banner

Бібліятэка павінна быць запатрабавальнай

14 Июля’14
1873
Бібліятэка павінна быць  запатрабавальнайНядаўна на базе цэнтральнай раённай бібліятэкі адбыўся абласны семінар дырэктараў цэнтралізаваных бібліятэчных сістэм. У рабоце семінара прынялі ўдзел прадстаўнікі Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь, Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі, галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама, спецыялісты Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я. Ф. Карскага,  а таксама прадстаўнікі выдавецтваў і кнігагандлёвых арганізацый Рэспублікі Беларусь. 
Работнікі цэнтральнай бібліятэкі старанна рыхтаваліся да гэтага важнага мерапрыемства. Ім было што паказаць, чым здзівіць удзельнікаў семінара. З вялікім задавальненнем яны прайшліся па бібліятэцы, падзіўлялі, з якім густам і прафесіяналізмам зроблены кніжныя выставы, выказалі захапленне тым, што ў штаце бібліятэкі маецца мастак, які сваімі рукамі аформіў кожны стэнд, кожную кніжную паліцу. 
Вялікае ўражанне аказала на ўдзельнікаў семінара аформленая чытальная зала на адкрытай пляцоўцы. Для гэтага работнікі бібліятэкі выкарысталі балкон будынка, і зараз чытачы на свежым паветры могуць з асалодай там пачытаць кнігу ці часопіс. 
Госці шчыра здзіўляліся такому ноу-хау і выказвалі думкі, што абавязкова паспытаюць зрабіць нешта падобнае і ў сябе.
Бібліятэка павінна быць  запатрабавальнайА потым пачалася сур’ёзная размова. Распачала яе дырэктар Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я. Ф. Карскага Л. В. Мальцава. Яна затрымала ўвагу прысутных на пытаннях, якія сёння найбольш хвалююць работнікаў бібліятэчнай сістэмы і якія неабходна рашаць.
Затым слова ўзяў начальнік галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама П. К. Скрабко. Ён выказаў свае думкі наконт таго, якой павінна быць сёння бібліятэка. Адзначыў, што з кожным годам, на жаль, колькасць бібліятэк змяншаецца. Так, з 2005 па 2012 год у вобласці стала на 270 бібліятэк менш. Скарачаецца і колькасць чытачоў. Зараз у асноўным чытаюць дзеці  да 15 гадоў. Чытачы больш старэйшага ўзросту ўсё радзей наведваюць бібліятэкі. Павел Канстанцінавіч прызваў усіх прысутных зрабіць усё магчымае, каб не страціць духоўнасць, якая была ўласцівая нашаму народу, каб кожная бібліятэка магла даказаць сваю неабходнасць для людзей.  
Старшыня раённага Савета дэпутатаў В. А. Суботка расказаў пра культурныя дасягненні, аб тым, чым жыве сёння Свіслач. Пажадаў плённай працы у ходзе семінара і творчых поспехаў. 
Начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі І. Э. Паўлючэня паведала слухачам аб культурным жыцці Свіслаччыны ў кантэксце часу, падкрэсліла, што сваю будучыню кожны народ звязвае з нацыянальнай культурай, менавіта яна з’яўляецца скарбонкай  інтэлектуальных і духоўных сіл нашага народа. 
Бібліятэка павінна быць  запатрабавальнайІрына Эдуардаўна дала характарыстыку ўстановам культуры раёна, расказала аб самых значных падзеях у культурным жыцці раёна, такіх,  як свята "Гамоняць пушчы беларускія”, "Свіслацкі кірмаш”, паведаміла аб тым, якія народныя рамёствы  сёння захаваны і маюць сваё прадаўжэнне. А гэта ганчарства, пляценне паясоў, ткацтва, вышыўка і іншыя. Расказала аб тым, чым славіцца сёння наш белавежскі край, аб яго працавітых і таленавітых людзях. Выказала спадзяванне, што семінар дасць  штуршок для вырашэння праблемных пытанняў і дапаможа зберагчы бібліятэкі, зрабіць іх сучаснымі і запатрабава-нымі.
Затым слова ўзяла дырэктар Свіслацкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы Н. У. Калач. Яна затрымала ўвагу прысутных на сучасных тэндэнцыях бібліятэчнага абслугоўвання насельніцтва раёна і адзначыла, што ў структуры бібліятэчнай сістэмы раёна сёння працуе 15 устаноў. Кніжны фонд складае 324,4 тысячы дакументаў, колькасць наведвальнікаў у год  –  12,7 тысячы чалавек. Ніна Уладзіміраўна падкрэсліла, што ў сучасны век хатніх камп’ютараў, інтэрнэта і іншых нана-тэхналогій сваю задачу бібліятэкі раёна бачаць у тым, каб не састарэць, не знікнуць як з’ява, а быць не толькі карыснымі, запатрабаванымі, неабходнымі насельніцтву, але і незаменнымі. 
Яна расказала аб напрамках работы бібліятэк раёна, аб тым, чым жыве сёння храм кнігі, што  хвалюе яго работнікаў, якія пытанні даводзіцца вырашаць, якія новыя формы работы выкарыстоўваюцца ў паўсядзённай працы бібліятэкараў у горадзе і на сяле. Завастрыла ўвагу на тым, наколькі важную работу ў цяперашні час выконвае бібліобус. Бібліятэка на калёсах абслугоўвае 31 населены пункт, у год ёю карыстаюцца звыш 700 наведвальнікаў.        
Намеснік начальніка ўпраўлення ўстаноў культуры і народнай творчасці Бібліятэка павінна быць  запатрабавальнайМіністэрства культуры Рэспублікі Беларусь Н. І. Задзяркоўская затрымала ўвагу прысутных на пытаннях рэарганізацыі бібліятэчнай сеткі ў перыяд аптымізацыі і інтэграцыі. Наталля Іванаўна ахарактарызавала становішча бібліятэчнй справы краіны ў цэлым. Сёння ў Беларусі працуе больш за 9 тысяч бібліятэк усіх сістэм і ведамстваў (у сістэму Міністэрства культуры ўваходзяць 3,5 тысяч), фонд якіх складае звыш 200 мільёнаў. Расказала аб эксперыменце па стварэнні ў сельскіх населеных пунктах інтэграваных бібліятэк на базе школьных альбо публічных. Ён пачаўся ў 2012 годзе і на сённяшні дзень, дзякуючы гэтаму створана 211 аб’яднаных бібліятэк, большасць з якіх паспяхова працуюць у сферы культуры. 
Аб прававым аспекце кіравання бібліятэчнай дзейнасцю паведаміла загадчык сектара навукова-арганізацыйнага забеспячэння бібліятэчнай дзейнасці навукова-даследчага аддзела бібліятэказнаўства Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі Н. М. Замаева.     
Камерцыйны дырэктар выдавецтва МЕТ А. Г. Корбут падзякавала ўсіх, хто меў дачыненне да стварэння кнігі "Культура Гродзеншчыны”, і падарыла экзэмпляр  П. К. Скрабко.   
Цікавай і даволі эмацыянальнай была размова за "круглым сталом”. Абмяркоўваліся такія актуальныя пытанні, як аптымізацыя бібліятэчнай сеткі, пазабюджэтная дзейнасць, работа інтэграваных устаноў, пазастацыянарныя ўмовы абслугоўвання. Ішла гаворка таксама пра чытальныя залы – пакінуць іх ці закрыць, пра стан аўтаматызацыі бібліятэчных працэсаў і пра многае іншае, што сёння не можа не хваляваць работнікаў бібліятэк. 
У другой палове дня ўдзельнікі семінара накіраваліся ў Новы Двор, дзе гасцей цёпла сустракалі работнікі мясцовай сельскай бібліятэкі. Загадчыца ўстановы Г. П. Ганчарэвіч расказала аб адным з асноўных напрамкаў дзейнасці бібліятэкі – турыстычным. Вялікае задавальненне атрымалі госці ад майстар-класа па пляценні паясоў, які паказала Н. П. Ботвіч. 
Не менш захаплення выклікала і выстава народнага мастака М. А. Ганчарэвіча. 
Вялікі інтарэс выклікаў  відэафільм "Балота Дзікое”. Удзельнікі семінара абмяркоўвалі пабачанае, выказвалі жаданне пабываць ў гэтых дзівосных мясцінах і на свае вочы пабачыць усё хараство старажытнага балота. 
Многа цікавага чакала гасцей і ў Поразаве. Трэба адзначыць, што Дом культуры зараз мае зусім іншы выгляд. Па-новаму выглядае і адрамантаваная пляцоўка перад уваходам. Усё вакол ў кветках, якія радуюць сваім хараством.
У файе гасцей сустракаў народны ансамбль народных інструментаў Поразаўскага ГДК "Вянок”. Цудоўная музыка ўвяла ўдзельнікаў семінара ў атмасферу прыгажосці і асалоды. Дапоўніла яе выстава вырабаў народных майстроў  г. п. Поразава, з якой пазнаёміла загадчык Поразаўскай гарпасялковай бібліятэкі І. У. Сарай. Госці мелі магчымасць не толькі палюбавацца цудамі, створанымі рукамі самабытных майстроў, а і набыць тое, што найбольш спадабалася. 
У ўдзельнікаў семінара засталіся самыя добрыя ўраджанні. Аб гэтым гавораць і водгукі гасцей.
Л. В. Мальцава, дырэктар Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я. Ф. Карскага: "Мы ў захапленні ад усяго ўбачанага. Па-першае, цудоўная матэрыяльна-тэхнічная база, прафесіянальна працуюць бібліятэкі, якія мы наведалі. Іх можна смела назваць інфармацыйна-адукацыйнымі цэнтрамі ў рэгіёне. Вельмі добрая арганізацыя семінара. Хачу за гэта падзякаваць дырактару ЦБС Ніне Уладіміраўне Калач. Яна вельмі вопытны кіраўнік і вакол сябе стварыла такую ж каманду.  
І. П. Машканцава, галоўны спецыяліст упраўлення ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Гродзенскага аблвыканкама: "Хачу падзякаваць у першую чаргу кіраўніцтва раёна, менавіта В. С. Анішчыка і В. А. Суботку за тое, што дапамаглі стварыць такую добрую матэрыяльную базу, за тое, што нас прынялі на такім высокім узроўні. Дзякуй таксама дырэктару ЦБС за арганізацыю, за цікавыя ідэі ў падачы фонда, за ўсё, што нам сёння давялося пачуць і пабачыць”.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ 
(тэкст и фота)

Предыдущая статья

Пожарная безопасность при уборке зерновых