашчыловіч з унукамі. Нехта раптам кажа: "Хата гарыць”. Людвіка высунулася з ямы і пачала крычаць: "Гэта мая, мая! Там у мяне сыры, сыры трэба забраць!” Выскачыла з той ямы і пабегла, а тут немец з кулямёта па ёй секануў. Яна ўпала, а потым аказалася, што кулі разрэзалі напалову нацельныя абразкі з выяўленнем Маці Божай, што віселі на шыі, а жанчыну толькі паранілі. Так Маці Божая выратавала яе ад смерці. Потым жанчына, колькі жыла, столькі берагла тыя абразкі, часта паказвала і расказвала пра той выпадак.
Немцы карову нашу забралі і пагналі да Свіслачы. Потым мы сваю кароўку знайшлі і прывялі назад.
Яшчэ памятаю, як чалавека забілі, ён быў чарнявы, падобны да яўрэя. Пайшоў чагось на гасцінец, а там – немцы. Вось і застрэлілі. У яго дзве дачкі было і сын. Я помню, як старэйшая Яня енчыла каля печкі-кахлёўкі: "Татачка, татачка, як мы без цябе будзем!”
Было шмат забітых салдатаў. Тата шукаў у гімнасцёрках адрасы і потым лісты пасылаў іх родным, каб ведалі хоць, дзе пахаваны. Іх звозілі з усіх бакоў і хавалі ў вялікай яме паміж Відзейкамі і Бортнікамі. Потым, ужо пасля вайны, перазахоўвалі ў Свіслачы.
Я малая была, здавалася б, можна было і забыцца за столькі гадоў, а так ясна памятаю, як ляжалі тыя забітыя, маладыя зусім, шкада было, выказаць не магу.
А яшчэ вельмі шмат коней было забітых. Яны ляжалі каля гасцінца, паўспухалі, а на двары ліпень быў, горача.
Вось такая была "мая” вайна. Шмат чаго адразу і не прыпомніш, а часам сядзіш і ўспамінаецца то адзін эпізод, то другі. Кіно пра вайну глядзець не магу, адразу думкамі ў дзяцінства вяртаюся. Цяжка было. Ды і пасля вайны нялёгка прыходзілася ўсім. У нас, дзякуй богу, і мама, і тата былі жывыя, а колькі дзяцей вайна асіраціла. Вось ім хапіла бяды: і голад, і холад, і пажаліцца не было каму. Не дай, Божа, вайны! Няхай ні ўнукі, ні праўнукі не ведаюць, што гэта такое.
Фото Григория ШИРЯЕВА.