banner

Шлях, даўжынёю ў жыццё

22 Ноября’14
1378
Шлях,  даўжынёю ў жыццёМікалая Міхайлавіча Лобача падчас свайго візіту я застала за чытаннем газет. З даўняе пары ў яго засталася добрая прывычка – чытаць-перачытваць свежую прэсу. Раней любімымі яго газетамі былі "Правда” і "Известия”, зараз перавагу аддае раёнцы ды "Советской Белоруссии”. И хоць за плячыма больш за 80 – ён заўсёды хоча быць у курсе падзей.
Нарадзіўся Мікалай Міхайлавіч у Грынках у верасні 1934 года. Мо, таму і па сённяшні дзень вельмі любіць восень – час падвядзення вынікаў працы. Ён радуецца багатаму ўраджаю і добра накрытаму сталу ды строіць планы на вясну. Яму вельмі па сэрцу бясконцая кругаверць сялянскіх спраў. 
І маці, і бацька былі людзьмі паважанымі ў вёсцы, працавітымі і сціплымі. Дзякуючы залатым рукам бацькі Міхаіла Мікітавіча – на  той час знакамітага пячніка – у хаце быў заўсёды кусок хлеба: за працу разлічваліся ў асноўным зернем. Маці – Лідзія Аляксееўна – засталася ў памяці клапатлівай вясковай жанчынай – ніколі не сядзела без справы, усё некуды спяшалася, то дапамагала родным, то суседзям.
Мікалай Міхайлавіч добра памятае першыя дні вайны. Вясковая дзетвара выбягала на вуліцу і з цікаўнасцю паглядала на немцаў, якія ішлі і ішлі праз вёску. Ціхенька смяяліся паміж сабою над чужой мовай, над нямецкім адзеннем, дражніліся ў дагонку… Вельмі хутака гэта цікавасць знікла. На змену ёй прыйшоў страх – вёска ціха гаравала па расстраляных…
Усё перажылі. Дзякаваць Богу, з вайны вярнуўся бацька, інвалід ІІ групы. Тая пераможная вясна вельмі пахла сырой зямлёй і кветкамі бэзу… Жыццё паціху наладжвалася. За плячамі ў Мікалая ўжо семігодка, а вось ён і калгаснік. Як і яго сябры, уступае ў камсамол, а потым ідзе ў армію. Служыў на Урале. Сюды і прыйшла вестка аб смерці бацькі. Ён памёр у Прыбалтыцы, калі быў там у санаторыі. Праз шмат гадоў Мікалай Міхайлавіч збярэцца ў далёкі шлях, каб пакланіцца яго магіле, але так і не знойдзе яе.  
З жонкай Марыяй пазнаёміўся на вяселлі ў сябра Андрэя Сахарчука. Каханне да прыгожай Марыі з Міхалак успыхнула, здаецца, у адно імгненне. Убачыў яе вясёлую, прыгожую… і сэрца закалацілася часцей. Прыйшлося паваяваць за сэрца каханай з мясцовымі хлопцамі. 
І ўсё ж у кастрычніку 1958-га Марыя стала яго жонкай. Нарадзілі траіх дочак. Галіна, Тамара і Лідачка раслі добрымі і паслухмянымі. Зараз  Мікалай Міхайлавіч і Марыя Піліпаўна  добра разумеюць: самае галоўнае на свеце – гэта сям’я. 
Марыя Піліпаўна – жанчына вельмі спрытная, рухавая. Пры пастаяннай занятасці мужа – працаваў намеснікам старшыні калгаса, сакратаром партарганізацыі, старшынёй прафсаюзнага камітэту – увесь дом і хатняя гаспадарка былі на яе жаночых плячах. 
У 1968 годзе Мікалай Міхайлавіч скончыў Магілёўскую партыйную школу і вярнуўся ў родны калгас намеснікам старшыні па культурна-масавай рабоце. Праз два гады ўзначаліў вытворчы ўчастак. Чулы і ўважлівы, патрабавальны да сябе і да іншых, ён умеў працаваць. Менавіта ў 70-80-е гады калгас імя А. Неўскага быў адзін з лепшых па вырошчванню ільну. Безумоўна, у гэтым была і заслуга М. М. Лобача. За добрасумленную працу ў снежні 1973 года ён атрымлівае ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга. 
На якой бы адказнай пасадзе ні працаваў Мікалай Міхайлавіч, заўсёды адносіўся да справы шчыра і добрасумленна. Усё, што было заложана ў дзяцінстве бацькамі, ён не разгубіў на дарозе жыцця. А яны яго вучылі ў розных сітуацыях заставацца чалавекам.
Праляцелі гады, нібы птушкі. Старанна паліць восень апаўшую лістоту, горыччу пахне дым… Часам горка і на душы ў Мікалая Міхайлавіча ад таго, што, можа, нешта не даглядзеў у сваім жыцці, камусьці не сказаў добрае слова, не здолеў некаму дапамагчы… 
Павырасталі дачушкі. Кожнай з іх бацька з маці дапамагалі, як маглі. Калісьці ўтульная хата Лобачаў звінела звонкімі галаскамі дзяцей, а цяпер у ёй шумна, калі збіраюцца разам унукі і праўнукі. Амаль усе яны сабраліся на юбілей клапатлівага бацькі і любага дзядулі ў мясцовы Дом культуры. Колькі ж цёплых і шчырых слоў было сказана яму, колькі прачытана вершаў і праспявана песень. Хіба можна сказаць, што жыццё праляцела? Не. Яно працягваецца ў дзецях і ўнуках.

Марыя САМАЛЕВІЧ, 
аг. Грынкі.

Предыдущая статья

Будьте предельно осторожны!