На базе гімназіі № 1 г. Свіслач адкрыўся клас з беларускай мовай навучання. 10 дзяўчынак і хлопчыкаў вывучаюць школьныя прадметы на роднай мове. У пятніцу, 26 верасня, адбылася ўрачыстасць для вучняў 1 «А» класа і іх бацькоў. Прысутнічалі госці – намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце Ж. І. Лешанюк і пяцікласнікі гімназіі.
Першае школьнае свята… Знамянальная падзея ў жыцці першакласніка. Знаёмства са школьнай рэчаіснасцю з’яўляецца самым важным для шасцігодак. Маленькія вучні вытрымалі новыя нагрузкі: прынялі напоўненыя новым зместам адносіны, наладзілі ўзаемаадносіны з аднакласнікамі.
Святочна апранутыя дзеці з задавальненнем паказалі, як умеюць адказваць ля дошкі, правільна карыстацца школьнымі прыналежнасцямі, расказваць вершы гучна і выразна. А песні, развучаныя з настаўніцай музыкі Н. В. Саўко, заслужылі цёплых апладысментаў. Госці-пяцікласнікі павіншавалі сваіх маленькіх сяброў і расказалі пра тое, што заняткі ў пачатковай школе не толькі пазнавальныя, але і вясёлыя. Яны прадставілі інсцэніроўкі са свайго школьнага жыцця.
Бацькі актыўна ўдзельнічалі ў конкурсе загадак аб важных справах першакласнікаў. А вучні ў адказ паабяцалі старанна іх выконваць і нават раскрылі свае мары: кім хочуць стаць у будучым. Гэта і будаўнікі, і лекары, і мастакі, і выхавальнікі… А галоўнае, што «ўсе нашы рукі патрэбныя роднай Беларусі». А каб мары здзейсніліся, пяцікласнікі параілі выконваць правілы школьніка і беражліва адносіцца да памочнікаў-падручнікаў, якія былі прадстаўлены на парадзе кніг.
Фінальным акордам у карагодзе сяброў гучалі словы: «Толькі РАЗАМ мы моцныя!» І канешне, як і на любым свяце, не абышлося без падарункаў. Ад намесніка дырэктара атрымалі «Дыпломы першакласніка», ад гімназістаў – значкі «Вучань 1 класа», а ад першай настаўніцы – падпіску на беларускае выданне «Буся» (чытанка-маляванка для дзяцей).
Хочацца пажадаць, каб дарога па Краіне ведаў для нашых першакласнікаў заўсёды была светлай і радаснай!
Алена Таўканіца,
класны кіраўнік 1 «А» класа гімназіі №1 імя К. Каліноўскага г. Свіслач.