banner

У мудрасці яе сіла

01 Октября’14
1617
У мудрасці яе сілаСваю дзевяноста другую восень сустрэла сёлета Валянціна Кузьмінічна Богуш. Чаго толькі ні пабачыла яна на сваім доўгім жыццёвым шляху. Лёс не песціў яе, праз такія выпрабаванні прайшла, што не кожны бы вытрымаў, але Бог бярог яе і даваў сілы. Таму і сёння яна не скардзіцца на лёс, а жыве і радуецца кожнаму дню, шмат чытае, цікавіцца ўсім, што адбываецца навокал. З ёю можна нават пагаварыць пра міжнародную палітыку. 
Нарадзілася яна далёка ад нашых мясцін, аж у Расіі, у Курскай вобласці, горадзе Суджа. Чацвёртай была ў вялікай сям’і Саўчанкаў. У дзяцінстве прыходзілася нялёгка. Шмат працавала,  галадала, але неяк жылося, пакуль не грымнула вайна.
– У той дзень мы старэйшую сястру Марусю з радзільнага дома прывезлі, – успамінае Валянціна Кузьмінічна, – радасць у хаце: маленькае дзіцятка з’явілася. А тут чуем па радыё страшэнную навіну – вайна. 
Божачка, што рабілася. На вуліцы крык, плач, заводы гудуць, дзеці плачуць, бабы галосяць. 
Каля нас вуліца цэнтральная праходзіла, дык па ёй салдаты ішлі. Бясконца ішлі, маладзенькія і старэйшыя, – на вайну. З кожнай сям’і забралі сыноў, бацькоў. Наш бацька, праўда, застаўся, таму што ён на адно вока быў сляпы. Майго старэйшага брата Паўліка забралі. Маці плакала, адпраўляючы, ды што тут парадзіш, калі бяда такая прыйшла. Пайшоў Паўлік, і больш мы яго не ўбачылі. Пазней маці прыйшло паведамленне, што без вестак прапаў. 
Немцаў пакуль што не было. А мы, маладыя, лазілі на званіцы цэркваў (іх у нас было восем) і з усіх бакоў выглядалі: адкуль немцы будуць ісці. Але ж праглядзелі. Прыйшлі яны неяк раптоўна і адразу завялі свае парадкі. У нас у горадзе вялікая плошча была, дык на ёй немцы шыбеніцы паставілі. Уяўляеце, цэлая плошча шыбеніцаў. Часта там людзей вешалі. Без усякай прычыны. Зловяць каго і павесяць. А нас, маладых, зганялі, каб мы глядзелі, як людзі ў пакутах паміраюць. Ім вяроўку на шыю завязваюць, а яны крычаць: «За Родину!», і тут з-пад іх ног лаўку выбіваюць. Вось як было. Не прывядзі гасподзь, як страшна. А якія баі ішлі! Гэта ж побач знаходзілася Прохараўка, дзе страшэнны бой быў. Гарэлі зямля і неба. Як успомню, у вачах усё стаіць. 
Так пражылі тры гады. Голадна было. Мы, дзеці, жабраваць хадзілі. У горадзе не было ў каго што папрасіць, дык мы па сёлах пайшлі. Хто хлеба кавалачак дасць, хто бульбіну ці бурачок. А аднойчы прыйшла мне папера, што забяруць у Германію. У хаце плач, крыкі, мама бядуе, за слязамі свету не бачыць, а куды дзенешся – трэба ехаць. 
Маці не дазвалялі праводзіць нас, з сабакамі да цягніка гналі, а там закрылі ў таварным вагоне і павезлі. Доўга-доўга ехалі, ніхто не ведаў куды. Нарэшце даехалі да горада Дрэздана. Выгналі нас з вагонаў, завялі ў нейкі будынак і загадалі распранацца. Хлопцаў у адны дзверы загналі, а нас у другія. А там толькі сетка з дроту і больш нічога. Як на здзек загналі. Хлопцы ад нас затуляюцца, мы ад іх. Сорамна ж, галюткія ўсе. 
Працавалі мы спачатку на заводзе. Рабілі кафлі для печак. Кармілі нас вельмі дрэнна, як толькі і выжылі. А потым, калі пачалі бамбіць горад, нас да гаспадароў паразганялі. А я не хацела ісці. Дык мяне адвялі ў камендатуру, і там немец пачаў біць. Моцна біў гумаю, я ўся чорная была. Адправілі да гаспадара. Там яшчэ нейкі час працавала, але хутка прыйшлі нашы, і мы аказаліся вольнымі. Вырашылі ісці дадому. Людзей шмат. А ішлі па ваеннай дарозе. Палі навокал былі замініраваны. Многія ўзрываліся. На дарогах было столькі забітых людзей. Ніхто іх не хаваў, так і ляжалі. Галодныя ішлі, начавалі, дзе прыйдзецца. Так дайшлі да Варшавы. А адтуль далей, праз Беларусь і дадому. Вясной нас вызвалілі, а вярнулася я ў Суджу летам. Мама радавалася, што жывая я засталася.
У Германіі я пазнаёмілася з хлопцам-беларусам Міхаілам Богушам.
Дык вось, калі мы вярталіся дадому з Германіі, то нейкі час працавалі на дарогах, а потым я далей пайшла, а ён яшчэ застаўся. І калі ўжо вярнуўся ў Ганчары, то ліст прыслаў, каб ехала да яго. А я, маладая, закаханая, і падалася ў дарогу. Прыехала, а Ганчары аказаліся ў пагранічнай зоне. Не пускалі мяне, але па дарозе сустрэла ваеннага, які аказаўся родам з нашых мясцін, вось ён і прапусціў мяне. Нават сказаў, дзе жыве мой Міхаіл. Вось так я аказалася ў гэтых мясцінах. Пажаніліся мы з Мішам, я нарадзіла яму дзвюх дачушак і сына. Зараз вось у яго жыву. Усё жыццё працавала ў калгасе. І касіць, і араць умела, шмат чаго прыходзілася рабіць. Апошнія гады перад пенсіяй працавала на ферме даяркай. Усяк бывала, але я на жыццё не скарджуся. У 88-м мужа пахавала. Вось ужо як доўга без яго на свеце жыву. Маю васьмёра ўнукаў, трынаццаць праўнукаў і два прапраўнукі. Усіх разам дваццаць тры. Вось якая я багатая.  
– А якія пірагі пякла наша бабуля, – дапаўняе нявестка Святлана. – І мяне навучыла, а яшчэ шыла прыгожа. Сама навучылася, а ад яе гэтую навуку пераняў унук – сам сабе калісьці штаны пашыў. Добрая ў нас бабулька, мудрая, людзьмі паважаная. 
Я пакідала дом Богушаў і дзякавала Валянціне Кузьмінічне за такое цікавае апавяданне аб сваім жыцці. І дай Бог ёй яшчэ пажыць, падзяліцца сваёй мудрасцю і пацешыцца мірнымі вёснамі і чыстым небам, за якое заплачана такой дарагой цаной.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ 
(тэкст і фота).

Предыдущая статья

Беловежская пуща как связующее звено