banner

“Вайна ўварвалася ў маё юнацтва...” Гісторыя Валянціны Лічык, якая мужна дапамагала наблізіць Вялікую Перамогу

29 Марта’26
191

З Валянцінай Лук’янаўнай Лічык, кавалерам ордэна Айчыннай вайны ІІ ступені, уладальніцай медаля Жукава і мноства юбілейных медалёў, я пазнаёмілася некалькі гадоў таму. Калі ехала на сустрэчу з былой партызанкай, уяўляла сабе змучаную гадамі, пасівелую бабульку. А мяне сустрэла на дзіва маладжавая, жвавая, з вясёлымі іскрынкамі ў вачах і мілай усмешкай на вуснах жанчына. Ну ніяк яе нельга было назваць бабулькай і нават пажылой кабетай. Столькі было ў яе абліччы інтэлігентнасці, харызмы, элегантнасці, проста дзіва! Цяжка было паверыць, што на долю гэтай жанчыны калісьці выпалі неверагодныя выпрабаванні, страх і небяспека.


На жаль, сёння Валянціны Лук’янаўны няма разам з намі, але памяць аб ёй застанецца ў нашых сэрцах назаўсёды.

Валянціна Лук’янаўна на час нашай з ёю сустрэчы жыла ў Куклічах разам з дачкою Кацярынай. Мела ўжо чатырох дарослых унукаў, восем праўнукаў і нават тры прапраўнукі.

У яе працоўнай кніжцы быў зафіксаваны саракагадовы працоўны стаж, а на грудзях красаваўся знак “Выдатнік народнай асветы БССР”. Усё гэта – пасляваенныя заслугі, а пра ваенныя сказ асаблівы…

Трымалі сувязь з партызанамі

Сярод высокіх соснаў і елак, акружаная топкімі балотамі, прытаілася невялічкая вёсачка Лозы. Няшмат было дамоў, і вяскоўцы жылі дружна, гадавалі дзетак, вучылі іх дабру і працавітасці. У доме Атокаў раслі-падрасталі сынок і чатыры дачушкі. Хадзілі ў школу, дапамагалі бацькам, зрэшты, як і ўсе вясковыя дзеці.

Бурліла жыццё ў вёсцы, пакуль чорныя крумкачы не пастукалі ў вокны і не абвесцілі страшэнную навіну. Вайна…

22 чэрвеня 1941 года шаснаццацігадовая Валя Атока сабралася ехаць у Ваўкавыск, каб здаць апошні экзамен за першы курс педагагічнага вучылішча. Бацька давёз яе ў Поразава да аўтобуснага прыпынку. На невялічкай плошчы сабраліся людзі. З рэпрадуктара лілася музыка. І раптам гучны голас дыктара Юрыя Левітана аб’явіў, што пачалася вайна. Што тут рабілася! Галасілі жанчыны, крычалі дзеці, усе пачалі разбягацца. Лук’ян Міхайлавіч Атока развярнуў каня, і яны з дачкою вярнуліся дадому. Так пачаўся адлік дзён пад прыгнётам фашыстаў.

Паколькі хата Атокаў стаяла каля самага лесу, да іх часта прыходзілі партызаны. Маці карміла іх, давала прадукты з сабою, выпякала хлеб, мыла адзенне. Зразумела, што вельмі рызыкавала. І не толькі сваім жыццём, але і жыццём дзяцей. Калі б такая дапамога народным мсціўцам стала вядомай немцам, нікому не было б літасці. Але, нават усведамляючы смяротную небяспеку, Атокі прымалі ў сябе партызанаў, як родных, і дапамагалі ім, чым маглі.

Аднойчы быў такі выпадак. Прыйшлі партызаны, а тут адкуль ні вазьміся немцы наляцелі. І прама ў хату да Атокаў накіраваліся. Партызаны паспелі схавацца на гарышчы, а гаспадары тым часам разыгралі сардэчны прыём “дарагіх гасцей”. Бацька паставіў на стол пляшку са “шнапсам”, а маці хуценька накрыла на стол. “Частуйцеся, калі ласка”, – прыгаворвала гаспадынька, падкладваючы ў талеркі пачастункі, а гаспадар шчодра падліваў у чаркі гарэлку. Напіліся, наеліся “госці” і пайшлі з хаты. Міма праляцела бяда. А іначай не мінавалі б расправы.

Наперакор страху

Часта ў дом да Атокаў прыходзіў Вікенцій Янушка – камандзір партызанскай групы, якая потым перарасла ў атрад імя Паддубнага. Па вёсцы Вікенцій збіраў актывістаў. І дапамагала яму ў гэтым Валя Атока з сёстрамі. Сходы праходзілі таксама ў іх доме. У дзяўчат на той час была асаблівая місія. Яны стаялі на варце, каб не наляцелі немцы.

Трошкі пазней Валя стала партызанскай сувязной. Насіла лістоўкі, хаваючы іх пад адзеннем, раздавала, дзе толькі магла: у навакольных вёсках, на базары ў Поразаве. Потым стала сувязной атрада імя Кірава брыгады імя Панамарэнкі Брэсцкага злучэння. Распаўсюджвала не толькі лістоўкі, а і антыфашысцкую літаратуру. Рызыкавала жыццём, ведала: варта толькі, каб хто намякнуў немцам пра сувязь з партызанамі (а бывала і так), усю сям’ю расстралялі б ці павесілі. Вельмі рызыкавала, і ўсё ж ішла. Ішла, каб хутчэй з нашай зямлі прагнаць ненавіснага ворага, каб наблізіць дзень вызвалення. Часта прыходзілася ісці на хітрасць: у лістоўкі заварочвалі яблыкі, і бацька перадаваў тыя яблыкі знаёмым, надзейным людзям, а яны перасылалі лістоўкі далей. Са студзеня 1943 года Валянціна Атока з’яўлялася сакратаром падпольнай камсамольскай арганізацыі. Дзяўчына арганізоўвала моладзь на барацьбу супраць акупантаў, добрасумленна выконвала ўсе даручэнні райкама камсамола і камандавання атрада. Камсамольцы збіралі зброю, боепрыпасы і перадавалі партызанам. І сёння можна смела сказаць, што ў яскравы пераможны вянок уплецены і сціплыя кветачкі смелай дзяўчыны з Лозаў. Валянціна Атока была ўзнагароджана ордэнам Айчыннай вайны ІІ ступені, медалём Жукава, юбілейнымі медалямі. А яшчэ яна да апошніх дзён беражліва захоўвала “салдацкія” трыкутнікі – віншавальныя лісты Прэзідэнта Аляксандра Рыгоравіча Лукашэнкі.

Лістоўкі хавала каля сэрца

У тую нашу сустрэчу я слухала Валянціну Лук’янаўну і спрабавала ўявіць яе маладзенькай дзяўчынай. Колькі ёй было на той час? Усяго шаснаццаць. Гэта ж як трэба было любіць сваю Радзіму і верыць у Перамогу, каб кожны дзень так рызыкаваць сваім жыццём?! Валянціна пад самым носам у немцаў праносіла лістоўкі, усяляла ў вяскоўцаў веру, што вораг будзе разбіты, што вернецца мірнае жыццё. Тыя лісточкі, што расказвалі, як байцы Чырвонай арміі і партызанскія атрады змагаюцца з праклятым ворагам, дзяўчына хавала каля самага сэрца. І святая праўда аб тым, што адбываецца на самой справе на франтах, прыдавала дзяўчыне смеласці і рашучасці. Не раз дапамагалі ёй сёстры Вольга і Тоня. Здабывалі дзяўчаты патрэбную інфармацыю аб немцах, іх баявых саставах. Іх маглі схапіць у любы момант, катавалі б, мучылі б, здзекваліся б. І бацькі, і сёстры гэта добра ведалі, і сэрцы трапяталіся ад страху, але вера ў хуткае вызваленне была мацнейшай. І яно прыйшло! Прагналі ненавіснага ворага з нашай шматпакутнай зямлі, вызвалілі яе ад фашысцкіх паганцаў.

Валянціна Атока прадоўжыла вучобу ў педагагічным вучылішчы ўжо пасля вайны, працавала настаўніцай пачатковых класаў. Выйшла замуж за Грыгорыя Лічыка з Куклічаў. І дом яны пабудавалі каля самага лесу.Тут нарадзіла Валянціна дачушку і сына, а тыя, у сваю чаргу, падарылі бабулі чатырох унукаў. Унукі ж пацешылі яе праўнукамі, іх аж восем, і нават трох прапраўнукаў дачакалася прабабулька.

Валянціна Лук’янаўна 40 гадоў аддала школе. Па яе слядах пайшла і дачка Кацярына. Таксама выбрала для сябе настаўніцкі шлях.

Апошнія гады Валянціна Лук’янаўна  жыла з дачкою ў Куклічах,  на ўскрайку лесу. Яна кожны дзень прахаджвалася па знаёмых лясных сцяжынках, улетку збірала грыбы, ягады. Апошнія гады займалася скандынаўскай хадзьбой. Сын з Каўказа прывёз ёй гэтыя аздараўляльныя палкі. У любое надвор'е Валянціна Лук’янаўна брала іх і ішла ў лес. Кожны дзень – па два кіламетры. Не чула стомленасці, дыхала свежым паветрам і набіралася новых сіл, а потым па тым жа маршруце – дадому. Можа, гэта нашы векавыя пушчанскія дубы і сосны прыдавалі ёй сілы і бадзёрасці. Жыццёвы шлях былой партызанкі доўжыўся больш як дзевяноста гадоў.

Памяць аб ёй жыве

Валянціну Лук’янаўну часта запрашалі ў школу, дзе яна дзялілася з дзецьмі сваімі ўспамінамі пра ваеннае юнацтва, пра партызанаў, якія змагаліся за сённяшні мірны і спакойны дзень, распавядала пра тое, як важна берагчы мір, даражыць сваёй Айчынай і памятаць, якой цаной заваявана шчасце жыць пад мірным небам.

Да яе часта прыязджалі ўнукі, праўнукі. Гэтая хатка каля лесу была для іх самым дарагім куточкам, месцам, да якога імкнуліся іх сэрцы, дзе было так утульна, цёпла і хораша.

Валянціна Лук’янаўна любіла прыгажосць. Летам у двары ўсё зіхацела кветкамі.  У хаце было такое ж хараство ад стракатых дываноў і сурвэтак, вывязаных рукамі гаспадынькі. Узнікала такое ўражанне, што ў гэтым доме пасялілася вясёлка – так шмат тут было колераў і красак! А, можа, яшчэ ад цеплыні і любові дачушкі да маці і маці да дачушкі было ў хаце так светла і калярова. З такой пяшчотай і замілаваннем глядзелі яны адна на адну, што нават чужому чалавеку станавілася цёпла на душы і не хацелася пакідаць гэтую ўтульную хату. На жаль, Валянціны Лук’янаўны ўжо няма на свеце, але яе памятаюць вяскоўцы, аб ёй сабраны матэрыял у бібліятэцы, у школе, клубе, аб ёй можна знайсці інфармацыю і ў інтэрнэце. Пакуль чалавека памятаюць – ён жыве.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ

Фота з архіва “СГ”

Предыдущая статья

С Полесья – в Свислочь. Молодой специалист Алина Попитич рассказала про переезд, адаптацию и трудовые будни