Жаночыя лёсы вайны: нябачны фронт партызанкі Надзеі Катлінскай

14 Июня’26
252

Апошні раз я сустракалася з Надзеяй Іванаўнай Катлінскай дванаццаць гадоў таму. Ёй ужо было дзевяноста, але выглядала яна элегантай сталай жанчынай з прыгожай прычоскай і мілай усмешкай. Лёс яе не песціў, прыйшлося прайсці праз неверагодныя выпрабаванні з самога дзяцінства: голад, холад, жабрацтва, страты. Але гэтыя беды не зламалі яе дух, бо быў ён мацнейшым за ўсе выпрабаванні. Можа, наадварот, яны закалілі яе, зрабілі нязломнай. Перада мной сядзела пасівелая жанчына, на грудзях у якой свяціліся ордэны Чырвонай Зоркі і Айчыннай вайны, мноства медалёў. Я слухала яе аповед, і слёзы цяклі па шчаках.


Уратаваліся цудам

Надзея Катлінская нарадзілася ў 1919 годзе ў вёсцы Веркалы, што на Случчыне. Дзяцей у сям’і было восем, але трое памерлі ў малым узросце. Засталося пяцёра. Калі Надзейка яшчэ невялічкай была, згарэла іх хата. Цудам удалося ўратавацца. Выбеглі ў чым былі на вуліцу, а маці паспела з агню выхапіць толькі абраз і… кактус. Невядома, навошта ён ёй спатрэбіўся ў такую гарачую хвіліну, можа, проста пад рукі трапіў, і яна ў разгубленасці яго схапіла. Дзякуй Богу, у хляве карова стаяла сцельная, яшчэ сякая-такая жыўнасць. Узялі, што маглі, і пайшлі да бабулі. Мама з самай маленькай дачушкай засталася там, а старэйшым дзецям торбачкі пашыла, і пайшлі яны жабраваць. Хадзілі па вёсках ад хаты да хаты, прасілі міласціну. Хто шкадаваў і кідаў сёе-тое ў торбу, а былі і такія, што гналі са двара. Усяляк было. Але неяк выжылі, Бог уратаваў ад згубы. Карова ацялілася. На шчасце, двое цялят прывяла, стала трошкі лягчэй. 

Потым сям’я перасялілася ў невялічкі закінуты дом на хутары. Маці з бацькам  і Надзея з братамі ад зары да зары працавалі, ды і малодшыя таксама не сядзелі склаўшы рукі. Паціху падняліся на ногі, сталі жыць лепш. Неяк бацьку выклікалі ў сельсавет, сказалі, што вывязуць у Сібір як кулакоў. Крыўдна было вельмі, бо ўсё, што мелі, уласнымі мазалямі зарабілі, нічога дарэмна не далося. Плакала маці, туліла да сябе дзяцей, а яны суцяшалі, упэўнівалі, што ўсё будзе добра. Бацька распрадаў тады, што мог, і купілі яны маленькую хату ў вёсцы Вераб’ёва. Яна, можна сказаць, сярод лесу стаяла. З усіх бакоў высокімі соснамі ды елкамі была акружана. 

Старэйшы сын вывучыўся на лётчыка, а другі ў войску служыў, быў танкістам. Надзея ў школу хадзіла за 10 кіламетраў, а як скончыла, брат прапанаваў ёй працу ў сталовай пры ваенным аэрадроме. 

Лістоўкі ў касу ўплятала

21 чэрвеня, напярэдадні вайны, прыбег брат, загадаў Надзі хуценька збірацца і ісці дадому. Яна не хацела, упіралася, бо акурат субота была, і вечарам меліся быць у клубе танцы. А ўжо раніцай бамбёжка пачалася. Тады бягом праз лес бегла, а кругом выбухі, аж зямля дрыжала. Неяк удалося вярнуцца ў вёску. А там перапалох, маці галосіць, людзі панікуюць. Так у жыццё 22-гадовай Надзеі ўварвалася вайна.

Праз пару дзён і немцы былі ў вёсцы. Пачалі маладых хлопцаў у паліцыю заганяць. Выбар у іх быў такі: альбо ў Германію, альбо ў паліцаі, а не – расстрэл. Вось і вымушаныя былі ісці юнакі ў паліцыю, бо страшна было вельмі, не хацелася ехаць на чужыну, ды і жыць усім хацелася.

– Мяне з другімі дзяўчатамі пагналі працаваць на шасейную дарогу Мінск – Слуцк, – дзялілася ўспамінамі Надзея Іванаўна. – На тую пару я ўжо з партызанамі была звязана. Яны часам прыходзілі ноччу да нас, мама есці давала, мыла бялізну. А я перадавала ім звесткі аб тым, куды і ў якой колькасці накіроўваліся нямецкія ваенныя машыны. А потым пачала лістоўкі насіць. Была ў мяне на зайздрасць прыгожая доўгая каса, дык я ў валасы лістоўкі ўплятала, а зверху яшчэ хустачку павязвала. Ішла смела і праносіла, ніхто мяне не чапаў. Чым магла, дапамагала партызанам, а душа балела за тых хлопцаў, якіх у паліцаі загналі. Пачала я размаўляць з імі, лістоўкі прыносіла, агітавала ў партызаны. Рызыка была вялікая, але ж я ведала гэтых юнакоў, мы з імі раслі разам, па вуліцы бегалі, на вячоркі хадзілі. І не дарэмнай была рызыка. Чатырнаццаць паліцаяў разам са зброяй перайшлі ў партызанскі атрад «За Радзіму» брыгады імя Чапаева. Як цешыліся хлопцы, як дзякавалі, што больш не прыйдзецца прыслужваць немцам, як рваліся выконваць заданні, хацелі даказаць, апраўдаць давер. Некаторыя загінулі пры выкананні заданняў.

Узнагарода за смеласць


Аднаго разу рашылі тыя хлопцы разам з Надзяй зрабіць вялікую справу – вынесці зброю са склада нямецкага гарнізона. Спачатку папярэдзілі ўсіх родных, каб пакінулі вёску, і ноччу падкраліся, знялі ахоўнікаў і вынеслі, колькі далі рады, зброі. Беглі па балоце, па лесе, пагубілі адзін аднаго, але ўрэшце ўсе разам сустрэліся ў атрадзе. За гэты ўчынак смелая дзяўчына Надзея Катлінская была ўзнагароджана ордэнам Чырвонай Зоркі. Атрымалі ўзнагароды і хлопцы.

Ішоў час. Аднойчы, калі Надзея была на працы, нехта прыбег і сказаў: «Бяжы дадому, вёска гарыць». 

Яна бегла праз лес, падала, уставала, зноў бегла. Здалёк убачыла чорны дым, які падымаўся да неба. Сэрца калацілася, нібы нехта трос яго з усёй сілы. І вось яна ў вёсцы. Першыя хаты ўжо гараць, гарыць і суседскі дом. А каля хатаў ляжаць мёртвыя целы вяскоўцаў. Быў такі смурод, што не даваў дыхаць, а над вёскай стаяў страшэнны крык. Немцы выводзілі людзей з хаты, расстрэльвалі, а хату падпальвалі. Тое сталася і з суседзямі, толькі дзве дзяўчынкі, якія былі на двары разам з Надзінай малодшай сястрычкай, уцалелі. Калі немцы ўбачылі дзяцей, хацелі і іх расстраляць. Надзя што было сілы закрычала, засланяючы сабою дзяцей: «Яны мае, мае сёстры. Я працую на дарозе, у мяне пасведчанне ёсць», – і паказала немцам маленькую картку, якую ёй выдалі пры паступленні на працу. 

Так яна ўратавала сваю сястру і тых няшчасных дзяўчынак.

– Вёску нашу спалілі датла, – працягвала свой аповед Надзея Іванаўна. – Усіх, хто меў такія пасведчанні, як у мяне, немцы разам з сем’ямі вывезлі ў Буда-Кашалёў. На новым месцы я не страціла сувязь з партызанамі. Хадзіла на заданні, па-ранейшаму насіла лістоўкі. Ніколі не забуду тых дзён – як цяжка было. Холадна, голадна. Мужчыны, калі есці хацелі моцна, то ўсё курылі, а мы проста цярпелі, куды дзенешся. Калі зараз паказваюць кіно пра вайну, мне пачынае здавацца, што чую смурод дыму з таго дня, калі вёска гарэла. Гэта немагчыма забыць. Ніхто не забудзе, хто прайшоў праз вайну, праз вялікія страты, голад, холад...

Надзея Іванаўна раз-пораз замаўкала, доўга глядзела ў акно. Яе памяць вяртала ў мінулае, у тыя гады, калі ёй было трошкі больш за дваццаць…

Чорная дата ў яе жыцці

Вайна працягвалася. Партызаны пачалі пераходзіць з-пад Мінска ў Белавежскую пушчу. Сярод партызанаў быў і самы дарагі сэрцу Надзеі чалавек – Мікола. Яны пакахалі адзін аднаго і пасля вайны меліся пабрацца. Але не паспелі... 

Ужо сустрэлі Перамогу, і на той час лёс закінуў іх у Бераставіцкі раён. Мікола стаў працаваць у ваенкамаце, а вакол дзейнічалі банды… 

На ўсё астатняе жыццё стане чорнай для Надзеі дата 18 чэрвеня 1945 года. У гэты дзень Мікалай у саставе атрада па знішчэнні бандаў паехалі іх дапільноўваць, ды самі папалі ў пастку. Іх знайшлі застрэленымі, раздзетымі і разбутымі прывезлі на возе ў вёску. Надзея ўбачыла акрывываўленае цела любага і страціла прытомнасць. Потым, калі прыйшла да сябе, крычала, галасіла над забітым каханым. У яе пад сэрцам было дзіцятка, якому не суджана было пабачыць тату. У Надзеі праз няпоўны месяц нарадзілася дачушка Святлана. І стала яна адзінай уцехай для Надзеі ў той нялёгкі час.

Міналі дні, гады, падрастала дачушка. Паціху загойвалася рана ад страты любага чалавека. І ў жыцці Надзеі з’явіўся другі чалавек, які стаў для маленькай Светы бацькам. З’явілася другая дачушка – Раіса.

Надзея Іванаўна шмат гадоў працы аддала грамадскаму харчаванню, была дырэктарам рэстарана. Адтуль пайшла на заслужаны адпачынак.

Даўно паразляталіся дзеці, звілі свае гнёзды, пацешыўшы маці добрымі ўнукамі, а тыя – праўнукамі. Валасы пабяліў снег сівізны, але вочы па-ранейшаму былі такія жывыя, а погляд цёплы-цёплы, нібы сонейка вясною.

Надзея Катлінская апошнія гады жыла ў Вердамічах з дачкою Святланай Котавай. Паміж імі былі шчырыя і трапяткія адносіны. Надзея Іванаўна была атулена клопатам, пяшчотай і любоўю. Пражыла на свеце 96 гадоў.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ

Фота з архіва сям’і Котавых

Предыдущая статья

Новая госнаграда для многодетных семей появится в Беларуси