Гады праляцелі, нібы знічкі. Зараз Крапіўніца ўжо не тая. Двароў удвое паменьшала, а жыхароў, дык разоў у пяць. Трошкі больш за 30 працаздольных, 62 пенсіянера і ўсяго 10 дзетак. Але ж вёска жыве. Па-ранейшаму будзяць раніцай гаспадынь чубатыя пеўні, і жыхары рупяцца да працы, хто куды. Так было і будзе заўсёды, бо пакуль свет стаіць, для вяскоўцаў не было нічога важнейшага за працу.
Людзі, у якіх нам пашчасціла пагасціць, у Крапіўніцы паважаныя. Сёння яны ўжо на заслужаным адпачынку, але, аглядаючыся назад, ім ёсць што ўспомніць, ёсць аб чым расказаць. Да іх прыйшла акурат тая восень, калі "кураняты” ўжо палічаны. Ні адно не згубілася ў траве, не папала ў кіпцюры да шуляка, добрыя выраслі, дбайныя. Тое, што трэба!
У дзецях маё шчасце
Давайце знаёміцца. Першая мая субяседніца – Марыя Аляксандраўна Васіленя. У мінулым педагог з 40-гадовым стажам. Зараз – проста бабулька, добрая, шчырая, ветлівая. Ужо сем гадоў, як аўдавела. Але ж адчуваць сябе самотнай не дазваляюць дзеці, тры ўнука, праўнучка і праўнук.
– Я не тут нарадзілася, а ў Ваўкавыскім раёне, у вёсцы Нізяны, – дзеліцца ўспамінамі Марыя Аляксандраўна. – Тата мой усяго тры класы скончыў, але вельмі любіў вершы Коласа і Купалы. Быў краўцом добрым, а мне пашыў з папяровага мяшка сшытак, напісаў там літары і навучыў мяне чытаць і пісаць. Я адразу ў другі клас пайшла. Добра вучылася, паступіла ў Ваўкавыскае педагагічнае вучылішча. У 1954-м мяне накіравалі ў Крапіўніцкую школу. Вось і прыехала. Мне тады і 18 не споўнілася. Пачала вучыць дзетак у пачатковых класах. Шмат іх было, стараліся вучыцца, слухаліся, усім цікавіліся. Я вельмі любіла і працу сваю, і дзетак.
Тут і мужа свайго сустрэла. Ён на машыне ездзіў, убачыў неяк мяне і запала я яму ў душу. Мы з ім чатыры гады дружылі, пакуль пажаніліся. "Я цябе выгадаваў”, – жартаваў ён не раз. Вельмі быў масцеравы, рукі залатыя меў. Два сына я яму нарадзіла – Аляксандра і Віктара. Старэйшы ў Піцеры жыве, працуе больш за трыццаць гадоў прарабам на хлебазаводзе, мае добрую сям’ю, выгадавалі з жонкай дачушку і ўжо маюць унучку. Малодшы Віктар з маленства ў музыку быў улюбёны. Скончыў Поразаўскую музычную школу, пасля – Гродзенскае вучылішча і адразу паступіў у Мінскую кансерваторыю. Іграе на ўсіх інструментах, працуе ў БДПУ імя М. Танка, вядзе музыку і кіруе народным ансамблем музыкі, танца і песні "Рэй”. Старэйшы сын прыязджае два разы на год, малодшы – часцей. Унукі наведваюць, не забываюць мяне. Я шчаслівая маці і бабуля.
І дом збудаваў, і сад пасадзіў...
Апошні адрас нашага побыту ў Крапіўніцы – дом № 1. І жывё ў ім добразычлівы, сціплы і добры гаспадар Іван Дамінікавіч Магілевіч. Ён сустракае нас на ганку і ветліва запрашае ў хату, дзе вельмі смачна пахне прыгатаваным абедам. Здзівіўся, чаму раптам зацікавіла яго асоба? Нават спрабаваў адмовіцца, але потым згадзіўся расказаць пра сябе.
– Я мясцовы жыхар. Калісь Крапіўніца была вялікай вёскай. Тут я ў школу пайшоў, тут вайна мяне напаткала. Дзядзька мой на вайне загінуў, а астатнія, дзякуй Богу, выжылі, хоць і цяжка было вельмі. Калі немцы ўжо адступалі, то хацелі вёску спаліць, але не паспелі. Згарэла тады дамоў шэсць ці восем, далей людзі не далі агню пайсці, затушылі.
Пасля вайны маладыя хлопцы шукалі, дзе якую працу знайсці, ездзілі ў Расію на заробкі. Я таксама быў і ў Алтайскім краі, і першым цаліннікам. Трактарыстам, камбайнёрам працаваў, дапамагаў збіраць ураджай. Потым вярнуўся, сустрэў сваю любую, ажаніўся. Ядвігай называлася, вельмі добрай была, працавітай, да любой працы здатнай: што ў полі, што ў хаце, што па гаспадарцы – усё ў руках гарэла. А якой ахайнай была, чысцёхай. У хаце заўсёды быў парадак, утульнасць. І дачок таму ж вучыла. Траіх мы з ёй выгадавалі. Усе ў Гродна жывуць, ні за адну не сорамна. Ужо самі даўно мамамі сталі, трох унучанят нам падарылі і ўжо аднаго праўнука. Толькі жыць і цешыцца, а тут нас гора напаткала. Нечакана пакінула мяне мая Ядзя, раптоўна памерла. Ніколі ні на якую хваробу не скардзілася, заўсёды здаровая, бадзёрая была, і тут інсульт яе падкасіў. За чатыры дзянёчкі згасла. Два гады да залатога вяселля не дажыла. Цяжка было, перадаць немагчыма, і мне, і дзецям. Як толькі здолелі такі боль стрываць.
Жыву цяпер адзін у гэтым вялікім доме. Калісь сам яго будаваў, сад вялікі пасадзіў, для сям’і, для дзяцей стараўся, а жыццё вунь як распарадзілася. Але дачушкі пра мяне не забываюцца. Няма таго дня, каб кожная не пазваніла, не пацікавілася, як ідуць справы, ці здаровы, ці ўсё ў парадку. А ў выхадныя прыязджаюць, дапамагаюць мне ва ўсім. Вясною агарод пасадзяць, праполюць, летам нарыхтоўкаў на зіму наробяць, восенню па грыбы любім хадзіць. Дачушкі да сябе клічуць, але я не хачу. Пакуль ногі носяць, буду ў сваёй хаце жыць. Ды і ім будзе да каго прыехаць.
Вось так і жыву. Ужо даўно на пенсіі, а раней больш як 30 гадоў працаваў трактарыстам у раённы вузле электрасувязі. З людзьмі заўсёды ў згодзе жыў, пра Бога не забываўся. Без Яго няма жыцця, мы і дзяцей таму ж з маленства вучылі, а яны сваіх. Так і павінна быць, а ўсё астатняе прыложыцца.
Я пакідаю дом гэтага гасціннага чалавека, жадаю яму здароўя і дабрабыту і яшчэ раз акідваю позіркам падворак, запарошаны снегам сад, дзе спяць пад белымі коўдрамі яблыні, і шчыра дзіўлюся, які ж Іван Дамінікавіч добры гаспадар. Усё на сваіх месцах, ва ўсім адчуваецца клапатлівая рука, разумны падыход да справы. Нездарма яго ў вёсцы паважаюць і цэняць.
Я з душою працавала
На сцежачку, што вяла да дому наступнай субяседніцы, выбег вялікі чорны сабака. Абнюхаў мяне з усіх бакоў і, хутчэй за ўсё, вырашыўшы, што я не нясу ніякай пагрозы ні яму, ні яго гаспадыні, прапусціў мяне ў веснічкі, гаўкнуўшы пару разоў для парадку.
І вось я ў доме Яўгеніі Іосіфаўны Шыманчук. Яна ветліва сустракае, усаджвае ля стала і здзіўлена глядзіць у вочы: хто гэта і чаго да яе прыйшоў? Знаёмімся.
Вочы жанчынкі зацікаўлена засвяціліся і паліўся цікавы аповед пра мінулае жыццё, пра гады-гадочкі, што прабеглі, як адзін дзянёк.
– Я родам з Крапіўніцы. Тут прайшлі мае самыя лепшыя гады, за тутэйшага хлопца замуж пайшла, нарадзіла дачушку Антаніну і сына Валодзю. Дачушка настаўніцай у Эйсмантах працуе, а Валодзя – прадпрымальнікам. У Свіслачы мае некалькі магазінаў, яго ўсе ведаюць. А яшчэ маю чатырох унукаў і аднаго праўнучка Глебушку.
Дзеці самі сабе выбіралі справу па душы, як і я некалі. Памятаю, з дзяцінства любіла на кухні час бавіць, маме дапамагала. А вырасла, пайшла кухарскай справе вучыцца ў Поразава да Яніны Валянцінаўны Гушча. Навучылася і пайшла працаваць у Крапіўніцкую школу поварам. 33 гадочкі гэтай справе прысвяціла. Часта замяняла повара ў Поразаўскім рэстаране "Колас”, з душой працавала, таму і атрымлівалася добра. Вось зараз вам пакажу кнігу водгукаў, што мне аддалі, як на пенсію пайшла. Пачытайце, там адны падзякі.
Бяру ў рукі тую кніжку, перагортваю, чытаю: «Мы, студенты химико-технологического техникума, сердечно благодарим Шиманчук Евгению Иосифовну – самого лучшего повара в мире за очень вкусные, сытные обеды, без которых мы не могли бы так хорошо работать».
І такіх запісаў вельмі шмат. Людзі, якія хоць раз адведалі страву, прыгатаваную ўмелымі рукамі Яўгеніі Іосіфаўны, былі шчыра здзіўлены, як простая вясковая жанчына здолее стварыць такое смакоцце. Таму і на пахвалу не скупіліся.
Мала таго, яна ж яшчэ і вяселлі строіла вяскоўцам, караваі пякла, ды якія! А яшчэ банкеты, юбілеі, хрысціны, провады ў войска. Накрые стол – залюбуешся, а скаштуеш – гатоў язык праглынуць.
Дома таксама сваіх балавала разнастайным смакоццем. А піражкі якія выпякала, дзяцей, бывала, за вушы не адцянеш. Зараз ужо ўнукі спяшаюцца да бабулі, ведаючы, што ў той заўсёды ёсць для іх нешта смачнае. Бабуля шчодрая і нічога для іх не шкадуе.
Вось толькі, на жаль, дзядулі ўжо няма. Пятнаццаць гадкоў назад пакінуў ён гэты свет. З тых пор бабуля адна жыве, але сумаваць няма калі. Калі ля пліты не завіхаецца, то пруткі ці кручок у рукі бярэ і неўзабаве ажываюць тыя пруткі, і каляровыя ўзоры складаюцца з нітак. Квяцістыя пакрывалы на канапе, на крэслах такія прыгожыя, што вачэй нельга адарваць. Вось якая майстрыха Яўгенія Іосіфаўна! Праўду кажуць, як чалавек таленавіты, то таленавіты ва ўсім.
Мала таго, прыйдзе лета, дык яна яшчэ і ў лес паспявае пабегчы, ягадаў-грыбоў назбіраць. Адным словам, ніяк без справы жыць не ўмее. Ды і ў вёсцы, хіба, можна інакш!?
Што аддавалі – тое вяртаецца
Іду па вёсцы далей, заходжу ў хату да Пятра Ільіча і Ядвігі Іванаўны Шыманчукоў. Яны не чакалі гасцей з раёнкі і трошкі збянтэжыліся, захваляваліся. Але праз хвілінку ўжо шчыра распавядалі пра сваё жыццё-быццё.
– У Крапіўніцы мае карані. Тут нарадзіўся і вырас, – гаворыць гаспадар, – а суджаную сваю ў суседняй вёсцы, у Навасёлках, прыгледзеў. Заехаў неяк туды на вячоркі, убачыў яе і ўпадабаў. Потым сватоў паслаў, як мае быць, засватаў сваю Ядзю. Павянчаліся ў Ізабеліна, а на вяселлі ў нас такія музыкі былі, што сёння такіх пашукаць трэба. Гармонік, скрыпка і бубен гучалі. Вось ужо больш за 50 гадоў мінула, а я памятаю тую музыку. На шчасце яна нам грала, на добрае жыццё. У 2009-м мы залатым вянцом яго ўпрыгожылі.
– За столькі гадоў, вядома, усяляк было, але скардзіцца няма на што, – уступае ў размову гаспадынька. – Як пажаніліся, дык з бацькамі яго жылі. Свякроўка ў мяне вельмі чулая была, працавітая. І вязала, і вышывала, і ткала, і пірагі пякла. Ніколі я ад яе слова нядобрага не чула. Памяркоўная была, мудрая. Дзетак дапамагала гадаваць. Тры дачушкі я нарадзіла. Добрымі раслі, паслухмянымі, дасціпнымі. Мы з дзедам маем дзевяць унукаў і два праўнука. Старэйшыя дочкі Эма і Тэрэза – у Свіслачы, абедзве на пякарні шчыруюць. Адна мае двое, а другая трое дзетак. Малодшанькая Яня – у Мінску, выбрала сабе "салодкую” працу на фабрыцы "Камунарка”, чацвёра дзетак гадуе.
Мы ў свой час у мясцовым саўгасе працавалі, трымалі гаспадарку, стараліся, каб дзеці адзетыя, абутыя, каб усё, як у людзей было. А зараз адпачываем і просім у Бога для дзяцей, унукаў і праўнукаў здароўя і шчасця.
Яны – наша радасць і надзея. Дочкі штодзень звоняць, часта прыязджаюць. Хвалююцца за нас, атуляюць ласкаю і турботаю, клапоцяцца, шкадуюць. Калісь мы ім аддавалі сваю любоў і ласку, а зараз яны нам. Так і трэба. Што дзецям дасі, пакуль яны малыя, тое ад іх у старасці атрымаеш. Гэта даўно жыццём даказана.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ.
Грыгорый ШЫРАЕЎ (фота).
Грыгорый ШЫРАЕЎ (фота).