banner

Праект «СГ» да Году малой радзімы «Здабытае страчанае». Касцёл, якога няма...

29 Марта’19
1557
Паважаныя чытачы! Мы зноўку клічам вас правесці час разам з цікаўнымі і неабыякавымі да гісторыі малой радзімы школьнікамі і іх навуковымі кіраўнікамі-настаўнікамі. Канкрэтна – з актывістамі лінгвакраязнаўчай работы, якая вядзецца сумесна Корнадзьскім дзіцячым садам – базавай школай і Дабравольскім дзіцячым садам – сярэдняй школай. Чаму яны працуюць разам? Кажучы простымі словамі, інтарэсы ў іх аднолькавыя і мэта агульная – рэалізацыя ў 2019–2020 гадах праекта «Музей пад адкрытым небам «Страчаная спадчына свіслацкага краю». Мы ўжо распавядалі аб тым, што будзе ўяўляць сабой гэты музей. Вялі размову пра стэнды са змешчанымі на іх картамі сельскіх саветаў, на якіх будуць нанесены зніклыя мясцовыя айконімы – назвы паселішчаў, якія некалі існавалі на Свіслаччыне. Сваё месца знойдуць у музеі і зніклыя храмы нашай зямлі.

Адзін з іх – свіслацкі касцёл Святой Тройцы. Цікавасць да гэтага храма, які праіснаваў амаль тры вякі і быў страчаны ў гады Вялікай Айчыннай вайны, не згасае. Так, летась на месцы былога касцёла вяліся археалагічныя даследаванні – працавала група археолагаў з Інстытута гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Першапачатковай задачай супрацоўнікаў інстытута быў пошук фундамента разбуранага храма. Свой інтарэс да святыні і ў актывістаў праекта. «Які ён быў – касцёл Святой Тройцы?» – задаліся яны пытаннем і заняліся пошукам адказу. А знайшоўшы яго для себе, вырашылі пакінуць у памяці назаўжды. І сваёй, і тых, хто жыве побач. Ды і як забыць? Столькі часу аддалі пошуку і сістэматызыцыі матэрыялу. Нагадваць пра святыню будзе і зроблены сваімі рукамі макет храма – гэта, дарэчы, не адзін тыдзень скрупулёзнай працы! 

Нельга не пагадзіцца з тым, што даваенная архітэктура Свіслачы амаль цалкам страчана. Гэта сумна. Аднак і па сённяшні дзень свіслачан працягвае цікавіць даўнейшае аблічча мястэчка з яго старымі вуліцамі, іх колішнімі назвамі, непаўторнай і каларытнай драўлянай архітэктурай, якая надавала мястэчку своеасаблівую прыгажосць і адметнасць. Гэта нараджае надзею.

Так пачынаюць свой аповед пра зніклы архітэктурны помнік Свіслачы – касцёл Святой Тройцы – актывісты праектнай дзейнасці Дабравольскага ДС СШ, якія разам з настаўнікам Зояй УРБАНОВІЧ займаюцца лінгвакраязнаўчымі даследаваннямі родных мясцін.


Макет касцёла Святой Тройцы, зроблены дабравольскімі вучнямі

Будынак касцёла знаходзіўся на вуглу вуліцы Брэсцкай і Гімназічнай плошчы (сучасныя вуліца Леніна і плошча Карла Маркса), на месцы будынка па вуліцы Леніна, 2. Праўда, сёння толькі самыя старэйшыя свіслачане могуць прыгадаць той час, калі ў Свіслачы былі вуліцы Варшаўская, Гродзенская, Рудаўская, Брэсцкая, Акопная, а таксама Гімназічная плошча, якую яшчэ называлі Рыначнай (базарнай).

Калі б мы раптам апынуліся ў пачатку ХІХ стагоддзя ў Свіслачы і паспрабавалі б з якога-небудзь боку наблізіцца да мястэчка, то ў першую чаргу заўважылі б менавіта касцёльныя вежу і званіцу, якія дамінавалі па-над мястэчкам і былі самымі высокімі тут збудаваннямі. У тыя часы ў касцёл хадзілі не толькі з патрэб рэлігійных, але і з мэтай абмяняцца навінамі або сустрэць знаёмых. Выхад у касцёл быў добрай нагодай дзяўчынам апрануць новую сукенку і прымерыць свае пярсцёнкі.

Гісторыя каталіцкай парафіі на Свіслаччыне мае глыбокія карані. З дакументаў вынікае, што касцёл у Свіслачы існаваў яшчэ ў часы гаспадарання тут Хадкевічаў. Пра лёс гэтага касцёла з XVI стагоддзя нам пакуль мала што вядома. У 1595 годзе Ян Кароль Хадкевіч прадае маёнтак Свіслач Себасцьяну Пакашу Эльяшэвічу. Пры продажы між іншым адзначаецца: «...таксама з мястэчкам Свіслаччу, касцёлам і цэрквамі і іх абсталяваннем і правам палявання...» (маюцца на ўвазе цэрквы ў іншых дварах Свіслацкай воласці). 

Себасцьян Пакаш быў католікам, які хутка прыняў кальвінізм і разам са сваімі падданымі заставаўся пратэстантам на працягу 30-ці гадоў. Цікавую старонку жыцця Свіслачы закранае гэты перыяд. У гэты ж час Пакаш пабудаваў у Свіслачы невялікую кальвінісцкую святыню, якая, як можна меркаваць, існавала каля 25 гадоў. Пазней ён вяртаецца ў каталіцызм і ператварае кальвінісцкі збор у рымска-каталіцкі касцёл, пры якім утрымоўвае святара. Карацей кажучы, акрамя праваслаўя ды каталіцызму ў Свіслачы ў свой час меў пэўнае распаўсюджванне пратэстантызм, разам з царквой і касцёлам тут можна было ўбачыць кірху або збор.



У сярэдзіне ХVІІ ст. мястэчка праз залог у 400 тысяч злотых перайшло ва ўладанне Крышпіна Кіршанштэйна, землеўладальніка прускага паходжання, які служыў Рэчы Паспалітай. У 1667 годзе Свіслач перайшла па спадчыне яго сыну, падскарбію ВКЛ Гераніму Крышпіну-Кіршанштэйну. Геранім першапачаткова адрамантаваў стары касцёл і ўтрымоўваў пры ім двух святароў. Пазней гэты касцёл быў спалены. У 1668 годзе Кіршанштэйн з парады і пад ціскам сваёй жонкі Ганны з Млоцка (Млоцкай) прафінансаваў будову новага касцёла пад назвай Святой Тройцы і заснаваў парафіяльную школу пры ім, якая знаходзілася побач, у доме касцельнага арганіста (будынак каля касцёла).

Асвячэнне гэтага помніка драўлянага дойлідства адбылося 22 красавіка 1668 года жмудскім біскупам Казімірам Пацам. Менавіта адсюль бярэ свой пачатак гісторыя касцёла Святой Тройцы, які праіснаваў пад гэтай назвай з сярэдзіны ХVІІ ст. да сярэдзіны ХХ ст., ажно да свайго знішчэння ў 1944 годзе. Набожны католік Кіршанштэйн ахвяраваў у тым жа 1668 годзе на касцёл фундуш у 100 тысяч злотых і з працэнтаў гэтай сумы: 850 – на плябана, 600 – на вікарыя, 200 – на арганіста і бакалаўра, 50 – на направу пабудовы і акрамя гэтага перадаў шэраг будынкаў і зямельных надзелаў. Паколькі першапачаткова касцёл будаваўся з дрэва (лістоўніца), то ў 1742 годзе быў рэстаўраваны на сродкі Тэрэзы Крышпінавай, кашталянкі троцкай.



Касцёл атрымоўваў шматлікія ахвяраванні. У 1777 годзе быў выданы дакумент ад шляхціча Яскулда ксяндзу Адаму Казіміру Скрэптушоўскаму, смаленскаму кусташу (архіварыус, бібліятэкар), настаяцелю, на зямельны ўчастак (коштам 250 злотых) дзеля ўтрымання алтарыі пры свіслацкім касцёле.

Пры перапланіроўцы Свіслачы графам Вінцэнтам Тышкевічам касцёл таксама быў зноў перабудаваны і пашыраны. Даўжыня будынка складала 27 метраў, шырыня – 13 метраў. Касцёл меў 5 алтароў і 2 бакавыя капліцы. Над ім узвышалася высокая вежа, на якой яшчэ ў пачатку ХІХ стагоддзя стаяў вежавы гадзіннік, а ў 12 гадзін дня паліла гармата.
Касцёлу Святой Тройцы праз легітацыю ад Яна-Пятра Мікалаевіча Падгайскага перадавалася частка ўладання Грыцкі з прысядзібным домам, садам, агародамі і землямі за адпраўленне багаслужэнняў памінання душы.



Вінцэнт Тышкевіч у 1784 годзе падпісаў фундушавы дакумент аб ахвяраванні свіслацкаму касцёлу на яго ўтрыманне і ўтрыманне пры ім святара да адной старой валокі зямлі яшчэ 60 моргаў зямлі, якая размяшчалася каля новых могілак ля вёскі Грыцкі, і 6 моргаў сенажацяў, забяспечыў свабодны ўваход у Свіслацкую пушчу (правам сервітута). Такім чынам, пэўны комплекс касцёльных зямель размяшчаўся каля вёскі Грыцкі. У 1800 годзе рэферэндарый Тышкевіч зноў падпісаў дакумент аб утрыманні настаяцеля, арганіста і хлопчыка пры касцёле на суму 2 000 злотых штогод. Распарадчым дакументам у 1809 годзе ён выдзяляе на пабудову новага касцёла (на самой справе рэстаўрыраваны стары) 100 тысяч злотых, а матэрыялы для яго – са сваіх уладанняў.



Калі ў 1800 годзе Віленская дыяцэзія была падзелена на 18 дэканатаў, касцёл Святой Тройцы трапіў у склад Ваўкавыскага дэканата, які ахопліваў 3 100 кв. км і налічваў 2 публічныя капліцы і 14 парафіяльных касцёлаў, адным з якіх і быў свіслацкі парафіяльны касцёл. Непасрэдна каля касцёла на пачатку ХІХ ст. знаходзіліся агароджаныя плотам каталіцкія могілкі.

Выява будынка святыні нам вядома з малюнка Напалеона Орды (каля 1811 г.), фотаздымка Бжазоўскага (1879 г.), малюнкаў краязнаўцы Вітальда Карпызы (пачатак 1930-х гг.) і некаторых іншых ілюстрацый. Асабліва каштоўныя ў інфармацыйным сэнсе малюнкі Карпызы: узяты нетыповы ракурс і касцёл паказаны з тылу. Яшчэ больш цікавы малюнак, на якім адлюстраваны касцёльны інтэр’ер і які дазваляе «зазірнуць» ва ўнутраную частку будынка.

З 1706 года ў касцёле захоўваліся метрычныя кнігі і шмат іншых дакументаў. Касцёльным архівам карыстаўся шэраг вучняў гімназіі. Яны выкарысталі яго і ў сваёй далейшай літаратурнай працы: Л. Зянковіч «Вечар Ляха з Ляхаў, альбо Апавяданні пры каміне старога польскага літаратара», Ю. І. Крашэўскі «Успаміны з жыцця і падарожжаў». У сваёй навуковай працы касцёльны архіў выкарыстоўвалі некалькі даследчыкаў-краязнаўцаў (Д. Булгакоўскі, М. Федароўскі). Архіў утрымліваў каштоўныя звесткі пра гісторыю мястэчка і яго ўладальнікаў, але, на жаль, ён быў страчаны разам з касцёлам у пажары 1944 года.

Падрыхтавала Наталля ТУРКО

Праект «СГ» да Году малой радзімы «Здабытае страчанае»

Праект «СГ» да Году малой радзімы «Здабытае страчанае». Калі храмы адыходзяць у неба...

Предыдущая статья

О главном из первых уст
Похожие новости