banner

Важкі ўклад у гістарычную памяць

19 Сентября’17
1727

Важкі ўклад у гістарычную памяць

Пра даследаванне археалагічных помнікаў свіслацкага краю і пра невядомыя падзеі паўстання 1863–1864 гадоў, аб старажытных сядзібах Свіслаччыны і  аб тым, як свіслачане ў пачатку ХХ стагоддзя “лавілі капейкі”, вялася зацікаўленая размова на мінулым тыдні. Навукова-практычная канферэнцыя “Мінулае і сучаснасць свіслацкага краю” сабрала ў канцэртнай зале дзіцячай школы мастацтваў знакамітых гісторыкаў і навукоўцаў, настаўнікаў і вучняў школ раёна, прадстаўнікоў раённай улады і грамадскасці.  

 

Сярод ганаровых гасцей канферэнцыі – старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Суботка, намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Юрый Кулікоў, дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вячаслаў Даніловіч, намеснік дырэктара па навуковай працы Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза.

 
Звяртаючыся з прывітальным словам да прысутных, намеснік старшыні райвыканкама Юрый Кулікоў адзначыў: “Кожны куточак, кожная часцінка Свіслаччыны мае сваю адметную, непадобную да іншых прыгажосць і зачараванне. Але галоўным багаццем і ўпрыгажэннем нашага краю з’яўляюцца яго жыхары. Працалюбівыя і самабытныя, гасцінныя і спагадныя. Такі багаты гісторыяй і прыродай край не можа не прыцягнуць сюды турыстаў і падарожнікаў, даследчыкаў гісторыі і фальклору, прадпрымальнікаў і інвестараў.


На працягу стагоддзяў нашы продкі стваралі пэўны ўклад жыцця, мелі свае звачаі і традыцыі. Сёння мы стараемся адрадзіць і памножыць нашу культурную спадчыну. У рамках правядзення абласнога фестывалю-ярмаркі працаўнікоў сяла “Дажынкі-2017” на гарадской плошчы будзе адноўлены абеліск, які быў разбураны ў 1939 годзе, а на месцы сядзібнага дома ў гарадскім парку з’явіцца новы гісторыка-археалагічны аб’ект.

Мы добра разумеем, што Свіслач з’яўляецца галоўнымі варотамі з Гродзенскай вобласці ў Белавежскую пушчу, і таму падпарадкаваны агульнай ідэі зрабіць наш край яшчэ больш прыгажэйшым і маляўнічым”.

 
Дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вячаслаў Даніловіч падкрэсліў, што навукоўцы заўжды з вялікім задавальненнем наведваюць гасцінны свіслацкі край, жыхары якога ведаюць, захоўваюць і шануюць сваю гісторыка-культурную спадчыну:
– Краевугольным каменем у падмурку паспяховага развіцця любой краіны з’яўляецца захаванне гістарычнай памяці, веданне гісторыі Радзімы, бо без гэтага немагчыма выхаванне сапраўднага патрыёта.

 
Для нас вельмі важна, што шчырае супрацоўніцтва з раённымі ўладамі стварае базу для прымянення дасягненняў айчыннай гуманітарнай навукі на мясцовым узроўні, робіць даступнымі найноўшыя веды для ўсіх пластоў грамадства.
Вячаслаў Віктаравіч падзякаваў за вялікую працу, якая праводзіцца ў раёне па захаванні гістарычнай спадчыны, і па даручэнні акадэміка-сакратара аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў НАН Беларусі Аляксандра Кавалені ўручыў грамату аддзялення калектыву Свіслацкага раённага выканаўчага камітэта.

 
Шэраг настаўнікаў устаноў адукацыі раёна былі ўзнагароджаны граматамі Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Сярод іх Таццяна Кухарчык (Поразаўская СШ), Наталля Ткачэнка (гімназія № 1 імя К. Каліноўскага г. Свіслач), Уладзімір Міхальчык (Дабравольскі ДС СШ), Аляксандр Пясецкі, Аксана Пашкевіч (СШ № 2 імя М. П. Масонава г. Свіслач). Падзякай дырэктара Інстытута гісторыі НАН Беларусі былі адзначаны вучань 10 класа Давід Руды (гімназія № 1 імя К. Каліноўскага г. Свіслач), вучань 10 класа Антон Рэкуць (Поразаўская СШ), вучань 10 класа Уладзіслаў Гурын, вучні 11 класа Валерыя Бандысік і Іван Шэйка (СШ № 2 імя М. П. Масонава г. Свіслач).


Пасля цырымоніі ўзнагароджання адбылося падпісанне Дагавора аб супрацоўніцтве паміж Інстытутам гісторыі НАН Беларусі і гімназіяй № 1 імя К. Каліноўскага г. Свіслач. Сваімі подпісамі яго замацавалі дырэктар гімназіі Святлана Гірэй і дырэктар Інстытута гісторыі Вячаслаў Даніловіч. І як першы крок у развіцці супрацоўніцтва вучоныя падарылі гімназічнай бібліятэцы падборку гістарычных выданняў.


Намеснік дырэктара па навуковай рабоце Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вадзім Лакіза прысвяціў свой даклад пытанням удасканалення заканадаўства ў галіне даследавання і аховы археалагічных аб’ектаў.


Вялікую цікаўнасць у слухачоў выклікаў сумесны даклад навуковых супрацоўнікаў Інстытута гісторыі НАН Беларусі Сяргея Ліневіча і Станіслава Юрэцкага, прысвечаны папярэднім вынікам археалагічных даследванняў у Свіслачы ў бягучым годзе. Дарэчы, у фае школы супрацоўнікамі Свіслацкага гісторыка-краязнаўчага музея была прадстаўлена выстава гістарычных артэфактаў, знойдзенных падчас археалагічных раскопак на месцы сядзібы графа Тышкевіча ў гарадскім парку. Гэтыя знаходкі папоўняць фонды музея.


Тэма даклада загадчыка аддзела гісторыі Беларусі Новага часу Інстытута гісторыі НАН Беларусі Андрэя Унучака тычылася ўпамінанняў пра Свіслацкі край на старонках газеты “Наша Ніва” ў 1906–1915 гадах. Андрэй Уладзіміравіч узгадаў вельмі цікавую гісторыю, звязаную з заробкамі свіслачан, якая ўзгадвалася ў адным з нумароў за 1909 год. Справа ў тым, што на тэрыторыі Белавежскай пушчы з 1907 года пачалося распаўсюджванне насякомага-шкодніка. За 1908 год гэтым “моталем” (так яго называлі) было пашкоджана 1 200 дзесяцінаў хвойнага лесу. Змагаліся з ім такім чынам: абкопвалі заражаныя “моталем” участкі, уначы ў гэтых равах распальвалі агонь, і шкоднікі ляцелі на святло і гінулі. Каб заахвоціць насельніцтва да барацьбы са шкоднікамі, Упраўленне лясоў Расійскай імперыі прызначыла ўзнагароду: за аднаго шкодніка давалі адну капейку. Гэта мела свае вынікі – цэлыя сем’і пачалі выходзіць “лавіць капейку”. За год за адлоўленых насякомых насельніцтву было выплачана 25 000 рублёў!


Навуковы супрацоўнік Аб’яднанага інстытута праблем інфарматыкі НАН Беларусі Алена Крывальцэвіч пазнаёміла ўдзельнікаў канферэнцыі з мабільным дадаткам KrokApp, які быў распрацаваны на базе інстытута і дазваляе з камфортам падарожнічаць па краіне. Па словах Алены Віктараўны, ідэя заключаецца ў тым, каб карыстальнікі маглі хадзіць па горадзе самастойна. Калі чалавек уключае гэты мабільны дадатак, ён можа вызначыць, колькі ў яго ёсць часу, каб паглядзець славутасці. KrokApp павінен разлічыць кропкі агляду, якія можа ўбачыць гэты чалавек, і прапанаваць маршрут, як да іх прайсці.


Пасля перапынку канферэнцыя прадоўжылася працай па секцыях. Удзельнікі падзяліліся на дзве группы, адна з якіх засталася ў дзіцячай школе мастацтваў, а другая накіравалася для працы ў гімназію № 1. Усяго ўвазе ўдзельнікаў канферэнцыі было прадстаўлена больш за 20 навуковых дакладаў, якія тычыліся розных аспектаў гісторыі Свіслацкага краю.

 
У суботу раніцай з удзельнікамі навукова-практычнай канферэнцыі сустрэўся старшыня Свіслацкага райвыканкама Уладзімір Анішчык.

 
Ён падзякаваў навукоўцам за тое, што яны правялі глыбокую даследчую работу па вывучэнні гісторыі нашай Свіслаччыны і адзначыў, што гэта зямля вельмі багатая на цікавыя археалагічныя аб’екты. Таму, калі будзе жаданне і магчымасць, у нас можна знайсці шмат чаго новага і карыснага для абодвух бакоў.

 
У сваю чаргу дырэктар Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Вячаслаў Даніловіч быў прыемна ўражаны шчырай зацікаўленасцю старшыні райвыканкама гісторыяй таго краю, у якім яму давялося жыць і працаваць. На жаль, гэта рыса характару ўласцівая асобным прадстаўнікам улады. Вячаслаў Віктаравіч падзякаваў Уладзіміру Сяргеевічу ад імя ўсіх удзельнікаў канферэнцыі за гасціннасць і дадаў, што вынікам гэтай плённай сустрэчы стане кніга, выданне якой ужо запланавана Інстытутам гісторыі ў серыі “Беларусь: старонкі гісторыі”, а ў будучыні, магчыма, з’явіцца і манаграфія.

 
Лагічным завяршэннем сустрэчы на вышэйшым узроўні стала падпісанне Дагавора аб супрацоўніцтве паміж Інстытутам гісторыі НАН Беларусі і Свіслацкім раённым выканаўчым камітэтам.

 

 

Ігар БАЯРКІН,

 Вольга БУБЕНЧЫК.

 

Предыдущая статья

На защите интересов страны