
Даўно гэта было. Нарадзіла маці дванаццаць дзетак, але шасцёра памерлі яшчэ маленькімі. Засталіся два сыночкі і чатыры дачушкі. Малодшанькая Надзейка нарадзілася акурат на Вадохрышча. І Бог у сваё свята падарыў ёй асаблівы лёс, асаблівы жыццёвы шлях.
Гадавалася спраўнай дзяўчынкай, да працы прывучалася, маме ва ўсім дапамагала, а як падрасла ды занявесцілася, хлопцы пачалі парогі абіваць. Але Надзейка вырашыла, што ў сваё сяло ніколі замуж не пойдзе. Праўда, амаль сваё рашэнне не змяніла, калі прыглянуўся вясковы хлопец Мікола. Два гады з ім дружыла, ужо можна было і замуж ісці, але ж у яго яшчэ тры браты, а хатка маленькая – дзе жыць?
– Паедзь ты, Мікола, ў Карэлафінск на заробкі, – сказала яму неяк Надзейка, – вунь хлопцы з вёскі зарабілі грошай, хаты сабе пабудавалі і жывуць. І ты заробіш.
Як было не паслухаць? Вось і паехаў.
А тым часам яго брат Сцяпан жаніцца задумаў. На вяселле запрасілі гарманіста з вёскі Глыбокі Кут Брэсцкай вобласці. Гуляла Надзейка на вяселлі, танцавала пад гармонік і бачыла, што гарманіст з яе воч не зводзіць. Ды і сама яна адчула, што ад яго позірку ў грудзях горача робіцца. Адным словам, не проста так прыехаў той гарманіст, а за Надзейкіным сэрцам.
Прыходзіў ён да яе на спатканне за 12 кіламетраў з Глыбокага Кута па глыбокім снезе і праз некалькі такіх сустрэч яны пабраліся. Сталася гэта ў лютым 1956 года. Паехала Надзя з Рудні ў Глыбокі Кут. А сям’я толькі што з часовага будыначку, пастаўленага пасля вайны, перайшла ў новую хату. Пражылі там з мужам месяц, і свякроўка сказала: "Альбо едзьце на Украіну, альбо пераходзьце ў старую хату”. Падумалі Надзя з Іванам і вырашылі на Украіну ехаць. Падпісалі там дагавор на 9 месяцаў, але прабылі толькі тры. Вярнуліся, зарабіўшы тону пшаніцы і трохі грошай. Зрабілі сякі-такі рамонт у той хатцы і пачалі жыць. Надзея чакала, што вось-вось зацяжарыць і з’явіцца ў іх дзіцятка. Яна так марыла хутчэй прытуліць да грудзей немаўлятка. Але час ішоў, а мара заставалася марай. Ужо і муж пачаў папракаць, што дзяцей няма. Ездзіла па дактарах, але ўсе гаварылі, што яна абсалютна здаровая і няма ніякіх перашкод для цяжарнасці.
Так пражылі 12 гадоў. Муж працаваў на ферме загадчыкам, Надзея – у паляводстве. Ёй было вельмі балюча глядзець, як суседкі выходзяць на двор з малымі дзеткамі, як яны бегаюць па падворку, гуляюць. А па яе падворку толькі куры хадзілі.

– Не бядуй, – сказала Надзея, – я яго да сябе забяру, пакуль ты будзеш у бальніцы.
Ніна згадзілася. І паехаў маленькі Іванка ў Глыбокі Кут. Як яго песцілі, як любілі, шкадавалі. Цётка Надзя дык трэслася над ім, як над дарагім скарбам, а дзядзька Іван усюды за сабою вадзіў: і на сенакос, і на ферму. Вось дзе было раздолле для малога, не тое, што ў хаце, дзе старэйшыя могуць і кухталёў надаваць, і маме часу не было яго песціць.
Прыехала праз месяц мама забраць свайго сыночка дадому, а той упёрся і ні за што не захацеў ехаць. Плакаць пачаў, прасіцца ў цёткі Надзі, каб не аддавала яго дадому. Што рабіць, стала Надзея сястру угаворваць пакінуць Іванку. Маўляў, не перажывай, добра яму тут будзе, я яго не пакрыўджу і табе крышачку лягчэй будзе. І сястра згадзілася.
Іванка аж скакаў ад радасці і пачаў жыць у цёткі з дзядзькам.
Як жа радавалася Надзея. Купляла яму прыгожае ўбранне, прысмакі, цешылася, што ёсць для каго жыць. Іван таксама вельмі любіў хлопчыка, песціў яго, але і да працы прывучаў, не хацеў, каб той гультаём вырас.
Пайшоў Іванка ў школу, у яго самы прыгожы букет быў і касцюмчык таксама самы прыгожы. І стаяла побач з хлопчыкам яго мама Надзя і зусім не здавалася ёй, што ён няродны, не вынашаны ёю, не народжаны ад яе. Усю любоў, якую насіла ў сэрцы, аддавала яна гэтаму прыгожанькаму хлопчыку з сінімі вочкамі.
Калі Іванка пайшоў у пяты клас, яны пераехалі ў Свіслач. Тут хату сабе купілі. Іван скончыў школу, пайшоў у армію. На выправункі прыехалі маці з бацькам, браты і сёстры, але Надзея гатавала для яго стол, выпраўляла ў дарогу і чакала. Ах, як яна яго чакала. Дзянёчкі лічыла, лісты пісала, малілася Богу, каб хутчэй вярнуўся яе Ванечка.
Вярнуўся Іван з войска і праз некаторы час задумаў жаніцца. Нявеста Люда спадабалася Надзі: добрая, сціплая, прыхільная дзяўчына.
Да шлюбу выпраўлялі Івана дзве мамы і два таты. Благаслаўлялі, жадалі шчасця і дабрабыту. А потым мама Ніна паехала дадому, а Іван зноў належаў толькі ёй, Надзеі.
Калі адна за другой з’явіліся дзве ўнучачкі, дык шчасце памножылася ўтрая. Надзея Іосіфаўна так цешылася, так трэслася над маленькімі, так моцна-моцна любіла іх. Дзяўчаткі – Юля і Света – плацілі бабулі такой жа любоўю і ласкай. Яна іх і выгадавала, а ў мінулым годзе старэйшую замуж аддала. На жаль, ужо няма ў жывых сапраўдных бабулі з дзядулем, і дзед Іван таксама адыйшоў у нябыт, засталася толькі бабуля Надзея.
Іван і Люда не забываюць бабулю. Пастаянна прыязджаюць, дапамагаюць ва ўсім, вельмі шкадуюць старэнькую, хочуць, каб пажыла даўжэй ім на радасць, каб праўнучанят дачакалася.
Заўтра Надзея Іосіфаўна Чарняк адзначыць сваё 80-годдзе. Немалы шлях пройдзены, але няхай ён яшчэ доўжыцца, няхай не пакідае добрае здароўе, няхай добры Бог умацуе яго і падорыць яшчэ шмат светлых і радасных гадоў.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ.
Фота Грыгора ШЫРАЕВА.