banner

Бусліная ферма

31 Июля’13
2253
Бусліная фермаЛя плоту Лідзіі Антонаўны Раманчук буслы даўно аблюбавалі высокую старую ліпу і звілі на ёй гняздо. Кожны год прыляталі яны сюды, у Дудзічы, выводзілі буслянят, адляталі ў вырай і зноў вярталіся. Так было шмат гадоў, і Лідзія Антонаўна штовесну чакала белых птушак, радуючыся іх вяртанню. А ў мінулым годзе здарыўся непрыемны выпадак. З гнязда выпала адно буслянятка. Зусім яшчэ маленькае, кволае. Лідзія Антонаўна ўбачыла, як яно нязграбна ляжыць на зямлі, пашкадавала птушаня і забрала дадому. Спачатку адагрэла, а потым стала карміць. Само бусляня ежу з рук браць не ўмела, дык яна яму ў дзюбу запіхвала. Час па часу, малое ўжо чакала, калі яго пакормяць і раззяўляла дзюбку, а потым і само навучылася есці. Як трошкі падрасло, выпусціла яго на падворак. Буслянятка яшчэ не ўмела хадзіць на ножках, а толькі на каленках і выглядала вельмі забаўна. Але час ішоў, птушаня расло і неўзабаве ператварылася ў дарослую прыгожую птушку. Буслік навучыўся лётаць і восенню, калі прыйшла пара адлятаць у вырай, прыйшоў да сваёй выратавальніцы развітвацца. Ён абняў крыламі яе ногі і дзюбай ўткнуўся ў калені. Лідзія Антонаўна аж заплакала ад жалю. А ён яшчэ пакружыў над хатаю і паляцеў. Памахала яна рукою свайму бусліку і пачала чакаць вясны.
І вясна прыйшла, а разам з ёю вярнуліся з выраю птушкі. Прыляцеў і выратаваны буслік. Ён спачатку зрабіў некалькі кругоў над падворкам, а потым сеў у траву недалёка ад Лідзіі Антонаўны.
Як яна цешылася, што ён вярнуўся, хутчэй прынесла яму свежай рыбкі, пакарміла. А ён з’еў і паляцеў да сваёй бусліхі, якая ўжо чакала на гняздзе. Неўзабаве вывеліся ў іх маленькія бусляняткі. Аж пяць. Лідзія Антонаўна кожны дзень заглядала, як яны там, і цешылася, што ўсё ў іх добра.
Бусліная фермаАле аднойчы, прачнуўшыся раніцай, яна заўважыла, што бусел з бусліхаю трывожна кружаць над падворкам, нібы просяць аб дапамозе. "Нешта здарылася”, – падумала гаспадынька і пайшла да гнязда. Яно было разбурана. Мабыць, вецер пераваліў яго, і буслы засталіся без дома. Але самае страшнае, што ўбачыла Лідзія Антонаўна, гэта былі выкінутыя з гнязда маленькія бусляняткі. Адно ўпала на зямлю і стаяла на каленачках каля ліпы, другое знаходзілася на ліпе і ўсё трэслася, яшчэ дваіх заваліла гняздом, і іх амаль не было відно, а пятае пракалолася волечкам на востры сук і было нежывое. Лідзія Антонаўна вельмі разхвалявалася і пачала ратаваць птушанятак. Яна паклікала суседку, і яны дваіх сталі дапамагаць тым заваленым буслікам, спадзеючыся, што яны яшчэ жывыя. Асцярожна, каб не паламаць ножкі і крылцы, Лідзія Антонаўна вызваляла маленькіх з палону, у які яны папаліся. Дастала адно, паглядзела – яшчэ цёпленькае, значыць, жывое, пачала даставаць другое – таксама цёпленькае. Яна перадавала буслянятак у рукі суседцы, а потым хуценька панесла ўсіх чатырох  дадому. Дзякуй Богу, аджылі бусляняткі, і выратавальніца пачала іх карміць, яна ўжо ведала, як гэта рабіць. Вопыт быў у мінулым годзе. Спачатку бусляняткі былі напалоханыя, корм прыходзілася запіхваць проста ў дзюбу, але яны на вачах мацнелі і хутка ўжо бегалі па падворку на каленачках. Дарослыя буслы, не пакінулі сваіх дзетак, яны таксама насілі ім корм чатыры разы на дзень па чарзе, і Лідзія Антонаўна была вельмі ўдзячна птушкам, што дапамагаюць ёй гадаваць буслянатак. Дзве вялікія сабакі таксама добрасумленна пільнуюць буслянятак, як і іншых хатніх птушак.
Сёння яны ўжо амаль дарослыя. Важна ходзяць па падворку і садзе і корм бяруць прама з рук сваёй прыёмнай мамы. Ядуць усё: і макароны, і рыбу, і каўбасу, і усё, што дае карміцелька. А яна так цешыцца, гледзячы на іх, з такой цеплынёй расказвае пра сваіх гадаванцаў, і вочы свецяцца такой дабрынёй, такой радасцю, нібы гаворыць аб некім вельмі блізкім і родным.
Хутка зноў надыдзе восень, радуючы новымі ўраджаямі і наганяючы сум залатым лістападам. Пералётныя птушкі зноў будуць збірацца ў вырай. "Хатнія” буслікі тасама пакінуць сваю выратавальніцу і паляцяць разам з другімі бусламі. Яны ўжо навучыліся лётаць і некалькі разоў адляталі даволі далёка ад дому, чым была вельмі занепакоена Лідзія Антонаўна. Але яны кожны раз вярталіся, і яе душа супакойвалася. Праўда, думка, што хутка прыйдзецца развітацца з гадаванцамі аж да вясны, наводзіць на яе сум і нават слязьмі напаўняюцца вочы. Але яна разумее: так трэба і, развітаўшыся са сваімі буслікамі, будзе чакаць вясну, каб зноў з імі сустрэцца. Вось толькі, на жаль, гняздо раскіданае, каб гэта хто дапамог умацаваць на той ліпе старое кола, буслы вясною звілі б там новае гняздо, і ўсё было б як раней.    
Як добра, што ёсць на свеце такія людзі, якіх Бог надзяліў шчырым сэрцам і міласэрнасцю не толькі да людзей, а і да ўсяго жывога. Дзякуй вам, Лідзія Антонаўна, за вашу дабрыню і шчодрую душу.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ.
Фота аўтара.

Предыдущая статья

О таком рапсе четыре года назад и не мечтали