Ішоў астатні дзень падрыхтоўкі да Свята Божага Нараджэння. Усё сяло мітусілася, людзі стараліся як мага лепш падрыхтавацца да Святой вячэры, гаспадынькі завіхаліся ля печаў, наводзілі парадак у хатах, бо на свята ж павінна быць усё як мага лепш, каб увесь наступны год прайшоў шчасліва і радасна.
Ніхто не заўважыў, калі ў сяле з’явіўся нейкі дзіўны чалавек з торбачкай за плячамі. Ён ішоў па вуліцы, прыпыняўся ля дамоў і, выцягнуўшы галаву, прыглядаўся, што робіцца за вокнамі.
Людзі бегалі туды-сюды і не звярталі на яго ўвагі. Але ж нарэшце адзін дзяцюк усё ж заўважыў цікаўнага назіральніка і пайшоў высветліць, што гэта за ён і чаго яму трэба.
– Ты хто такі? – груба спытаў ён чалавека і штурхануў яго ў бок. – Чаго табе трэба, што ты тут вышукваеш-вынюхваеш?
Чалавек паглядзеў на дзецюка і хацеў пайсці далей, але той схапіў яго за рукаў.
– Не, ты мне скажы, чаго табе тут трэба? – выходзячы з сябе, крычаў дзяцюк.
– Даруйце, я проста даўно нічога не еў і вельмі стаміўся, – ледзь чутна вымавіў чалавек.
– Дык ты жабраваць сюды прыйшоў? А лепшага часу не мог выбраць? Людзі да свят рыхтуюцца, а ты тут бадзяешся, нярвуеш іх. Пайшоў прэч.
– Дзякуй, – сказаў чалавек і, увагнуўшы галаву, пайшоў далей. Але праз нейкі час стаяў ужо насупраць другой хаты і зноў заглядаў у вокны.
Яго заўважыла жанчына, якая бегла праз дарогу да сястры.
– Чалавеча, чаго табе трэба? – спытала яна.
– Можа, вы б мне хоць скарыначку хлеба вынеслі. З вашага дома так смачна пахне.
– Ага, акурат для цябе нагатавала ўсяго. Да мяне вось-вось дачка з зяцем і ўнукамі прыедуць, а я табе тут пачастункі насіць буду. Ідзі, чалавеча, з Богам, няма ў мяне часу.
– Так, галубка мая, – сказаў ёй чалавек, – няшмат у цябе часу і не на тое ты яго траціш.
Ён ціха ўздыхнуў і пайшоў далей, каб праз некалькі крокаў зноў прыпыніцца і заглянуць у акно яшчэ да кагось. Так ён прайшоў праз усё сяло. Ніхто не вынес яму паесці, ніхто не даў прытулку. Вось ужо мінуў апошнюю хату і павольна пасунуўся далей па дарозе. І раптам жабраку здалося, што яго нехта кліча. Ён павярнуўся і ўбачыў, што яго даганяе жанчына, апранутая ў старую ватоўку, з-пад цёмнай хустачкі выбіваліся пасівелыя валасы.
– Дзякуй Богу, што дагнала, – запыхваючыся, гаварыла яна. – Не спяшайся, добры чалавек, хадзем, я цябе пакармлю трошкі. Ды і сагрэешся ў хаце, хоць, праўда, у нас не вельмі цёпла, бо туга з дровамі. Я ўдава, з дачкою жыву, а яна ў мяне сляпенькая. Няма каму памагаць, вось і гаруем. Але ж ты не думай, есці маем што, хоць і не прысмакі. Ну дык хадзем.
Чалавек моўчкі пайшоў за жанчынай і праз некалькі хвілін ужо сядзеў у невялічкім пакоі, дзе быў накрыты стол і гарэла свечка.
– Дачушка, у нас госць, – сказала яна, выводзячы з-за печы маладую дзяўчыну. – Вось, гэта мая дачушка, Валечка. Сядай, дзіцятка, памолімся Богу, падзелімся аплаткаю ды будзем вячэраць.
Чалавек зняў з сябе старое паліто, паношаную шапку і сеў каля стала.
Пасля вячэры жанчына прапанавала госцю застацца пераначаваць.
– Вось там ляжаш, на маім ложку, – паказала яна за перагародку. – Я ўсё чыстае паслала.
Чалавек не запярэчыў, толькі падзякаваў.
Раніцай жанчына прачнулася ад таго, што ў хаце бяло нязвыкла цёпла. Яна адкрыла вочы, паднялася, запаліла святло, ціхенька зазірнула за перагародку. Там нікога не было. Ложак быў засланы, а чалавек знік. “Дзіўна, – думала яна, – як гэта я не чула, калі ён пайшоў?” Яна выглянула ў сені і здзівілася яшчэ больш. Засаўка на дзвярах была некранутаю. У жанчыны нават мароз па скуры пайшоў. І ў гэты час яна пачула пранізлівы голас дачкі.
– Мама, мама, я бачу. Я бачу! Усё бачу!
Дзяўчына саскочыла з печы, падбегла да маці, абняла яе за шыю.
– Мамачка, гэта цуд, цуд! Я бачу!
– Дзіцятка маё, я зараз ведаю, хто быў у нас у гасцях. Сам Бог прыходзіў да нас. Гэта ён ацаліў цябе і дом наш сагрэў. Бачыш, дачушка, мы, як маглі, прынялі яго, а ён нам так аддзячыў. Дзякуй, Божа, век Табе служыць буду, – сказала яна і нізка пакланілася перад абразом.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ.