banner

Скрыжаванні

30 Июня’13
2345
На папярэдннюю.

Але назаўтра ні гаварыць аб чым-небудзь, ні тым больш святкаваць перамогу часу не было. Эйфарыя прайшла вельмі хутка: машыны яны запусцілі, але ж трэба яшчэ навучыць людзей працаваць на іх. І галоўнае – у час адшыць заказ. А гадзіннік цікае: тыдзень ужо мінуў…
Таццяна і Юрый амаль не выходзілі са швейнага цэха. Ён цярпліва тлумачыў кожнай швачцы, як на новай машыне выконваць тую ці іншую аперацыю. Яна ж сачыла, каб бездакорна выконваліся ўсе тэхналагічныя асаблівасці кожнай мадэлі: за адхіленне строчкі хоць на міліметр ад вызначанага параметра заказчыкі маглі б прычапіцца і забракаваць не толькі гэты выраб, але і ўвесь мадэльны рад. Калі нехта нечага не разумеў – дырэктар сама садзілася за машыну і паказвала, як трэба рабіць. Нездарма ж папярэдне кожную мадэль адшыла сама, ад першага да апошняга шва.
Але, працуючы поплеч дзень пры дні, яны з Юрыем амаль не размаўлялі, толькі калі ўзнікалі нейкія тэхналагічныя пытанні. Ды ім і не патрэбны былі словы, яны і без таго разумелі адзін аднаго –  з паўслова, з мімалётнага погляду, усмешкі, з ускінутых у здзіўленні броваў… Ёй здавалася, што яны не месяц, а ўжо цэлае жыццё вось так, побач працуюць, жывуць, па аднаму толькі позірку разумеюць, што яна хоча сказаць ці ён –  зрабіць, спяшаюцца адзін аднаму на дапамогу, раяцца, разам вырашаюць праблемы, калі тыя ўзнікаюць: адзін прапануе, другі дапоўніць, а часам і забракуе,  і раскажа пра сваё разуменне выйсця, і потым разам абмяркоўваюць, што лепш, і спрабуюць, правяраюць, і радуюцца, калі ўсё атрымліваецца.
Кожны дзень у іх цяпер была нейкая прыемная падзея: то закончылі адшываць нейкую мадэль, то Надзя нарэшце асвоіла аперацыю, якая раней у яе не атрымлівалася, то прывезлі новую прыгожую фурнітуру… Вечарам не хацелася пакідаць цэх, і, хоць стамлялася неймаверна, для адпачынку хапала якіх пяці гадзін сну ды кубка моцнай кавы –  ранкам яна зноў ляцела ў цэх як на крылах: там напружаная, цікавая, творчая праца, у якой яна – галоўны рухавік. І там – ён, Юрый… Са стоенай радасцю Таццяна заўважала, што і ён не надта спяшаецца дахаты… А, мо, ёй гэта толькі здавалася?..
* * *
Работу швачак арганізавалі ў дзве змены, каб навярстаць упушчаны час. І амаль што паспелі вызначаны заказ у вызначаны час. З адгрузкай першай партыі спазніліся толькі на адзін дзень, але такі "люфт” кантрактам дазваляўся.  
І ў той жа дзень, калі адшытыя мадэлі ўжо пакаваліся, патэлефанавалі іх замежныя заказчыкі.
– Алё, вітаем вас, пані Таццяна! –  гучаў у трубцы мілы і ветлівы голас Анджэя, шэф-дырэктара іх партнёрскай фірмы з Польшчы. –  Як вашы справы?
– Дзякуй, пан Анджэй, –  гэтак жа ветліва адказала Таццяна. – Справы ў нас, як і звычайна, ідуць цудоўна.
Агульныя аптымістычныя словы суразмоўцу, падобна, не задаволілі. Яму хацелася канкрэтыкі. І таму, палічыўшы, пэўна, што правілы прыстойнасці выкананы, ён перайшоў да галоўнага пытання:  
– Хацелася б даведацца, як хутка вы адгрузіце наш заказ? Спадзяюся, што заказаныя намі мадэлі вы адшылі на новым абсталяванні яшчэ лепш, чым тыя, што мы бачылі ў вас падчас свайго візіту. Таццяна, здаецца, бачыла, як яхідна Анджэй зараз пасміхаецца ў прадчуванні, як яна пачне прасіць адтэрміноўкі, стане тлумачыць, што ўзніклі праблемы…
– Не турбуйцеся, пан Анджэй, першую партыю вашага заказу, як і прадугледжваюць умовы кантракту, мы адгружаем заўтра.
Завісла паўза. Здаецца, партнёр не паверыў сваім вушам. І нават не стрымаўся, спытаў здзіўлена:
 – Вы так хутка асвоілі новае абсталяванне?! І ніякіх цяжкасцей не ўзнікла?
– Ну што вы, пан Анджэй! Як слушна заўважыў ваш экспедытар, які даставіў нам машыны, мы ж не ў пячорах выраслі. Разабраліся што да чаго. І ад імя ўсяго нашага калектыву я хачу падзякаваць вам за машыны:  яны вельмі тэхналагічныя і прадукцыйныя.  З такім цудоўным абсталяваннем ды з улікам прафесіяналізму нашых супрацоўнікаў, у якім вы маглі асабіста ўпэўніцца, мы, я спадзяюся, і наступныя партыі заказанай вамі прадукцыі адшыем своечасова і з патрабуемым вамі ўзроўнем якасці. Спадзяюся, што затрымкі з аплатай заказу не будзе. Вы ж, як салідныя кампаньёны, працуеце ў адпаведнасці з умовамі дагавору? Увогуле хачу сказаць, што мы вельмі рады, што ў нас з вамі наладзілася такое плённае і ўзаемавыгаднае супрацоўніцтва, –  рассыпалася Таццяна ў двухсэнсоўных кампліментах.
– Мы – таксама, –  прамямліў пан Анджэй.
– Дарэчы, варта было б сустрэцца і ўдакладніць дэталі наступнага заказу. Падчас абмеркавання кантракту мы з вамі больш абгаворвалі ўмовы першай пастаўкі. А зараз неабходна вызначыцца: для наступнага заказу вам адшываць тыя ж мадэлі і ў той жа колькасці ці ў вас будуць на гэты раз нейкія асаблівыя пажаданні?
Анджэй памаўчаў пэўны час, асэнсоўваючы яе словы. Відаць, партнёры не асабліва разлічвалі, што трэба будзе рабіць заказ яшчэ і другой партыі, а тым больш – наступных. Пасля працяглай паўзы без асаблівага энтузіязму адказаў:
– Давайце дачакаемся, пакуль да нас паступіць прадукцыя, пабачым, наколькі якасна выкананы заказ,  і тады будзем вызначацца з другой партыяй.
– О, пан Анджэй, не сумнявайцеся, якасць вам спадабаецца, мы стараліся. Ды і абсталяванне вы нам паставілі проста цудоўнае, на такіх машынах, калі дасканала асвоіш іх, мне здаецца, проста немагчыма сапсаваць мадэль. А прафесіяналізм нашых супрацоўніц вы ж, наколькі я ведаю, асабіста тэсціравалі. Але ў любым выпадку ацаніць якасць – гэта ваша права. Хачу толькі нагадаць, што кантракт мы з вамі падпісалі доўгатэрміновы, і за наш вымушаны прастой вам давядзецца плаціць няўстойку, – цяпер ужо Таццяна біла палякаў іх жа зброяй.
 Анджэй, падобна, справіўся з эмоцыямі ад нечаканага для яго павароту падзей і вызначыў для сябе далейшы напрамак дзейнасці. Ён зразумеў, што партнёры раскрылі загадку іх "траянскага каня” і нават больш таго – самастойна справіліся з праблемай, да таго ж своечасова… Відаць, недаацанілі яны тую самую хвалёную кемлівасць рускіх, пра якую расказваюць хто легенды, хто анекдоты. А цяпер ужо партнёры валодаюць мячом, прычым на іх палавіне поля, і цудоўна разумеюць гэта… Ну што ж, малайцы, найменшага, чаго яны заслугоўваюць, – гэта павагі. Зрэшты, па вялікаму рахунку, гэта не самы горшы варыянт. Тым больш, што гульня яшчэ не скончылася.
Размову ён закончыў вельмі міла і карэктна –  амаль гэтак жа, як і пачаў:
– Ну што вы, пані Таццяна, які прастой, якая няўстойка? Як толькі да нас паступіць прадукцыя, то, як мы і дамаўляліся, вы на працягу трох дзён атрымаеце поўны разлік за гэтую партыю і падрабязную раскладку па новым заказе. Я спадзяюся, што наша супрацоўніцтва і надалей застанецца такім жа плённым, і мы, як і зараз, будзем разумець адзін аднаго з паўслова.
– Я таксама на гэта спадзяюся, –  усміхнулася Таццяна.
Усё ж дыпламатыя – вялікае мастацтва: яны з гэтым Анджэем цудоўна зразумелі адзін аднаго…
* * *
Калі яна пераказала размову з панам Анджэем Валодзю, той доўга смяяўся. І шчыра захапляўся яе майстэрствам весці перамовы:
– Танюша, ты малайчына, гэтак умыла гэтага паляка – і прычапіцца няма да чаго! За машыны падзякавала, пра няўстойку нагадала, своечасовы разлік запатрабавала… Гэта ж шчасце, што ён на цябе патрапіў! Калі б мне давялося з ім гаварыць, я б, напэўна, не стрымаўся,  выдаў бы яму ўсё, што думаю пра іх паводзіны і пра наша партнёрства. Дабрадзеі гэткія!
– Валодзя, ну што ты заводзішся? – пастаралася Таццяна патушыць агонь, пакуль ён не паспеў разгарэцца. – Усё ж цудоўна закончылася! Гэта яшчэ раз пацвярджае старую як свет ісціну: не капай іншаму яму. Яны захацелі "кінуць” нас, а ў выніку мы атрымалі на вельмі выгадных умовах новыя машыны, асвоілі абсталяванне, якое мала ў каго ёсць, і зараз наша канкурэнтаздольнасць на рынку істотна павысілася. Сёння, калі нават палякі адмовяцца ад супрацоўніцтва, думаю, мы без праблем знойдзем іншых заказчыкаў – не шмат ёсць фірм, якія могуць на такім узроўні, які сёння ёсць у нас, адшыць самыя складаныя мадэлі. Да таго ж кантракт цяпер працуе на нас, і зараз ужо палякі  павінны клапаціцца, каб мы, як мінімум, гэты год працавалі без прастояў. Ды і ўмовы аплаты закладзены вельмі прыстойныя. Відаць, яны не разлічвалі, што мы вырашым гэтую задачку з запускам машын, і спадзяваліся сарваць добры куш на няўстойцы. А аказалася, што спрацавалі супраць саміх сябе. Так што, па вялікаму рахунку, мы павінны быць ім удзячны.
– Ну наконт удзячнасці палякам – гэта пытанне спрэчнае, –  пакруціў Валодзя галавою. –  А што гэтаму Кашавараву трэба рукі цалаваць – то дакладна. Каб не яго інжынерны геній, не ведаю, дзе мы былі б зараз… Так што свае колішнія папрокі ў твой адрас з-за таго, што ты падабрала невядома дзе і невядома каго, узяла на працу неправеранага чалавека, забіраю назад. І захапляюся тваёй жыццёвай інтуіцыяй. Я дык доўга яму не давяраў, усё мне здавалася, што ёсць у ім нейкае падвойнае дно.
Таццяна міжволі напружылася, слухаючы Валодзевы дыфірамбы ў адрас Юрыя, і спрабавала зразумець: з якой нагоды сябар завёў гэтую размову? Што не проста так, то дакладна – занадта добра яна яго ведае. Нешта ён мае сказаць яшчэ...
– Я вось аб чым, Таня, разважаў апошнім часам, пакуль вы з гэтым Кашаваравым у цэху днявалі і начавалі, – пацвярджаючы яе думку, працягваў Валодзя. – Напэўна, грэх чалавека з такім інжынерным розумам трымаць на пасадзе вадзіцеля, як ты лічыш? Усё ж добрага шафёра знайсці прасцей, чым талковага інжынера. А ён на справе даказаў, што цудоўна разбіраецца ў тэхніцы, наша абсталяванне за лічаныя дні вывучыў як свае пяць пальцаў… Як ты глядзіш на тое, каб прызначыць яго галоўным інжынерам?
Валодзя патрапіў у "яблычак”: Таццяна і сама неаднойчы пра гэта думала, ды баялася заводзіць размову на гэтую тэму. А ўсё гэтая яе дурная закаханасць, якая так перашкаджала працаваць – не пра справу думаеш, а пра тое, хто што скажа, ці як паглядзіць…
– Ну мне здаецца, што гэта быў бы не самы горшы варыянт, – памаўчаўшы крыху для прыліку, нібы паразважаўшы над прапановай Валодзі, падтрымала яна сябра. – Але ж тэхнічныя пытанні ў нашай фірме заўсёды заставаліся за табой, –  яна ўсё ж асцярожнічала, разважаючы, дайшлі ўжо да Валодзі бабскія перашэптванні-пераглядванні, ці гэта размова не мае да іх ніякага дачынення.
– Таня, я ведаю, што ў мяне шмат недахопаў, але ж не варта мяне лічыць самаўлюбёным дурнем! Я цалкам самакрытычна прызнаю, што ў тэхніцы мне да Юрыя – як да Кітая паўзком. Зрэшты, што нам дзяліць. Работы хопіць усім, трэба яе толькі пераразмеркаваць разумна. Давай я вазьму на сябе частку тваіх сённяшніх абавязкаў, да прыкладу, работу з пастаўшчыкамі. А то ты ўжо зусім заматалася... А на табе застануцца перамовы, юрыдычныя пытанні, стратэгія развіцця – гэта ў цябе найлепш атрымліваецца. Можа, пасля гэтага ў цябе з’явіцца больш вольнага часу. А то, я гляджу, ты хутка зусім забудзешся аб тым, што ты  жанчына…
– Гэта ты аб чым? – насцярожылася Таццяна. –  Я што, так дрэнна выглядаю?
– Ды выглядаеш ты проста цудоўна! – шырока ўсміхнуўся Валодзя. – Настолькі, што нават незразумела: чаму такая прыгожая жанчына ўвесь час адна? Хоць, зрэшты, гэта якраз зразумела: калі ж табе, працагалічцы невылечнай, пра сябе думаць? З ранку да позняга вечара на фірме, дзе ж знайсці час, каб асабістае жыццё ўладкоўваць? Сумленне мяне, па праўдзе кажучы, загрызла, што ты столькі ўзваліла на сябе.
– За клопат, вядома, дзякуй, –  саркастычна ўсміхнулася Таццяна. – Але, Валодзя, пра сваё асабістае жыццё ўсё ж дазволь паклапаціцца мне самой, – адказала яна даволі рэзка.
Ды, памаўчаўшы хвіліну, крыху змякчыла тон.
– Хоць увогуле пераразмеркаванне службовых абавязкаў, як мне здаецца, ты прапаноўваеш слушнае. Давай паспрабуем, паглядзім, што атрымаецца. Зрэшты, калі што не так, заўсёды ж можна падстрахаваць адзін аднаго, праўда? І Кашавараў да нас якраз дарэчы прыбіўся – нібы з неба зваліўся. Ён вельмі добрая падтрымка для справы, асабліва з улікам гэтага польскага заказу. Інжынер ну проста геніяльны, я такіх не сустракала: любую ідэю з лёту схоплівае. Не паспееш дагаварыць, а ён ужо ведае, што трэба і як гэта зрабіць. На пасадзе галоўнага інжынера яму –  самае месца.
– Ну а я пра што? – узрадаваўся Валодзя. – Вось за што люблю з табой працаваць: любое пытанне за тры хвіліны можна вырашыць!
– Толькі я цябе папрашу: скажы ты Кашавараву сам пра яго новае прызначэнне, –  крыху памаўчаўшы, прасеўшым раптам голасам папрасіла Таццяна. – Мне трэба яшчэ раз з юрыстам пераглядзець гэты кантракт з палякамі, каб яны зноў не ўчапіліся за якое слова ці коску, ад іх усяго можна чакаць. Тым больш, што табе трэба перадаць новаму чалавеку ўсю тэхнічную частку, растлумачыць, што да чаго, паказаць гаспадарку…
– Пачакай, Таня… Што гэта з табой? Ты што, пазбягаеш Кашаварава? – нахмурыў бровы Валодзя, нібы спрабуючы нешта зразумець. – То ў кожную паездку – толькі з ім, а то сказаць яму пра новае прызначэнне часу не маеш… Слухай, дзяўчынка, ты часам не закахалася?
– Не вярзі глупства! – пачырванеўшы, выгукнула Таццяна і, гучна ляпнуўшы дзвярыма, выскачыла з кабінета, тым самым яшчэ больш упэўніўшы кампаньёна, што ён недалёкі ад ісціны.
Дахаты Таццяна вярталася пазнавата. На рабоце зараз да паступлення заказу на новую партыю прадукцыі для палякаў знікла тое напружанне, якое панавала яшчэ тыдзень назад. Нават адпусцілі швачак, да іх вялікай радасці, у кароткатэрміновы адпачынак. Але і дамоў спяшацца не было асаблівай патрэбы: Вася ўсё яшчэ працаваў у будатрадзе, Андрэйка "ганяў балду” ў бабулі.
"На выхадных трэба будзе з’ездзіць у вёску, – падумала пра сябе. – Засумавала ўжо і па Андрэю, і па маме – больш месяца іх не бачыла. Ды і з агародам трэба дапамагчы. Чарніцы пайшлі, у лес добра было б выбрацца хоць на паўдня. Андрэйка, мусіць, зноў стане прасіцца дамоў. Напэўна, трэба яго забраць. Калі і сапраўды Валодзя вызваліць яе ад абавязкаў забеспячэнца, то гэта ж колькі вольнага часу прыбавіцца! Можна будзе з сынам з’ездзіць куды-небудзь на выхадныя – вось будзе радасці”.
Пасля спякотнага дня разамлелы горад шукаў жаданай прахалоды і паратунку ў доўгіх ценях шматпавярховак, пад засенню ўжо прыбітай летнім пылам, шызаватай зеляніны сквераў, у свежым рачным подыху на набярэжнай. Таццяна пайшла даўжэйшай дарогай, каб прагуляцца ля вады. Пасядзела на лавачцы, назіраючы за тым, як цёмныя рачныя хвалі нясмела, бы баючыся, не верачы, што маюць на гэта права, цалуюць стромкі бераг. Пакарміла качак, што таўкліся пад мостам у чаканні хлебных крошак, якія кідалі ім зверху засумаваўшыя па прыродзе гараджане, што вымушаны былі ў гэтыя сасмяглыя летнія дні сядзець у душных гарадскіх кватэрах і офісах, а не ляжаць дзе-небудзь ля вады ці на ўскрайку лесу. Паблукала па выбітых нагамі такіх, як сама, неаматараў заасфальтаваных алей сцяжынках у парку, дзе ёсць верагоднасць хоць на нейкі час застацца сам-насам са сваімі думкамі… 
…У свой двор яна зайшла, калі сонца ўжо зачапілася за шпіль тэлевышкі і паціху спускалася ўніз, заканчваючы свой дзённы эратычны танец на гэтым карункавым шасце, раздрабляючыся на мноства яркіх палымяных язычкоў, мяняючы афарбоўку і  прыцягваючы позіркі тых, хто яшчэ не развучыўся час ад часу глядзець у неба. І з першага погляду  згледзела, што на лавачцы ля іх пад’езду сядзіць святочна апрануты мужчына з кветкамі. "Ты глядзі, якія джэнтльмены ў нас завяліся! – падумала са здзіўленнем. – Да каго ж, цікава, такі госць? Вераніка яшчэ малаватая для такіх кавалераў, да яе ўсё больш у скураных куртках з металічнымі ланцугамі ходзяць. Пятроўна, наадварот, стараватая… У Людмілы муж раўнівы… Можа, чалавек адрас пераблытаў? У нас, здаецца, няма каму такіх гасцей вечарамі прымаць”.
– Спазняецеся, Таццяна Аляксееўна, –  падняўся з лавачкі мужчына з шыкоўным букетам руж – і Таццяна са здзіўленнем пазнала ў ім Юрыя. – Працоўнае заканадаўства парушаеце. Там, між іншым, запісана права не толькі на працу, але і на адпачынак.
– Юрый, я вас не пазнала, –  яна не магла схаваць свайго здзіўлення. – Куды вы гэта сабраліся, такі прыбраны, з кветкамі?
– Кветкі, дарэчы, вам.
– Мне? Дзякуй… – яна ўзяла чайныя вытанчана-прыгожыя ружы… Напаўраскрытыя бутоны іх выпраменьвалі ні з чым не параўнальны водар – такога ніколі не бывае ў тых, што куплены ў кветкавых магазінах. Гэтыя, відаць, толькі нядаўна зрэзалі. –  Спадзяюся, на гэта раз не з гарадской клумбы?
– Ну што вы! Гэта з маёй дачы… Мама і сястра ў мяне цудоўныя кветкаводы. Ну і я ім калі-нікалі дапамагаю, мне гэты занятак таксама падабаецца…
– А з якой нагоды такі цудоўны падарунак? – пацікавілася Таня.
– У знак удзячнасці. За ўсё, што вы для мяне зрабілі… Напэўна, вы нават не ўяўляеце, што менавіта…
– Ну, па-першае, вы яўна перабольшваеце. Але нават тое, што, як вы лічыце, я для вас зрабіла – гэта я рабіла найперш для самой сябе. Так што яшчэ пытанне, хто каго павінен дзякаваць, – Таццяна раптам змоўкла, не стала тлумачыць, што яна мае на ўвазе, спыніла сама сябе, каб зноў не ўбіцца ў шчырыя размовы па душах. І каб перавесці размову ў іншае, як ёй падалося, больш бяспечнае рэчышча, спытала:
– А прыбраліся так з якой нагоды? – яна крытычным позіркам агледзела яго бездакорна адпрасаваныя штаны і сарочку, падабраны ў тон гальштук, вычышчаныя да блеску туфлі. –  Я вас такім ніколі не бачыла.
– Што, зноў не адпавядаю? – засмяяўся Юрый. – Вы мяне яшчэ шмат якім не бачылі, Таццяна Аляксееўна. Як, зрэшты, і я вас. Я спадзяюся, што гэты працэс узаемнага даведвання будзе працягвацца. Уласна кажучы, дзеля гэтага я і прыйшоў. Дазвольце запрасіць вас у рэстаран. Спадзяюся, вечар у вас свабодны? А то я неяк вельмі саманадзейна не пацікавіўся гэтым зараней…
– Мяне? У рэстаран? – яна на яго глядзела, як на дзівака, і не магла стрымаць усмешкі.
– Я што-небудзь не так сказаў? – насцярожыўся Юрый. – Вас па нейкай прычыне нельга запрасіць у рэстаран?
– Ды не, –  ужо адкрыта засмяялася Таццяна. – Можна, вядома! Толькі чамусьці не запрашаюць. Я проста спрабую ўспомніць, калі была там у апошні раз. Не на дзелавых перамовах ці карпаратыўных вечарынках, а проста так, каб павячэраць. Ды яшчэ, каб мяне туды запрасілі. І не магу ўспомніць… Можа, некалі гэта і было – даўным-даўно, у мінулым жыцці. Але ўжо я не памятаю…
– Ну значыць, трэба вярнуцца ў мінулае жыццё, – развёў рукамі Юрый. – Толькі вазьму на сябе смеласць нагадаць, што гэта ўжо не дзелавы ланч, а рамантычная вячэра, якую вы мне некалі паабяцалі. Так што папярэджваю загадзя: ніякія "Я заўсёды плачу за сябе сама” не прымаюцца. Тым больш, што ў мяне з сённяшняга дня, як вы, напэўна, ведаеце, новая пасада. І, адпаведна, новая зарплата. Такі імклівы кар’ерны рост: за нейкіх два месяцы ад дзяжурнага на варотах да галоўнага інжынера саліднай фірмы. Пагадзіцеся, ёсць што адзначыць! І за што падзякаваць…
– Ну дзякаваць вам трэба найперш сабе. Хачу вам сказаць без усялякага падхалімажу, што гэта цалкам заслужаная вамі пасада. А ўвогуле я вельмі радуюся за вас, Юра, – сказала яна неяк асабліва цёпла. – Радуюся, што вы знайшлі сябе. А мы – вас. Спадзяюся, што для нашага агульнага задавальнення і доўгага і плённага супрацоўніцтва.
– Я таксама на гэта моцна спадзяюся. А яшчэ на тое, што яно будзе нават больш доўгім, чым ваш адказ на маё запрашэнне. Скажыце ж, нарэшце: вы згодны правесці сёння са мной вечар?
– А што, я яшчэ не сказала сваё катэгарычнае "так”? – гулліва ўзняла бровы Таня. –  Вось жа дзявочая памяць! Хоць вы самі вінаваты: забалбаталі мяне… Канешне, я згодная! Вы толькі пачакайце пару хвілін, пакуль я збяруся…
– І што, вы хочаце сказаць, што паспееце за пару хвілін? –  красамоўна паглядзеў на гадзіннік Юрый. – Калі гэта адбудзецца, то вы паб’еце ўсе магчымыя рэкорды і вас занясуць у кнігу рэкордаў Гінеса… Я, канешне, згодны пачакаць, колькі трэба, але хацелася б крыху дакладней ведаць, колькі ў вашай метрычнай сістэме азначае "пара хвілін”?
Таццяна залівіста засмяялася. І злавіла сябе на тым, што ўжо колькі часу стаіць тут з кветкамі ў руках, какетнічае з незнаёмым прыгожым мужчынам. Суседзі, мусіць, шыі павыварочвалі, выглядваючы ў вокны… А калі яшчэ ён застанецца тут сядзець на лавачцы… О, тады каля іх пад’езда пачнецца сапраўдны броўнаўскі рух: кожнаму ж захочацца выглядзець, хто такі гэты невядомы мужчына, выпытаць, да каго і навошта ён прыйшоў. А заўтра… Пра тое, якую атаку цікаўных суседак ёй давядзецца вытрымаць заўтра, лепш не думаць:  усё, што ні прыдумаеш, будзе праўдай.
Хвіліну павагаўшыся, яна прапанавала:
– А ўвогуле, калі хочаце, можаце падняцца са мной і пачакаць, пакуль я збяруся, ў кватэры…
– Што, баіцеся скампраметаваць сваю рэпутацыю? – Юрый у чарговы раз прадэманстраваў, што ўмее чытаць яе думкі.
–  Як казала гераіня аднаго фільма, у мяне такая бездакорная рэпутацыя, што яе даўно патрэбна скампраметаваць, –  махнула рукой Таня. –  Але, калі па праўдзе, то лішніх размоў не хочацца.
– Ну тады давайце лічыць, што я вас запрасіў у рэстаран, а вы мяне – на каву. Кава ў вас, спадзяюся, ёсць?
– А як жа! У мяне, здараецца, бывае пусты халадзільнік, але кава ёсць абавязкова, прычым добрая. Без гэтага допінгу я жыць не магу…
– Вы толькі не палохайцеся, у мяне ў хаце парадак далёкі ад ідэальнага, – ужо на лесвіцы спахапілася Таццяна, успомніўшы карніз, які ўсё яшчэ вісеў на адным цвіку, посуд у ракавіне, які ранкам пакінула нямытым… І акно не дабралася пачысціць, і дыван пыласосіла тыдзень назад… "І тузануў мяне нячысцік запрасіць гэтага Юрыя ў кватэру! – раззлавалася сама на сябе. – Маглі б праз якую гадзіну сустрэцца ля рэстарана… Ды і ўвогуле, ці варта было пагаджацца на яго прапанову? Навошта гэта? Толькі падкормліваць таго няпрошанага лазутчыка, што невядома калі незаўважна прабраўся ў душу. А ён потым будзе днямі і начамі грызці, кусаць яе і без таго збалелае сэрца…”
Здаецца, ён заўважыў раптоўную змену ў яе настроі.
– Што-небудзь не так, Тацяна Аляксееўна? Я ў вас нікому не стану перашкаджаць? Калі што, то я магу і на вуліцы пачакаць…
Гэта яе рассмяшыла. Аказваецца, пакуль яна змагаецца са сваімі страхамі, у Юрыя ў галаве гуляюць свае "тараканы”. Ён таксама баіцца пераступіць парог яе жытла, толькі зусім па іншай прычыне.
– Не хвалюйцеся, дома нікога няма, –  супакоіла яна госця. –  Андрэйка ўсё яшчэ ў бабулі. А Вася, старэйшы сын, паехаў у будаўнічы атрад, самастойнасці яму захацелася. Так што я пакуль што адна… Толькі майце на ўвазе, што гасцей я не чакала і парадак не наводзіла…
І раззлавалася на сябе. Чаго гэта яна перад ім апраўдваецца? Яе кватэра – як хоча, так і жыве!
Дома яна перш за ўсё паставіла ў ваду ружы, затым –  чайнік на пліту, дастала з шафкі каву, цукар, кубак, уключыла тэлевізар.
– Юра, вы пакуль тут самі сябе пачастуйце і займіце, добра? Не саромейцеся, адчувайце сябе, як дома. Калі што спатрэбіцца, то ў шафках ці ў халадзільніку знойдзеце неабходнае, пры ўмове, вядома, што яно ўвогуле ёсць у гэтай хаце. А я пакуль з вашага дазволу душ прыму: дзень сёння такі спякотны…
Але замест таго, каб уключыць душ, яна стала набіраць ванну. Хацелася не проста спаласнуць з сябе дзённы пыл і клопаты, але крыху даўжэй пабыць адной, за зачыненымі дзвярыма, каб сабрацца з думкамі, вырашыць, як  далей паводзіць сябе з гэтым Юрыем. І навошта толькі яна прыняла гэтае яго запрашэнне ў рэстаран? Не трэба даваць сабе волі, не варта расслабляцца, выпускаць з клеткі гэтую вар’яцкую закаханасць…. І ўвогуле, трэба ўцякаць ад гэтага Юрыя – як мага далей. Пакуль не позна… Ці ўжо позна? Ох і што ж рабіць? Лепш за ўсё – выйсці зараз з ванны, ветліва падзякаваць за запрашэнне і адмовіцца ад паходу ў рэстаран. Прыдумаць што-небудзь, нейкую ўважлівую прычыну… Хоць, напэўна, гэта ўсё ж няёмка, да таго ж непраўдападобна: спачатку згадзілася, а пакуль прымала душ, невядома адкуль з’явілася ўважлівая прычына… Праз вентыляцыйны люк тэрміновае паведамленне атрымала… Не, прыдумляць нешта і хлусіць не варта. Юра бачыць яе наскрозь, адразу ўсё зразумее. Канешне ж, пакрыўдзіцца… А ён гэтага не заслужыў. Не, раз ужо прыняла запрашэнне, трэба ісці. А потым усё яму шчыра сказаць. Ну не зусім шчыра, вядома, пра сапраўдную прычыну, аб сваіх пачуццях яна толькі сабе, і то ў думках, можа прызнацца. Але можна, напрыклад, сказаць, што ў яе ёсць мужчына. Ад такога паведамлення яго як ветрам здуе… Ага, вось толькі б яшчэ прыдумаць, дзе ён падзеўся? Ну тады прызнацца незнарок, што яна да гэтага часу кахае бацьку Васі.  Ці Андрэйкі… Не, пра Андрэйку не атрымаецца. Тады, як ехалі з Мінска, яна ў парыве шчырасці нешта там гаварыла яму пра гены… А калі да гэтага часу кахае Васевага бацьку, то адкуль узяўся Андрэйка? Таксама не складваецца…
 Ото ж дасталася ад маці заганная спадчына: маніць не ўмее аніяк! У людзей гэта атрымліваецца лёгка, грацыёзна, нават таленавіта. А яна, нават калі паспрабуе, кожны, хто яе хоць крышачку ведае, адразу заўважыць. А пасля ўсё абавязкова наверх выйдзе… І праўду ж яму не скажаш: так, маўляў, і так, Юра, я вас кахаю і баюся свайго кахання, таму давайце ў далейшым нашы адносіны абмяжуем чыста дзелавымі… А можа,  сказаць між іншым, што сыны нікога ў яе жыццё блізка не дапускаюць? Андрэй, праўда, калі забіралі яго з бальніцы, усю дарогу з ім шчабятаў, пра ўсе свае курсанцкія справы паспеў расказаць, а на Васю можна паспрабаваць спіхнуць... А ў далейшым усе стасункі звесці да мінімуму – ніякіх кветак, рэстаранаў, ніякіх размоў па душах. Адносіны – чыста дзелавыя. І паціху, па кропельцы выціскаць з сябе гэтае пачуццё. Трэба шукаць у ім нейкія недахопы. Вось хоць бы тое, што смаліць ён замнога… І ўвогуле…
Што ўвогуле, яна прыдумаць не паспела – успомніла, што  ляжыць у пеннай ванне і займаецца самабічаваннем недаравальна доўга, і гэта ўжо перасягае ўсе межы прыстойнасці. Запрасіць чалавека дахаты і пакінуць аднаго, а самой схавацца… Яна хуценька вымыла валасы, заматала галаву ручніком і, накінуўшы на плечы махровы халат, выйшла ў калідор.
…Юру яна зноў не пазнала – яго святочныя штаны і сарочка віселі на спінцы крэсла, а сам ён у старых Васевых джынсах і расцягнутай майцы стаяў на каленях і прыкручваў ножкі ў табурэтках, якія даўно расхісталіся, ды сын усё не знаходзіў то часу, то жадання давесці іх да ладу. Карніз ужо вісеў на абодвух цвіках, памыты посуд стаяў у сушылцы…
 Напэўна, выгляд у яе быў больш чым здзіўлены – яна не магла вымавіць ні слова.
– Ну вы ж самі сказалі: адчувайце сябе, як дома… Ну вось я і адчуў, – разгублена развёў рукамі Юра, убачыўшы яе нямое здзіўленне. – Інструменты знайшоў на балконе, рабочую адзежу – таксама, – працягваў ён апраўдвацца.
– Юра, я цябе зноў не пазнаю, –  яна сама не заўважыла, што нечакана для сябе перайшла на "ты”…
Ён таксама глядзеў на яе ва ўсе вочы, і яна не магла зразумець, чаго ў тым позірку больш – здзіўлення, захаплення, жадання… Потым паклаў адвёртку і падышоў да яе ўшчыльную.
– Ведаеш, я цябе – таксама…
Ручнік раскруціўся і ўпаў на падлогу, валасы рассыпаліся па плячах. Таня стаяла здранцвелая і не магла варухнуцца, прыкаваная да месца гіпнатызуючым позіркам яго карых вачэй – яны зацягвалі ў невядомы, бяздонны вір... Яна яшчэ паспела падумаць, як недарэчна, напэўна, зараз выглядае – з мокрымі ўскудлачанымі валасамі, без макіяжу, усе маршчынкі – напаказ… 
Але Юра ўткнуўся носам у яе макушку, моцна абняў і прыціснуў да сябе:
– Божа, якая ж ты цудоўная… Ты такая… Сапраўдная… Светлая… Жаданая… Каханая… Адзіная… Мая… Цяпер – мая… І толькі мая… Каб ты толькі ведала, як я марыў аб гэтым… Як доўга я цябе шукаў… Як я чакаў гэтай сустрэчы… Танечка, родная, любая, як жа я цябе кахаю, каб ты гэта ведала, каб ты толькі магла здагадацца, паверыць, адчуць, што робіцца ў маёй душы кожны раз, як я цябе бачу… Якое шчасце, што ты ёсць у гэтым свеце! Бо інакш – навошта было б жыць, які сэнс?
Яна не мела ні сілы, ні жадання нешта гаварыць – моўчкі каўтаючы слёзы, якія раптам хлынулі з вачэй, прыціснулася да яго ўсім целам… Упершыню пасля столькіх гадоў неабходнасці быць моцнай, правільнай, разумнай, прадбачлівай, адказваць за ўсё і за ўсіх яна адчула сябе звычайнай слабой жанчынай. І нават больш таго – маленькай безабароннай дзяўчынкай, якая зараз схавалася пад аховай яго дужых пяшчотных рук, якія зараз гладзілі яе па галаве, ахутваючы коканам недатыкальнасці ад усіх бедаў, што ёсць у свеце: ад зайздрасці, інтрыг, ад злых людзей і нават ад дрэннага надвор’я. І ведала, адчувала, разумела, што няма ў свеце больш надзейнай абароны, больш моцнай сцяны, больш салодкага палону, чым гэтыя моцныя, такія родныя рукі… Усё, пра што яна думала, пакуль прымала ванну, усе яе страхі, планы, прыдумкі ў адзін момант некуды зніклі, і сэрца да краёў запоўніла адно-адзінае адчуванне – пачуццё бязмежнага, бязважкага, усеабдымнага шчасця.
Ён моўчкі, прагна і адначасова пяшчотна цалаваў яе мокрыя валасы, лоб, слёзы, што салёнымі ручаінкамі цяклі па шчоках, яе вусны, плечы, што выслізнулі з халата…
– А як жа рэстаран? – прашаптала яна, калі ён падхапіў яе на рукі.
– Ды будзе ў нас яшчэ тых рэстаранаў! – прашаптаў ён і зноў закрыў ёй вусны пацалункам. – У нас з табой яшчэ ўсё жыццё наперадзе…
Ніна Рыбік.

Предыдущая статья

Встреча с губернатором в Большой Берестовице