
Пачалася сустрэча частаваннем гасцей караваем. Кожны з прысутных адведаў кавалачак смачнага пірага, спечанага работнікамі бібліятэкі. Перш чым даць слова фальклорнаму калектыву "Вясёлка” Малабераставіцкага Дома культуры, загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі цэнтральнай раённай бібліятэкі Алена Рабчанка і бібліятэкар Святлана Калачык расказалі аб тым, якую ролю для нашых продкаў выконваў ручнік. Правялі віктарыну па вуснай народнай творчасці, прапанаваўшы самыя цікавыя загадкі, прыказкі, прымаўкі і скорагаворкі. Гаварылі яны і пра тое, як важна ведаць фальклорныя творы, у якіх адлюстравана гісторыя беларускага народа. Вусная народная творчасць у свой час адыграла вялікую ролю ў нацыянальнай самасвядомасці беларусаў, паўплывала на развіццё літаратуры і мастацтва, а сёння мае вялікае значэнне ў фарміраванні духоўнага выхавання падрастаючага пакалення.
Эстафету ад гаспадароў перанялі госці з суседняга раёна. Удзельнікам мерапрыемства было не да смутку: яны хутка падхоплівалі знаёмыя мелодыі ў выкананні фальклорнага калектыву "Вясёлка”, які дарыў народныя песні "Ой гаралі хлопцы ніву”, "Гыля, гыля, шэры гусі”, "Былі ў мяне сваты”, "А ў полі вярба нахілёная”, "А як дзед з бабай пайшоў па каліну” і іншыя. Гучнымі апладысментамі аўдыторыя падтрымала гумарэску, прывезеную суседзямі.
Дырэктар цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Н. У. Калач падзякавала фальклорнаму калектыву за прыемна праведзеныя хвіліны, пажадала поспехаў на яго творчым шляху і прапанавала не губляць сяброўскія сувязі і ў будучым.
Алена КЕДЗІК
(тэкст і фота).