
Пачуўшы такія водгукі, захацелася пазнаёміцца з бабуляй. І вось мне адчыняе дзверы прывабная, прыгожа апранутая кабета, якой ну ні за што не дасі дзевяноста гадоў, шчыра ўсміхаецца і запрашае ва ўтульны пакой. І палілася цёплая гутарка пра доўгае і даволі складанае жыццё бабулі Яўгеніі.
– Нарадзілася я тут, у Свіслачы, нават на гэтай самай вуліцы, – успамінае мая субяседніца. – Нас у мамы трое было, я – сярэдняя. Раслі, як усе, працаваць вучыліся змалку, у нас свая гаспадарка была, так што працы хапала ўсім. Падрасла трошкі, пайшла ў польскую школу, добра вучылася, скончыла сем класаў у 1939-м. Пасля вераснёўскіх падзей зноў пайшла ў школу, ужо з рускай мовай навучання. Правучылася яшчэ два гады, і тут вайна. Ці трэба гаварыць, як было ўсім цяжка, пад якім страхам жылі?! У 1942-м старэйшага брата ў Германію вывезлі. Мама перажывала, плакала, але, дзякуй Богу, ён хутка ліст прыслаў, напісаў, што працуе на шахце. Трошкі спакайней стала. Але не надоўга. У сакавіку 44-га пачалі забіраць маладых дзяўчат і хлопцаў, каму споўнілася па 19 і 20 гадоў. Пад гэтыя "зборы” трапіла і я. Са мной ехалі Жэня Маеўская і сёстры Ліда і Зіна Маліноўскія. Завезлі нас спачатку ў Ваўкавыск, а адтуль у Германію, у горад Бартэнштайн. Гэта ў 47-мі кіламетрах ад Кёнігсберга. Прыехалі "купцы”, забралі нас каго куды. Я трапіла да маладой гаспадыні. Яна мела дачушку маленькую, а другую пры мне нарадзіла. У яе была вялікая гаспадарка: сем кароў, свінні, куры, гусі ды 16 гектараў зямлі. Я адна ў яе працавала. Тры разы на дзень кароў даіла, свіней карміла, прыбірала за імі, у поле хадзіла. А сама маленькая была, худая. Бывала валаку на каромысле дзве флягі па 20 літраў, а плечы да зямлі прыгінаюцца. Гаспаданя ж яшчэ крычыць: "Вышэй падымай, бачыш, флягі па зямлі цягнуцца”. А я не магу вышэй, я ж невысокая. Так і жыла. Праўда, кармілі някепска і не вельмі збыткавалі. Калі нашы ўжо былі блізка і чуваць было гул гарматаў, то немцы ўсіх пачалі эвакуіраваць. Жывёлу паадвязвалі і так пусцілі, а нас некуды павезлі. У дарозе дзеці пачалі хварэць і малодшанькая дзяўчынка памерла. Дзевяць месячыкаў было ёй. Маці закруціла яе ў нейкае палатно, палажыла ў карзінку, у якой пасуду з сабою везла, ды і пахавалі мы яе ў лесе. Маці не плакала, толькі стаяла і нешта ціхенька гаварыла. Пэўна, малілася.
І вось прыйшоў Дзень Перамогі, і нам можна было вяртацца дадому. Прыехалі я і яшчэ некалькі палякаў у Беласток, а далей ехаць не магла, бо не мела пропуску праз мяжу. Я з нейкім ваенным перадала пісьмо маме, каб яна не турбавалася, каб ведала, што я жывая. У мяне дзядзька жыў у Польшчы ў Каралёвым Мосце. Ён там свяшчэннікам быў. Я ў яго месяца тры жыла. А потым атрымала пропуск і вярнулася дадому. Вось дзе радасці было. Брат, дзякаваць Богу, таксама вярнуўся.
У нас быў дом на дзве палавіны. У адной мы жылі, а ў другой швейная арцель размяшчалася. Вось туды я і пайшла працаваць. Ніхто мяне не вучыў шыць, сама да ўсяго даходзіла. Старалася, каб работу сваю рабіць не горш за другіх.
А потым замуж пайшла. Мой Сяргей з беднай сям’і быў, мы з ім разам у школе вучыліся. Нейкі час яны нават жылі ў нас. Мама іншы раз яго заціркаю карміла з малаком. Ён тады жартаваў: "Вось ажанюся з вашай Жэняю, буду штодзень зацірку есці”. Для яго, відаць, гэта вялікім прысмакам было.
Не бачыла я, каб ён да мяне заляцаўся, і не сказаць, каб вельмі мне падабаўся, але як пасватаўся да мяне, то я згадзілася замуж за яго пайсці.
І не шкадавала ніколі. Добрых дзетак мы з ім выгадавалі: адна дачушка, Таццяна, у Ялце жыве, а другая, Елізавета, тут, у Свіслачы. У мяне тры ўнучкі, чатыры праўнучкі і адзін праўнук. Старэйшая праўнучка ўжо скончыла вышэйшую навучальную ўстанову і ўладкавалася на працу.
А мужа я даўно пахавала. Мы з ім толькі 29 гадоў разам пражылі. Ужо 36 гадоў я ўдава. Прывыкла, куды дзенешся. Ён мяне з маладосці вучыў жыць без яго. Вельмі любіў спадарожнічаць, быць у дарозе. Фатографам быў, яму падабалася шукаць новыя мясціны, знаёміцца з новымі людзьмі. А я больш дома была, дзяцей гадавала. Працавала ў швейным атэлье. Была спачатку проста швяёй, а потым брыгадзірам. Часам прыходзілася і закройшчыка падмяняць. Я добра шыла, людзі да мяне прыходзілі часта, каб пашыць нешта. Даводзілася і па начах працаваць. Трэба было дзяцей вучыць, на ногі ставіць.
Вось так жыццё і прамільгнула. Зараз дзевяноста споўніцца, а здаецца, што і не жыла.
Дзякуй Богу за дзетак добрых, унукаў, праўнукаў, за суседзяў, якія мне, што дзеці родныя. Ніколі ні з кім я не пасварылася, нікому зла не жадала. Старалася дапамагчы людзям, чым магла, вось і яны да мяне з адкрытым сэрцам, з усёй душою. Я лічу, што свае дзевяноста не дарма пражыла. А ці не гэта самае галоўнае?
Слухаць Яўгенію Іосіфаўну – адно задавальненне. Яна ціхенька гутарыць, і мы перабіраем з ёю фотаздымкі. Іх шмат. Не дзіва: муж быў фатографам. А ў асобнай папцы ганаровыя граматы. Іх таксама вельмі многа. Яўгенія Іосіфаўна ўсё жыццё адпрацавала на адным месцы. І нават будучы на заслужаным адпачынку, шчыравала яшчэ 12 гадоў. Ёсць сярод узнагарод і Ганаровая грамата ад Вярхоўнага Савета. На тыя часы гэта была вельмі значная ўзнагарода.
Мы развітваемся з Яўгеніяй Іосіфаўнай, і яна так шчыра просіць прабачэння за тое, што адняла ў мяне час, а я сардэчна дзякую ёй, што падарыла мне так шмат хвілін сапраўднага задавальнення ад знаёмства з ёю, ад яе аповеда пра сваё доўгае жыццё і няпросты, але ўсё ж шчаслівы лёс. Менавіта сёння ёй спаўняецца 90. Няхай жа на яе шляху гэта будзе не апошняя круглая дата.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ.
Фота Грыгорыя ШЫРАЕВА.