banner

Першым поле прымае ячмень

02 Апреля’16
1750

Першым поле прымае ячменьВясна адорвае зямлю нясмелым цяплом, і ўслед за ім спяшаюцца ў поле хлебаробы. Сяўба ранніх яравых культур пачалася практычна ва ўсіх сельгасарганізацыях раёна. Сакавіцка-красавіцкія дні на вагу золата. Нездарма ў народзе кажуць: “Вясенні дзень год корміць”. Гэтага меркавання прытрымліваюцца і ў СУП “Ханчыцы-Нёман”.

Літаральна ў чацвер мы віталі сейбітаў гаспадаркі. Нарэшце глеба падсохла, і ў мінулыя выхадныя пасяўная тэхніка выйшла на вытворчы ўчастак у 90 гектараў каля в. Відзейкі. У гэтым годзе ў ліку першых у важную вясеннюю кампанію ўключыўся малады механізатар Віктар Аскроба (на здымку). Другі год працуе ён у гаспадарцы. На трактары “Беларус-3522” з сеялкаю АГП-6 хлебароб засявае яравы ячмень сорта “стратус” у глебу на шчодрых ханчыцкіх гектарах. Раніцай 31 сакавіка культурай было засеяна 70 га.
− Закладваю падмурак будучай працы на ліпень − жнівень. У залежнасці ад надвор’я засяваю па 20−30 гектараў у дзень, − распавядае пра першыя крокі сяўбы Віктар.
Адразу відаць, што хлопец вельмі зацікаўлены ў сваёй справе, адказны і мэтанакіраваны. Ды і з боку кіраўніцтва палявыя работы арганізаваны зладжана. Перадпасяўной падрыхтоўкай на ўнясенні мінеральных угнаенняў заняты Мікалай Гутоўскі і Юрый Серадаў. Закрыццё вільгаці ў глебе – справа Тадэвуша Лапошкі і Яраслава Місюлі. Працуюць паляводы на падкормцы азімых і на ўнясенні калійна-фосфарных угнаенняў пад будучы ўраджай.
І гэта толькі пачатак вясновых клопатаў.
− У гэтым годзе мы разлічваем 220 га засеяць яравым ячменем, 20 га аўсом, 95 га адведзена пад зернебабовыя, 20 га пад грэчку, 60 пад кукурузу на зерне і 500 га пад кукурузу на сілас, − дзеліцца планамі на будучыню галоўны аграном Сяргей Дзешка. − З мэтай забяспечанасці якаснымі кармамі на 105 гектараў павялічылі пасяўныя плошчы адналетніх траў (300 га). Хутка распачнём падсяваць рапс, сёлета гэтая культура перазімавала са значнымі стратамі.
Старт узяты ўдалы. Сейбіты мэтанакіравана вядуць аператыўную і зладжаную сяўбу.
− Калі не падвядзе надвор’е, адсеемся за два тыдні, − упэўнены галоўны аграном.

 

Кацярына ДУДКО.

Предыдущая статья

Рожденная средь сопок и скал