banner

Скрыжаванні

13 Октября’14
1982
 
Выскачыўшы з кафэ, Таццяна зразумела, што паехаць у офіс, як збіралася, яна ў  такім стане не можа – заўсёды ўпэўнены ў сабе дырэктар на гэты раз проста не ведала, што гаварыць людзям, якія з нецярплівасцю чакалі ад яе вестак аб будучым іх прадпрыемства. Яна і сабе не магла адказаць на тыя пытанні, якімі, разумела, засыплюць пры сустрэчы яе супрацоўнікі: хто зараз з’яўляецца ўласнікам іх фірмы, ці застаецца яна дырэктарам, ці будзе ў людзей праца і заробак, чым яны стануць займацца ў бліжэйшы час? Каб жа ёй хто пра гэта расказаў…
Яна злавіла таксі і назвала хатні адрас – больш за ўсё зараз ёй хацелася застацца адной, прывесці ў парадак думкі і пачуцці, усвядоміць, што адбылося, і вырашыць, што рабіць далей. 
Найбольшым жаданнем было вярнуцца назад і плюнуць у твар гэтаму дабрадзею, адмовіцца ад яго шчодрага падарунка. А затым? Затым уладкавацца куды-небудзь на працу –  тэхнолагам ці загадчыкам вытворчасці, яна б лёгка справілася з гэтымі абавязкамі, і жыла б, і дзяцей сваіх гадавала, і маму б дагле­дзела – жывуць жа людзі і пры меншых даходах. І яна некалі жыла, і дзяцей падымала, калі нават не мела за што ім купіць лішнюю цукерку. І зараз не прападзе…. 
Калі б гэта было іншае прадпрыемства – яна б абавязкова так і зрабіла… Калі б гэта была не яе фірма, для якой яна выбірала першую швейную машынку, прыдумвала назву, тыднямі блукала па кабінетах, дамагаючыся адкрыцця, каб не радавалася, як дзіця, іх першаму паўпадвальнаму памяшканню, у якім сама кроіла сукенкі і касцюмы. Гэта яшчэ адно яе дзіця, яна стварала гэтую фірму з нуля – яны з Валодзем стваралі…
 Але ж гэта не перашкодзіла яму кінуць усё – яе, людзей, справу, прадпрыемства, прычым кінуць ва ўсіх сэнсах гэтага слова, забраўшы ўсё да капейкі, пакінуўшы іх без сродкаў для існавання. Чаму ж яна не можа так зрабіць – думаць толькі пра сябе? Прычым не ўкрасці грошы ў сваіх паплечнікаў, як зрабіў гэта яе былы кампаньён, не падмануць людзей, а проста адысці ў бок, зрабіць выгляд, што ёй няма да гэтага ніякай справы… А вось жа не можа… Канешне, не прападзе тая Міхайлаўна, якая не звальнялася, чакала яе, бо не магла кінуць свайго дырэктара, знойдзе ўрэшце нейкую працу… І балбатлівая Наташка – таксама… І швачкі – канкурэнты з рукамі адарвуць такіх прафесіяналаў. Але ж не звальняліся жанчыны, спадзяваліся на нешта… Ды што там "на нешта” – найперш на яе, дырэктара. Яны трывалі, шчыра спачувалі яе гору, не маглі кінуць свайго кіраўніка ў такую хвіліну… 
А яна, выходзіць, можа кінуць іх усіх? Пакінуць іх сем’і без сродкаў для існавання, адабраць у тых, хто некалі паверыў ёй, працаваў амаль што бясплатна, за надзею, што неўзабаве ўсё наладзіцца, самае дарагое – веру ў чалавечую прыстойнасць, у людзей? З-за  таго, што гонар не дазваляе ёй прыняць падачку ў чалавека, які некалі прычыніў ёй столькі болю? 
А чаму, зрэшты, падачку? І чаму – не можа? Што там Саша гаварыў ёй услед, калі яна, з усіх сіл стараючыся не расплакацца перад ім, шыбавала да выхаду? Што гэта – кампенсацыя за тое гора, што ён ім прычыніў? Ну вось і трэба ўспрымаць гэта менавіта як кампенсацыю. Хай будзе так…
Ад разваг яе адарваў тэлефонны званок. Таццяна спалохана здрыганулася – яна ўжо баялася тэлефонаў, яны апошнім часам прыносілі ёй толькі дрэнныя весткі. Але праз момант усміхнулася: мелодыя мабільніка паведамляла, што тэлефанаваў Юра. Яго званка яна чакала найбольш, ён быў патрэбен ёй, як ніколі! Гэты званок быў першым з таго часу, калі ён спехам, не пагаварыўшы з ёю толкам, паехаў у суседні  горад. Але Таня разумела, што ў яго цяпер таксама не самы лепшы час, і не крыўдавала. Зараз яна ўзрадавалася: ну вось, нарэшце… Юра – ён такі разумны, дальнабачны, памяркоўны, і ён яе разумее, як ніхто. Ён абавязкова дапаможа ва ўсім разабрацца, растлумачыць, параіць, што рабіць, як сябе паводзіць у гэтай сітуацыі…
Голас у Юры быў стомлены і нейкі чужы. Яна не рашылася адразу ж, як хацела, выплюхваць на яго свае пытанні і праблемы.
– Ну як ты там? Што новага? – спытала найперш.
– Дрэнна ўсё… –  уздыхнуў ён. – Горш, чым я мог сабе ўявіць…
– Госпадзі, што яшчэ здарылася?
– Зоя памерла сёння ранкам. Пахаванне заўтра…
– Божа, –  толькі змагла вымавіць яна, спрабуючы здагадацца, што адчувае ў гэтую хвіліну ён, яе каханы чалавек, які некалі любіў тую жанчыну, якой зараз не стала і якая нарадзіла яму сына... 
– А як Вадзім? – спытала праз хвіліну.
– Вельмі дрэнна… –  уздыхнуў Юра. –  Увогуле, Таня, мне табе трэба столькі расказаць… Але не зараз, не па тэлефоне. Я прыеду праз дзень ці два, і тады аб усім пагаворым.
– Так, пагаворым, –  рэхам адгукнулася Таццяна, успомніўшы, што яшчэ хвіліну назад яна сама хацела пагаварыць з Юрам, прасіць яго падтрымкі і парады.
Юра, здаецца, адчуў, што расказваючы пра свае праблемы, нічога не спытаў пра яе справы.
– А што ў цябе? – спахапіўся ён. – Што з фірмай?
– З фірмай? 
Таццяна сумелася – столькі ўсяго адбылося з таго часу, як яны гаварылі апошні раз… З чаго пачаць размову: з ад’езду Валодзі, з весткі аб сваёй цяжарнасці, з прапановы Сашы? Усё важнае, усё – галоўнае, і ўсё – не для гэтай завочнай размовы. Ёй трэба бачыць яго вочы…
– Юра, мне таксама трэба многае табе расказаць. Але таксама – не па тэлефоне. Прыязджай хутчэй, –  амаль прашаптала яна. – Мне так цябе не хапае…
– Мне таксама, – голас у яго, як падалося Таццяне, быў вінаваты…
* * *
Назаўтра офіс сустрэў Таццяну растрывожаным гулам галасоў. Але ўсе, убачыўшы дырэктара, змаўкалі і глядзелі на яе ва ўсе вочы, як на жывы прывід. І ў кожным позірку было нямое пытанне: што з намі будзе далей?
– Наташа, збяры, калі ласка, праз трыццаць хвілін у актавай зале ўсіх супрацоўнікаў, – сказала яна, пераступіўшы парог прыёмнай. –  Цэх, калі там хто ёсць, таксама пакліч. Годзе ўжо вам плёткі збіраць ды перадаваць. Я сама адкажу на ўсе вашы пытанні, з усёй шчырасцю.
У сваім кабінеце яна перш за ўсё ўключыла камп’ютар і адкрыла праграму "кліент-банк” – з надзеяй і страхам. Учарашнія нулі сёння змяніліся даволі прыстойнай сумай. 
"Так, –  прыкінула ў думках Таццяна. – З падаткамі ў гэтым месяцы разлічыцца хопіць. За электраэнергію заплаціць – таксама. Гэта добра, абыдземся без пені. Зарплату давядзецца заплаціць мінімальную. Нічога, думаю, людзі згодзяцца пачакаць, калі да гэтага часу не разбегліся. Штрафныя санкцыі палякам… Ну, дадуць жа яны нейкі час для іх выплаты, не заўтра ж давядзецца пералічваць? Вернецца тая партыя, што адправілі ім, трэба будзе паглядзець, што там нашылі ў маю адсутнасць… Можа, усё ж можна будзе куды-небудзь усё гэта прыстроіць, хай сабе па сабекошту ці нават са стратамі, але ж, як кажуць, з паршывай авечкі хоць воўны клок. Але гэта – заўтра-паслязаўтра, калі вернецца заказ. А сёння найперш трэба знайсці новага бухгалтара. Пытанне: каго? Ды каб чалавек адразу, без прамаруджвання ўліўся ў справу – часу на знаёмства і адаптацыю ў нас няма. Можа, папрасіць Люду вярнуцца, хоць часова, хоць не на поўны дзень, пакуль яны знойдуць іншага чалавека? Тым больш, што знайсці некага на замену дэкрэтнага не так і проста. А Люда –  яна ж з маці жыве, а тая, здаецца, ужо на пенсіі, можа, паглядзіць дзіця? Трэба пагаварыць, Люда – дзяўчына талковая, прыстойная, можа, і пагодзіцца выручыць. Ці хоць бы параіць каго-небудзь… Але самае галоўнае і самае цяжкае – вярнуць Святлану. Любымі шляхамі, на любых умовах, на любую зарплату, якую папросіць! Такога мадэльера ў горадзе больш няма – ва ўсякім выпадку, яна не ведае нікога, роўнага ёй. І як Валодзя мог адпусціць такога спецыяліста – зноў успомніла яна нядобрым словам ранейшага кампаньёна. Калі ўдасца вярнуць Святлану, то мы вельмі хутка зможам распрацаваць арыгінальныя мадэлі для расіян і славакаў, запусціць у лінію новыя заказы – і тады нават штрафныя санкцыі палякаў будуць не страшныя. У любым выпадку, дзякуй табе, Саша, – мо ўпершыню падумала яна пра сваё першае каханне з цеплынёй і прызнаннем. – Ты прабач – мусіць, я сапраўды думала аб табе горш, чым ты ёсць на самой справе. Крыўда юначая не дазваляла думаць інакш. І за сына прабач – мусіць, ты сапраўды меў права звацца яго бацькам. Я не толькі цябе пазбавіла гэтага права, але і сына – бацькі… Але што ўжо зараз гаварыць… Не вернеш назад ні Васю, ні таго, што зроблена. А за фірму – дзякуй. Вось ужо сапраўды не ведаеш, каму верыць, на каго спадзявацца. Чалавек, якога я лічыла самым верным і надзейным сябрам, забраў у мяне ўсё. А той, каго лічыла нягоднікам і здраднікам, дапамог вярнуць, выцягнуць, лічы што з бездані, справу майго жыцця, якую я ўжо лічыла, што канчаткова страціла. "Дзякуй, Саша”, –  яшчэ раз у думках падзякавала яму, чалавеку са свайго мінулага жыцця, і накіравалася ў актавую залу, дзе ўжо сабраўся ўвесь не вельмі шматлікі калектыў – ад сакратаркі да прыбіральшчыцы.
Цішыня ў зале стаяла такая, што было чуваць дзынканне на аконнай шыбіне ажыўшай пасля ўключэння ацяплення мухі. Усе глядзелі на дырэктара і чакалі, што яна скажа. 
Таццяна таксама маўчала – даўкі камяк падступіў да горла: тут і цяпер сабраліся людзі, якія не пакінулі фірму, яе, свайго дырэктара, нават калі бачылі, што яна ідзе на дно…
Першай не вытрымала Наташка:
– Таццяна Аляксееўна, дык скажыце нам нарэшце: што з намі будзе?
І ўслед за ёй жанчыны – а іх у калектыве была пераважная большасць –  загаманілі наперабой:
– Гэта праўда, што ў нашай фірмы цяпер іншы гаспадар?
– Нам што, трэба звальняцца?
– А вы  застаяцеся, Таццяна Аляксееўна?
– А хто ён, той чалавек, што купіў нашу фірму? Навошта яна яму? Што ён тут будзе рабіць?
– Куды падзеўся Уладзімір Сямёнавіч? Гэта ён прадаў наша прадпрыемства?
Таццяна ўрэшце пракаў-тнула камяк, што не дазваляў прамовіць ні слова, і ўсміхнулася.
– Ну, не ўсё адразу… Давайце па парадку. Найперш я хачу падзякаваць вам усім за тое, што не здрадзілі свайму прадпрыемству, не ўцяклі з тонучага карабля, як зрабіў гэта ваш ранейшы кіраўнік. Зрэшты, ён не проста ўцёк,  а зрабіў усё, каб патапіць наш агульны карабель. Але хачу вас супакоіць – чуткі пра смерць фірмы "Элегант” моцна перабольшаны. Так, яна зараз знаходзіцца не ў самым лепшым становішчы, былі ў нас і больш спрыяльныя часы. Але былі і больш складаныя, так што, думаю, перажывем і гэта.
На тварах жанчын з’явіліся асцярожныя ўсмешкі: можа, і сапраўды ўсё не так дрэнна?
– Але ўсё ж хацелася б ведаць, што адбываецца на самой справе, –  паспрабавала дайсці да сутнасці Тамара, галоўны эканаміст прадпрыемства, якая ва ўсім і заўсёды любіла дакладнасць.
– Не буду ўтойваць ад вас: становішча на нашым прадпрыемстве і сапраўды складанае. Уладзімір Сямёнавіч за маёй спіной прадаў нашу фірму. На шчасце, гэты яго ўчынак не меў фатальных вынікаў. Не стану ўдавацца ў падрабязнасці, што і як адбывалася потым, але зараз я з’яўляюся аднаасобным уладальнікам фірмы. І па сумяшчальніцтву – яе дырэктарам. 
 Па зале прашапацеў уздых аблягчэння…
– А што будзе з польскім заказам? Мы ж адправілі туды яўны брак, –  падала голас асцярожная Міхайлаўна.
– І што зараз з зарплатай? Нам тры месяцы не плацілі за перапрацоўку, –  падала голас нехта з маладых швачак.
– Я ж кажу: становішча ў нас зараз складанае, – развяла рукамі Таццяна. – Палякі вяртаюць забракаваную партыю прадукцыі і да таго ж выстаўляюць штрафныя санкцыі. Так што ў бліжэйшы час заплаціць вам даўгі па зарплаце мы наўрад ці зможам. І ўвогуле, з фінансамі цяпер туга, так што давядзецца патрываць некалькі месяцаў, пакуль увойдзем у нармальны графік работы і даходаў. І для гэтага ўсім давядзецца даволі напружана папрацаваць. Пакуль – за невялікія грошы. Тым, хто захоча, вядома. Я вам шчыра намалявала нашу няпростую сітуацыю. Калі хто захоча звольніцца, трымаць не буду: гэта ваша справа. Тым, хто паверыць мне, як верыў і раней, я абяцаю, што ў бліжэйшыя тры-чатыры месяцы, максімум паўгода мы вернемся на ранейшы ўзровень вытворчасці, і я пастараюся кампенсаваць вам усе панесеныя страты. Такі вось расклад на сённяшні дзень. Так што заставацца ці звальняцца –   кожны павінен прыняць рашэнне самастойна.
Яна пакінула залу, зайшла ў свой кабінет. Уселася за стол, разгарнула нейкую папку – а сама са страхам прыслухоўвалася да таго, што робіцца ў прыёмнай: раптам зараз туды пойдуць усе скопам пісаць заявы на звальненне? Што яна тады будзе рабіць – пры мінімуме грошай і максімуме праблем, ды яшчэ без спецыялістаў?
У прыёмнай і сапраўды пачулася нейкая валтузня, нехта хліпаў. А потым усё сціхла. Неўзабаве рыпнулі дзверы, і на парозе з’явілася заплаканая Наташка:
– Таццяна Аляксееўна, вам кавы зрабіць?
– Так, калі ласка. Хаця не – лепш гарбаты. Зялёнай, без цукру. І, калі можна, з малаком…
– Вы густы памянялі? – здзівілася сакратарка.
– Так, давялося, – усміхнулася Таццяна, успомніўшы прычыну змены сваіх звычак. – А ты чаму такая заплаканая? Пакрыўдзіў хто?
– Так, –  уздыхнула Наташка. – Коля, вадзіцель. І Насця, наша маладая швачка. Вы яе не ведаеце, яна прыйшла, калі вы хварэлі. Яны заявы на звальненне напісалі. Сказалі, што няма тут больш чаго лавіць і трэба "рабіць ногі”.
– Ну, дык чаму ты расплакалася? Кожны ж шукае, дзе лепш.
– А я лічу, што гэта – здрада! Ну хай сабе Насця, яна з вамі не працавала, не ведае нічога, зялепуха! А Коля?! Хто яго на работу прымаў? Хто дапамагаў, калі жонка хварэла, калі маці памерла? А ён зараз, калі ў вас бяда, хутчэй у кусты, як той заяц… Мужчына называецца!
– Ну дарэмна ты так, Наташка, –  пастаралася ўсміхнуцца Таццяна. – Колю ж таксама трэба сям’ю ўтрымліваць, дзяцей вучыць…
– І Міхайлаўне трэба! І Тамары! Яна ўвогуле адна з дзецьмі важдаецца – і не кінулася лепшага месца шукаць. А гэты… Здраднік!
– Наташа, ніколі не раскідвайся такімі словамі! – строга сказала Таццяна. – Ты ж не ведаеш усёй сітуацыі, не ведаеш, чаму чалавек так паступае. Ён не зрабіў нічога дрэннага, гэта яго права – працаваць там, дзе яму лепш. І ваша, дарэчы, таксама – ва ўсіх сем’і…
– Ды як вы можаце, Таццяна Аляксееўна? – пакрыўджана надзьмулася Наташка. –  Мы з вамі столькі перажылі разам. Ды з вамі – хоць у бездань! 
– Добра-добра, – засмяялася дырэктар – ёй было прыемна чуць такія словы ад не вельмі далёкай, але, безумоўна, шчырай сакратаркі. – Але ў бездань не трэба, выкараскаемся, горшае бачылі. А вось гарбаты зрабі, калі ласка… І, калі можна, знайдзі мне тэлефон Святланы, нашага былога мадэльера. І Люды, бухгалтаркі…
* * *
Таццяна моцна спадзявалася на Люду – думала, што тая пагодзіцца выручыць фірму ў цяжкі момант. Але Люда, ледзь не плачучы, адмовіла. Не можа яна выйсці на працу: дзіця яшчэ зусім малое, грудзьмі корміць. А мама хварэе, яе самую трэба даглядаць, а не немаўля на яе пакідаць… Муж увесь час у камандзіроўках, ён увогуле ў гэтым сэнсе не памочнік. Таццяна ўсё разумела, але расстроілася: цяжка ім будзе без акуратнай і дакладнай Люды, ды яшчэ з улікам сённяшняга развалу ў бухгалтэрыі… 
Праўда, Люда падказала магчымае выйсце: параіла звярнуцца з прапановай замяніць яе на час дэкрэтнага адпачынку да сваёй свякроўкі. Тая пару месяцаў назад пайшла на пенсію, а да гэтага таксама працавала галоўным бухгалтарам, хоць і ў іншай сферы – у будаўніцтве. Але Люда абяцала дапамагчы новаму бухгалтару, кім бы ён ні быў, увайсці ў курс спраў, кансультаваць па меры неабходнасці. 
"Ну што ж, не самы горшы варыянт з магчымых, –  думала пра сябе Таццяна, падсумоўваючы вечарам вынікі гэтага цяжкага, у многім пераломнага дня. – Трэба на самой справе запрасіць на работу гэтую Людзіну родзічку. Калі пагодзіцца, гэта будзе няблага ва ўсіх адносінах: і Люда ёй па-свойску паможа, падкажа, калі ўзнікнуць нейкія пытанні, і часовасць працы для пенсіянеркі не стане такой вострай праблемай, як для каго з маладых. А вопыт у бухгалтарскай справе мае яшчэ большае значэнне, чым адукацыя. Папрацавалі мы ўжо з адной разумніцай з дзвюма вышэйшымі адукацыямі…”
Затое размова са Святланай прайшла нават лепш, чым разлічвала Таццяна. Дзяўчына, пачуўшы яе голас у трубцы, не хавала сваёй радасці: распытвала пра здароўе, пра справы фірмы. А пачуўшы прапанову вярнуцца, пагадзілася амаль без разваг, удакладніла толькі ці праўда, што Уладзімір Сямёнавіч больш на фірме не працуе? Сказала, што на новым месцы яна не атрымлівае ніякага задавальнення ад сваёй работы: суцэльная шэрая руціна. Гаспадары эканомяць літаральна на ўсім, мадэлі прымушаюць ствараць просценькія, без усялякага палёту фантазіі – з такімі і студэнтка-першакурсніца справіцца. Тканіну купляюць самую танную, фурнітуры – толькі самы неабходны мінімум: ні даць, ні ўзяць – спецадзенне шыюць. Да таго ж у калектыве там пануюць заўсёдныя звады, сваркі, плёткі. Цяжка ёй там, сумна... І нават прыстойная зарплата, якую ёй плацяць, не кампенсуе маральных страт. Святлана паабяцала заўтра ж зайсці, каб усё абмеркаваць, і калі яны аб усім дамовяцца, то літаральна з наступнага тыдня прыступіць да работы: вельмі ж сумуе па тых мадэлях, якія пачала ствараць для славакаў і расіян:
 – Не паверыце – яны мне па начах сняцца, – прызналася дзяўчына Таццяне. 
На новым месцы яе, эканомячы на падатках, афіцыйна не афармлялі, зарплату плацілі "у канверце” – значыць, і яна вольная ад якіх бы то ні было абавязацельстваў перад новымі працадаўцамі.
"А заўтра, у крайнім выпадку паслязаўтра, прыедзе Юра – і ўсё стане на свае рэйкі. Мы ўсё абмяркуем, вырашым – і будзем разам працаваць. Разам – гэта не адной…” – думала Таня, уладкоўваючыся пад цёплай коўдрай з адным жаданнем: заснуць як мага хутчэй – каб, калі яна адкрые вочы, было ўжо заўтра…
* * *
Але назаўтра Юра не з’явіўся. І не пазваніў… Гэта яе ўсур’ёз непакоіла, Таццяна з кожным днём усё больш хвалявалася: што там у яго яшчэ здарылася? Але сама тэлефанаваць баялася – ці мала чым ён там заняты, яе званок можа быць не ў час, недарэчы…
Толькі на наступны дзень вечарам ён пераступіў парог кватэры. Адчыніў дзверы сваім ключом, і калі яна, пачуўшы стук дзвярэй, з радасным трапятаннем сэрца выскачыла ў калідор, не распранаючыся, не разуваючыся, абняў яе. Некалькі хвілін – ёй падалося, што цэлую вечнасць – стаяў, уткнуўшыся носам у яе макаўку і сціснуўшы ў абдымках так, што яна не магла нават варухнуцца. 
Юра маўчаў – і яна маўчала, з першага погляду зразумеўшы, што яму зараз вельмі цяжка… Ён быў непадобны сам на сябе –  нейкі разгублены, ніякаваты, учарнеўшы, нібы пастарэў за гэты тыдзень на некалькі гадоў.
"Няўжо для яго такім ударам стала смерць той жанчыны? –  балюча кальнула няпрошаная рэўнасць – а ёй жа здавалася, што сэрца даўно забылася, што гэта такое. – Казаў жа, што яна для яго нічога не значыць, што былая жонка прычыніла яму толькі боль… А на самой справе –  во як перажывае…”
Таня пастаралася схаваць свае думкі і пачуцці ў самы дальні куточак душы. Мякка вызвалілася з абдымкаў і, пакуль Юра мыўся, разагрэла абед, паставіла на стол – усё моўчкі, без адзінага гуку. Калі і ён нарэшце сеў за стол, уладкавалася насупраць і, падпёршы рукой шчаку, моўчкі глядзела, як ён еў – акуратна, але прагна: згаладаўся, відаць, не да гарачых абедаў там было. І толькі калі паставіла на стол кубкі: з кавай – для яго, з гарбатай – для сябе, прамовіла:
– Ну, расказвай…
– Давай ты першая… –  узняў вочы Юра. – Што там, на фірме?
– Ат, –  махнула яна рукой. – Па-рознаму. Спачатку было вельмі дрэнна, зараз ужо пачынае паціху наладжвацца. 
– Дык што дрэнна? І што пачало наладжвацца? – узняў вочы Юра – але было бачна, што не гэта турбуе найперш.
– Калі расказваць падрабязна, то гэта надоўга, вечара не хопіць. А калі ў двух словах, то ўсё прыкладна так, як ты казаў, толькі яшчэ горш. Валодзя прадаў без майго ведама фірму, забраў усе грошы і знік у невядомым накірунку разам з бухгалтаркай. Палякі вяртаюць заказ і выстаўляюць штрафныя санкцыі… 
– І што ж тады наладжваецца? – хмыкнуў Юра.
– Тое, што фірму ўсё ж удалося вярнуць. Не пытайся, як – аб гэтым пазней. Святлана пагадзілася вярнуцца на працу. Люда параіла кандыдатуру бухгалтара. Так што яшчэ паваюем… Але не гэта зараз галоўнае. Ты лепш раскажы, што там у цябе?
Юра не спяшаўся гаварыць. Ён марудна піў каву, паглядваючы ў акно – Таццяна гатова была паспрачацца, што ён нічога не бачыў: ні яе, ні кватэры, ні таго, што адбываецца за акном. Здаецца, ён глядзеў у сваё мінулае…
– Ведаеш, Таня, я адчуваю сябе нягоднікам… – нарэшце пачаў гаварыць ён. – Усе гэтыя гады я жыў з крыўдай на Зою – за тое, што яна зламала маё жыццё, як абышлася з маёй мамай… Я ўвесь час шкадаваў, што не змог пасля ўсяго, што адбылося, пагаварыць з сынам. Але думаў, спадзяваўся, верыў: Вадзім падрасце, стане самастойным – і мы абавязкова сустрэнемся, я ўсё яму растлумачу, і сын мяне зразумее.  Я не падумаў, што магу спазніцца… Што ён увесь гэты час чакаў мяне – і не ведаў, чаму я не прыязджаю, не разумеў, што я адкладваю нашу сустрэчу да яго паўналецця – адкуль ён мог гэта ведаць? І ўвесь гэты час мой сын не ў беспаветранай прасторы знаходзіўся –  пакуль мяне не было з ім побач, пакуль я чакаў моманту, калі з ім можна будзе пагаварыць, з ім гаварылі іншыя і тлумачылі мае паводзіны, як хацелі. Увесь гэты час, пакуль я адкладваў нашу сустрэчу, у яго былі іншыя настаўнікі, выхавацелі, "тлумачальнікі”.
Было відаць, што Юру вельмі балюча, што кожнае слова, якое ён вымаўляе, прадзіраецца скрозь яго скрываўленую душу, быццам праз вострыя цвікі… Тані вельмі хацелася ўзяць яго за руку, прытуліцца да пляча, каб ён зразумеў, адчуў: яны – разам. Але яна баялася ўспудзіць гэтую хвіліну шчырасці, і таму моўчкі, з невыказным спачуваннем, глядзела на яго.
– Як высветлілася, Зоя, пасля таго, як "уладкавала” мяне ў турму, "пайшла ў разгон”: мужоў мяняла, як пальчаткі, месцы жыхарства, кватэры – таксама. І паціху співалася… Урэшце апынулася з Вадзімам у нейкім замызганым пакойчыку ў камуналцы, без працы, з букетам хвароб… Галадалі яны ў літаральным сэнсе слова. Затое на "чарніла" грошай у яе заўсёды хапала! Напакутаваўся сын… Але ўсё роўна шкадаваў яе – маці ўсё ж. І лічыў, што я ва ўсім вінаваты: Зоя яму расказала, што гэта я іх тады кінуў, а потым трапіў у турму. Пра грошы, што я ім пасылаў, нават калі сам на вакзале начаваў, Зоя, вядома ж, сыну нічога не казала. А падарункі – і мае, і маміны да дня нараджэння і Новага года – выдавала за свае… Хоць і кажуць, што пра нябожчыкаў – альбо добра, альбо ніяк, але ж рэдкай сцервознасці была жанчына… І дзе былі мае вочы, як можна было ў такую гэтак без памяці закахацца? – паціснуў плячамі Юрый і апусціў галаву.
Маўчаў ён доўга, нібы збіраўся з думкамі, з сіламі, каб сказаць галоўнае.
– Словам, Таня, сына я амаль што страціў. Вельмі спадзяюся,  што яшчэ можна нешта зрабіць… Вадзім ужо падлетак, але практычна некіруемы. Школу кінуў год назад – нікому не было справы да таго, вучыцца ён ці бадзяецца па вуліцах. А яму трэба было карміць сябе і маці, ды яшчэ і на выпіўку ёй грошы знаходзіць. Хлопец курыць, выпівае, стаіць на ўліку ў камісіі па справах непаўналетніх – папаўся на крадзяжы булачак з магазіна, не пасадзілі толькі з-за малалецтва… Словам, поўны "букет". 
Юра зноў надоўга замоўк. Таня хацела аб многім спытаць, нешта сказаць, але адчувала: не трэба яму перашкаджаць, хай выгаварыцца… 
– І пры ўсім пры тым ён – мой сын, – горка ўсміхнуўся Юра. –  І не толькі яго маці, якой ужо няма, – я таксама ў адказе за тое, што ён такі, які ёсць. Яна яго такім выхоўвала – узлаваным на жыццё, на людзей, на ўвесь свет ваўчанём, а я гэтаму не перашкаджаў, жыў сваім жыццём… А зараз маці няма, і я адзін у адказе за яго будучыню. І не толькі за тое, каб у яго былі адзенне і абутак, каб ён быў сыты і вярнуўся ў школу. Галоўнае зараз –  паспрабаваць яму растлумачыць, даць зразумець, што ў жыцці ёсць і іншыя каштоўнасці, чым ён ведаў да гэтага часу, і іншыя людзі. Я не ведаю, ці атрымаецца гэта, але я паспрабую…
– Юра, а дзе зараз Вадзім? – не вытрымала, перарвала яго маналог Таццяна.
–  Я забраў яго з сабой, –  узняў на яе вочы Юрый. – Не мог жа я пакінуць яго аднаго ў горадзе, дзе ў яго няма ні адной роднай душы, у пустой кватэры, з якой дзень назад вынеслі цела яго маці…
– Гэта зразумела – але чаму ты сюды прыйшоў адзін? Дзе зараз знаходзіцца твой сын?
– Я адвёз Вадзіма да сястры.
– А чаму не сюды? – Таццяна глядзела на Юрыя з дакорам.
– Таня, па-першае, нам з табою трэба было пагаварыць – адным, без чужых, абмеркаваць усё тое, што здарылася за гэтыя дні… –  Юра мякка крануў яе за руку, нібы прасіў прабачэння. –  А па-другое… –  ён апусціў галаву і зноў замоўк.
– І што – па-другое? – не вытрымала нарэшце Таццяна.
Юра падняў галаву і пранізліва паглядзеў ёй у вочы:
– Буду шчырым, Таня: па-другое, і гэта самае галоўнае –  я не магу "павесіць" на цябе Вадзіма. Ты гэтага не заслужыла… Мой сын – гэта мая віна і мая бяда, і я не маю права перакладваць на цябе гэты груз… 
Тані здалося, што Юра яе ўдарыў – моцна, наводмаш: недзе там, у сонечным спляценні, моцна забалела і пацямнела ў вачах, яна аж задыхнулася…

Мусіць, гэты боль адбіўся на твары, бо Юра ўскочыў і спалохана кінуўся да яе:
– Танечка, што з табой? Табе дрэнна? Што здарылася? Можа, "хуткую” выклікаць?
Таня расплюшчыла вочы:
– Так, Юра. Мне дрэнна. Мне вельмі баліць. Але "хуткую” выклікаць не трэба. Бо гэты боль прычыніў мне ты…
– Я?!! Чым?
– Ты не здагадваешся? Ты, які тры месяцы назад падарыў мне вось гэты пярсцёнак, – Таня падняла сваю правую руку, на сярэднім пальцы якой зіхацеў яго падарунак. Юра ўпаў на крэсла ад нечаканасці: яна зноў надзела яго, яна прыняла яго прапанову! Але ж – позна…
А Таня працягвала – з непрыхаваным болем і крыўдай у голасе:
– Ты выцягваў мяне з дэпрэсіі, паіў мяне чаем і амаль што сілком выводзіў на прагулку, калі я праганяла цябе – з гэтай кватэры і са свайго жыцця. Ты прымусіў мяне выйсці на работу і пераконваў, што толькі РАЗАМ мы зможам усё пераадолець і ўсё вытрымаць… І сёння, калі ў цябе здарылася бяда, ты не лічыш патрэбным падзяліцца са мной сваім болем… І пры гэтым ты не разумееш – ці робіш выгляд, што не разумееш –  чаму мне баліць, чым ты мяне пакрыўдзіў? Я аднаго не магу ўцяміць: ты так мала мяне ведаеш ці так дрэнна пра мяне думаеш?
Юра прысеў на дыбачкі і ўткнуўся тварам у яе дрыготкія калені. Таня гладзіла яго непаслухмяныя віхры, не звяртаючы ўвагі на салёныя ручаінкі, што доўгімі дарожкамі сцякалі па шчоках і капалі на яго яшчэ больш пасівелыя за гэты тыдзень валасы.
Урэшце ён узняў галаву:
– Таня, я цудоўна цябе ведаю – можа, нават больш, чым ты сама сябе. Я неаднойчы гаварыў і гатовы паўтараць гэта бясконца, што ты – самая лепшая з усіх жанчын, якіх я калі-небудзь сустракаў у сваім жыцці. І я кахаю цябе, як ніколі нікога ў жыцці не кахаў, – Юра абхапіў яе галаву рукамі і стаў пяшчотна цалаваць салёныя ад слёз вочы, шчокі, шыю… – Але ж, Танечка, мілая, зразумей мяне – ты ж заўсёды мяне разумела… – ён адхінуўся і сеў насупраць:
– Вадзім не проста падлетак – ён цяжкі падлетак. Вельмі цяжкі… Ты нават не ўяўляеш – ты не можаш гэтага ўявіць! – наколькі! Мне здаецца, ды што там – я перакананы ў гэтым! –  што ён цябе не прыме, нават калі ты макам каля яго ног рассыплешся. Асабліва зараз, калі яшчэ свежыя ўспаміны пра маці. Яна была зусім іншай, не такой, як ты – і ўсё роўна ён яе любіў… А ты ў яго разуменні – жанчына, якая адабрала ў яго бацьку, забрала шчасце яго маці, зламала жыццё яго сям’і. Павінен прайсці час, пакуль ён зразумее, што гэта не так – калі ўвогуле зразумее, паверыць. Я, толькі я – сам, адзін – павінен растапіць лёд у яго душы, прымусіць зноў паверыць у людзей. І, магчыма, потым, пасля ўсяго, мы зможам зноў паспрабаваць жыць усе разам…
– Пасля ўсяго… – Таня выцерла слёзы. – І колькі, ты думаеш, прадоўжыцца гэтае  "пасля ўсяго”?
– Я не ведаю, Таня, – паціснуў плячамі Юрый. – Я не думаю, што хто-небудзь увогуле можа гэта ведаць…
– А ты не думаеш, Юра, што за той час, пакуль будзеш ратаваць аднаго сына, ты можаш страціць другога?
– Ты пра што гэта? – ён глядзеў недаўменна. – Якога яшчэ другога сына?
– Нашага з табой  сына, Юра…
– Андрэйку? – Юрый вырашыў, што зразумеў, аб чым яна гаворыць. – Але, Таня, я не адмаўляюся ад Андрэйкі! Я буду яго наведваць, дапамагаць вам… Але зразумей мяне правільна – у Андрэя ёсць ты. А ў Вадзіма – нікога… Зусім нікога –  акрамя мяне…
Таня паглядзела на Юрыя пранізліва – нібыта вырашала: казаць ці не? Можа, хай ідзе з Богам, раз ён так вырашыў, раз лічыць, што яе дапамога яму непатрэбна… Значыць, і яна без яго дапамогі абыдзецца. Справіцца – не ўпершыню! 
І раптам яе позірк упаў на Васеў партрэт – сын глядзеў з-за шкла Сашавымі разумнымі блакітнымі вачамі… 
"Не, я не маю на гэта права – сіраціць свайго ненароджанага сына, вырашаць яго лёс. Хопіць, аднойчы ўжо зрабіла гэта – да скону буду раскайвацца. Ёсць рэчы больш важныя, чым уласны гонар”.
І ўздыхнуўшы, Таццяна ціха прамовіла:
– Юра, зараз я гаварыла не пра Андрэйку. Я – пра другога твайго сына.
Юра глядзеў на яе ва ўсе вочы:
– Ты аб чым, Таня? Я цябе не разумею…
– Юра, ты быў настолькі заняты сваімі праблемамі, што так і не знайшоў часу пагаварыць пра мае справы. Ці, дакладней, пра нашы агульныя. 
Юрый сумеўся:
– Сапраўды… Ты прабач… Але ж я спрабаваў, а ты ўсё – потым, потым…
– Ну вось, гэтае "потым” нарэшце надышло, – сумна ўсміхнулася Таццяна. – Час, можа, не вельмі падыходзячы, але так атрымалася… Дык вось, Юра, дазволь табе паведаміць галоўную навіну нашага з табой жыцця: я цяжарная. Тры месяцы. Думаю, што гэтае дзіця – вынік той самай нашай ночы, – яна зноў узняла ўгору правую руку з пярсцёнкам на пальцы.
Ён глядзеў на яе ашалела і не мог прамовіць ні слова.
– Не ведаю, што ты думаеш з гэтай нагоды, але адразу хачу цябе папярэдзіць: што б ты зараз ні сказаў, як бы ні ўспрыняў гэтую навіну, я ўжо прыняла рашэнне, і яно – канчатковае і беспаваротнае: я буду раджаць! – рашуча абрубіла ўсе канцы Таццяна. 
– Таня… Танечка… – нарэшце загаварыў Юрый, і голас у яго па-здрадніцку дрыжаў. – Я… Я нават не ведаю, што сказаць… Гэта праўда? Ты мяне не разыгрываеш? Але чаму ты маўчала ўвесь гэты час?
– Ну ты ж памятаеш, якой я была гэтыя тры месяцы, – уздыхнула Таццяна.  – Я часам сама не разумела, жывая я ці мёртвая. А потым, у той дзень, як ты паехаў… Ой, тады столькі ўсяго здарылася…  Словам, я страціла прытомнасць, мяне забралі ў бальніцу, а там усё і высветлілася.
– Дык чаму ж ты мне не сказала адразу, як даведалася? 
– Табе было не да таго… Ты быў заняты сваімі праблемамі, і я не хацела нагружаць цябе новымі.
– Так, сапраўды, я быў не вельмі ўважлівы. Але потым... І сёння, зараз – гэта ж самае галоўнае! А ты маўчыш!
– Нават больш важнае і галоўнае, чым Вадзім? – паглядзела Таццяна яму ў вочы.
Юра сумеўся.
– Ну, можа, і не больш… Але –  і не менш! І потым –  гэта ўсё мяняе! Літаральна ўсё!
– Гэта сапраўды ўсё мяняе, Юра, – Таня пяшчотна кранула яго за руку. – Я спадзяюся, што ты ўрэшце пагодзішся са мной: мы павінны жыць разам, адной сям’ёй, не дзелячы дзяцей, радасці, праблемы, клопаты. Калі ты захочаш і дазволіш, калі ты паверыш мне, Юра, то ў Вадзіма будзе самая сапраўдная сям’я... І я ўпэўнена, што твой сын рана ці позна прызнае і сваіх братоў, і мяне – калі не ў якасці маці, я не магу прэтэндаваць на гэта, хоць і вельмі хацела б, то хоць бы як тваю жонку! Любоў і шчырасць многіх – гэта больш, чым любоў аднаго, нават самага дарагога чалавека! І яна можа многае! – упэўнена сказала Таццяна. – І, як ты пераконваў мяне некалі, разам мы зможам усё пераадолець. А паасобку – толькі ламацца лёгка. Так што давай заўтра паедзем да сястры, забярэм Вадзіма і будзем вучыцца жыць разам…
– Але, Таня, табе будзе вельмі цяжка, – зноў унурыў галаву Юрый. – Можа, хай ён пажыве пакуль у сястры? Я думаю, Валя пагодзіцца, не адмовіць мне.
– Ты разумееш, што ты гаворыш, Юра? Нават калі ты зможаш растлумачыць сыну сваю адсутнасць у яго жыцці на працягу ўсяго гэтага часу, то, калі ты пакінеш яго зараз, ён не даруе табе гэтага ніколі. І мне – таксама… Так што давай паспрабуем будаваць новую сям’ю. Разам паспрабуем: ты, я, Вадзім. Потым Андрэйка прыедзе – яны ж амаль равеснікі, думаю, знойдуць агульную мову. Затым малыш з’явіцца – Вадзім не зможа не палюбіць свайго браціка.
– Адкуль ты ведаеш, што гэта  сын? – ужо зусім іншым, раўніва-клапатлівым тонам запытаў Юра. –  А можа, дачка?
– Я не ведаю, я так адчуваю, –  засмяялася Таццяна. 
А потым сказала сур’ёзна: 
–  Мне здаецца, што гэта Бог пасылае нам сына ўзамен Васілька… 
– Ну добра, хай будзе сын, – крыху падумаўшы, кіўнуў галавой Юра. – Але паабяцай мне, што ты народзіш яшчэ і дачку! Я так мару, каб у мяне была дачушка, падобная на цябе!
– Ты звар’яцеў, Юра, –  радасна засмяялася Таня. – У мае гады…
– У твае гады ўсё да твару: і вясельная сукенка, і вялікі жывот, і каляска! Так што заўтра ідзем у загс, затым забіраем Вадзіма! Ты згодна?
Яе адказ паглынуў доўгі пяшчотны пацалунак…

Ніна Рыбік.

Предыдущая статья

О ней, талантливой, в профессию влюбленной