banner

Архіепіскап з Занак С. Богуш-Сестранцэвіч

19 Сентября’11
4534

Архіепіскап з Занак С. Богуш-Сестранцэвіч

Сёння спаўняецца 280 гадоў з дня нараджэння нашага славутага земляка С. І. Богуш-Сестранцэвіча, беларускага грамадска-палітычнага і царкоўнага дзеяча, асветніка, гісторыка, мовазнаўцы-славіста, пісьменніка, першага метрапаліта ўсіх рымска-каталіцкіх цэркваў у Расіі.

Нарадзіўся С. І. Богуш-Сестранцэвіч 3 верасня 1731 года ў в. Занкі ў шляхецкай пратэстанцкай сям’і. Бацька яго па веравызнанні быў кальвіністам, і Станіслаў атрымаў першапачатковую адукацыю ў Слуцкай кальвінійскай гімназіі. У 1745 годзе ён выехаў у Германію, дзе служыў у прускай пяхоце, пасля чаго працягваў адукацыю з 1748 года на філасофскім факультэце ўніверсітэта Франкфурта на Одэры, выдатна яго скончыўшы. Некаторы час вандраваў, пабываў у Амстэрдаме і Лондане.

У 1751 годзе юнак вяртаецца на радзіму, дзе зноў ідзе на службу, на гэты раз у «Літоўскую гвардыю». Праслужыўшы дзесяць гадоў, 30-гадовы Станіслаў выйшаў у адстаўку ў чыне капітана. Увесь гэты час ён прымаў актыўны ўдзел у грамадска-палітычным жыцці, пісаў апавяданні, вершы, казанні на разнастайныя тэмы.

Маючы добрую адукацыю і вялікую цягу да навукі, Станіслаў некаторы час працаваў хатнім настаўнікам у Радзівілаў. Менавіта пад уздзеяннем гэтай магнацкай сям’і ён прымае рашэнне прыняць каталіцтва. У 1763 годзе, скончыўшы Галоўную школу піяраў у Варшаве, быў высвенчаны на ксяндза. У гэтым жа годзе атрымаў парафію і працаваў у Гомелі, Бабруйску, затым каноннікам у Вільна, пасля чаго быў узведзены ў сан епіскапа-суффарагана. Пасля далучэння беларускіх зямель да Расіі Кацярына II, асабіста пазнаёміўшыся з ім, прызначыла яго ў 1773 годзе (без дазволу Папы) епіскапам Беларускім. Гэта дало яму магчымасць выконваць ролю галоўнага правадніка палітыкі рускай улады ў адносінах да каталіцкай царквы ў Расіі. Гэта падзея вызвала незадавальненне з боку іезуітаў і папскай курыі.

Маючы вялікія магчымасці, якія дараваў яму сан, у 1774 годзе Б.-Сестранцэвіч заснаваў тыпаграфію ў Магілёве, якая займалася выдавецтвам не толькі духоўнай, але і свецкай літаратуры. Друкуецца шмат яго навуковых прац па выніках даследаванняў у галіне гісторыі, медыцыны, філалогіі.

14 лютага 1782 года Кацярына II заснавала Магілёўскае архіепіскапства, а архіепіскапам прызначыла Б.-Сестранцэвіча. 20 лютага з гэтай нагоды прайшла ўрачыстая цырымонія. Пачынаючы з гэтага года і да канца стагоддзя ён жыў у Магілёве. Папа Рымскі афіцыйна прызнаў яго назначэнне толькі ў снежні 1783 года, а палліум быў яму ўручаны 22 лютага 1784 года.

У выніку прыдворных інтрыг па ініцыятыве іезуітаў Б.-Сестранцэвіч у 1800 годзе двойчы зведаў ссылку, але на пачатку праўлення Аляксандра I быў вернуты на свой пост і прызначаны старшынёй рымска-каталіцкай духоўнай калегіі. З 1801 года пераехаў у Пецярбург. У 1810 годзе, калі было заснавана галоўнае ўпраўленне духоўнымі справамі замежных веравызнанняў, рускі ўрад стаў дамагацца дазволу Папы Рымскага на пашырэнне ўлады магілёўскага архіепіскапа, як метрапаліта ўсіх рымска-каталіцкіх цэркваў у Расіі, і ўзвядзенне яго ў сан прымаса. Папа Рымскі адмовіў яму надаць прывілеі, звязаныя з гэтым званнем, у сувязі з чым рускі ўрад узяў назад сваю прапанову.

Жывучы ў Пецярбургу, Б.-Сестранцэвіч часта выязджаў у Беларусь дзеля вывучэння краю і жыцця народа. Быў прыхільнікам ідэй гуманізму і асветніцтва, выступаў супраць схаластыкі, адкрываў у Беларусі школы. У 1813 годзе становіцца прэзідэнтам Вольнага эканамічнага Таварыства, сябруе з Расійскай акадэміяй навук. Усе свае даследаванні перакладаў на лацінскую, польскую, рускую мовы. Яго друкаваная спадчына надзвычай багатая. Гэта гісторыка-краязнаўчая праца «Пра Заходнюю Расію» (1793), «Статут для касцёлаў і каталіцкіх манастыроў у Расійскай імперыі» (1798), «Гісторыя Таўрыды» ў 2-х тамах (1800, 1806), «Гісторыя сарматаў і славянаў» у 4-х тамах (1812), «Граматыка Літоўская» і іншыя. Выдаваў свае пераклады заходнееўрапейскіх паэтаў, збіраў старажытныя пісьмовыя помнікі.

Памёр 1 снежня 1826 года ва ўзросце 96 гадоў. Пахаваны ў храме Св. Станіслава ў Пецярбургу.

Л. ЖУК,

навуковы супрацоўнік Свіслацкага гісторыка-краязнаўчага музея.

Предыдущая статья

Любовь... и голуби