banner

Жыццё кароткае, як імгненне

30 Октября’12
3504
Жыццё кароткае,  як імгненне
У пачатку лістапада будзем адзначаць Дзень памяці продкаў — Дзяды. Час роздуму і ўспамінаў пра тых, каго ўжо няма побач з намі. Гэта яшчэ адна магчымасць спыніцца ў штодзённым карагодзе імклівага жыцця, неадкладных спраў і клопатаў і задумацца аб вечнасці. Нездарма кажуць, што чалавек жыве да таго часу, пакуль жыве памяць аб ім. Магілы родных і блізкіх — гэта найбольш яскравае адлюстраванне нашай памяці. Святы абавязак кожнага — аддаць даніну павагі і памяці продкам
.
 Тут, у могілкавай цішыні,
Растварыліся розныя лёсы.
Хтось, зусім не спазнаўшы вышынь,
Так заўчасна ўзнёсся ў нябёсы.
Хто пражыў каля сотні гадоў,
На зямлі след глыбокі пакінуў,
Хто хварэў, хто не знаў дактароў,
Хто знямог, хто ў няшчасці загінуў...
Але ўсіх тут зраўняла зямля,
Назаўсёды ў сябе ўвабрала.
Спіце вечна пад спеў салаўя —
Вам зязюлька сваё адкувала.

Таму напярэдадні Дзядоў мы спяшаемся на могілкі, каб навесці там парадак, каб праліць слязу роспачы і раскаяння за былыя крыўды, за неабачлівасць, за раўнадушша да родных і блізкіх людзей, якія яшчэ ўчора былі побач, аб нечым клапаціліся, любілі, цешыліся, спадзяваліся. Нехта збірае капейчыну да капейчыны, каб пабудаваць новую хату, купіць машыну, дарагую мэблю, моднае адзенне. А сёння вунь іх "кватэра” пад невялічкім бугорчыкам. Яны такія розныя, гэтыя бугорчыкі. На адных узвялічваюцца дарагія помнікі, пастаянна ляжаць кветкі, гараць лампадкі. Іншыя больш сціплыя, з крыжам ды таблічкай, хто пад ім пакоіцца. А ёсць і такія, што паўрасталі ў зямлю, зараслі высокай травой, і дарожка да іх даўно забытая. Але ж і яны не занядбаныя, чужыя людзі, што прыходзяць на могілкі да сваіх блізкіх, не забываюцца і пра адзінокія бугарочкі, пад якімі вечным сном спяць нечыя бацькі і маці, браты і сёстры, мужы і жонкі. Падпраўляюць крыжы, вырываюць траву, праціраюць помнікі ад пылу.
Жыццё, яно такое кароткае, як імгненне. І тое імгненне некалі застанецца на помніку адной толькі рыскай паміж датамі жыцця і смерці. Ці шмат мы паспяваем зрабіць за гэтае імгненне, ці жывём так, каб, калі пакінем гэты свет, аб нас памяталі і нас аплаквалі?! На жаль, мы задумваемся аб гэтым толькі тады, калі на скронях асядае белы снег сівізны, калі за спіною паўвеку, а то і болей, калі ўсё часцей далягаюць хваробы.
"Жизнь моя, иль ты приснилась мне?” – пісаў некалі вядомы рускі паэт Сяргей Ясенін. Вось і нам часам здаецца, што тое жыццё нібы ў сне прайшло. Аглянешся назад – і мароз па скуры прабяжыць: не так жыў, не тое тварыў, не аб тым думаў, не да таго імкнуўся, не тое цаніў. А павярнуць назад ужо позна, бо поезд жыцця імкнецца толькі наперад і прыпынак у яго адзін. Хто сустрэне нас на тым прыпынку? Дзе размесцімся мы ў вечнасці, якая кожнага з нас чакае? Яшчэ ёсць час падумаць аб гэтым, яшчэ ёсць…
Міргацяць на могілках лампадкі, іх кволыя агеньчыкі спрабуюць асвяціць шлях душам памерлых, і ў храме бясконца пералічваюцца імёны адыйшоўшых у нябыт. Як ім там? Хто іх сустрэў на прыпынку "Вечнасць”, дзе знайшлі прытулак іх збалелыя душы? Памолімся за іх, памолімся…
Ядвіга КОБРЫНЕЦ.
Фота Грыгорыя ШЫРАЕВА.

Предыдущая статья

Мы работаем командой