banner

Праект «СГ» да Году малой радзімы «Здабытае страчанае». Калі храмы адыходзяць у неба...

20 Февраля’19
2251

I З цікавасцю краязнаўчымі даследаваннямі займаюцца Юлія Лобач і Дар’я Лоскат.

Летапіс у дрэве і камені

Уся зямля беларуская ўсыпана прыгожымі зоркамі-дыяментамі, старажытнымі помнікамі архітэктуры. Гэта і Мірскі замак, і Нясвіжскі Радзівілаў, Навагрудская княжацкая рэзідэнцыя ў выглядзе крэпасці-ўмацавання, светлая Каложа над Нёманам і Траецкае прадмесце ў Мінску, таксама Жыровіцкі манастыр, Спаса-Еўфрасіннеўская царква ў Полацку і многія іншыя. Помнікі гэтыя – мураваны летапіс, які лепш за любую машыну часу перанясе цябе ў мінулае, у далёкія часы нашых продкаў. Згадзіцеся, архітэктура Беларусі – гэта летапіс народа ў дрэве і камені. Старажытныя замкі, ратушы, храмы з’яўляюцца адбіткам таленту народа. Архітэктурная спадчына Беларусі – невычарпальны калодзеж творчай фантазіі многіх пакаленняў, якія на працягу стагоддзяў стваралі непаўторны вобраз краіны.


Купальны крыж ціхавольскай царквы знаходзіцца ў Ятвеску.

Ці ведаеце вы, што некалі на тэрыторыі Беларусі існавала каля тысячы храмаў: замкаў, палацаў, касцёлаў, цэркваў, кляштараў? Калі пагадзіцца з выказваннем, што архітэктура – гэта застылая музыка, дык наша краіна можа па праву лічыцца адной з самых музычных.
У даўніну, пяць або шэсць стагоддзяў назад, падарожнікі, якім выпадала ехаць праз Беларусь, амаль праз кожныя 10–15 кіламетраў бачылі магутныя сцены святых пабудоў.
Гісторыя храмаў зведала розныя перыяды развіцця. I што самае горкае, некаторыя не захаваліся да нашых дзён. Да ліку такіх на тэрыторыі Свіслацкага раёна адносяцца Свята-Ануфрыеўская царква ў аграгарадку Ціхаволі, царква Прасвятой Багародзіцы, грэка-каталіцкая царква Анёла-ахоўніка і касцёл Святой Троіцы ў горадзе Свіслачы, касцёл піяраў у вёсцы Ятвеск. Вядома, мы не можам іх аднавіць. Але захаваць памяць пра іх нам пад сілу.

Зніклыя святынi дабравольскай зямлі


У сувязі з гістарычнымі падзеямі ХIV–XVI стст. на тэрыторыі Дабравольскага сельскага савета насельніцтва было поліканфесіянальным. Тут жылі людзі рознага хрысціянскага веравызнання: рымска-каталіцкай канфесіі – жыхары Руднi, Жаркаўшчыны, праваслаўнай і ўніяцкай – жыхары вёсак Ціхаволi, Дабраволi.

У 1666 годзе Свіслач з землямі Белавежскай пушчы была падаравана рыцару Крышпіну-Кіршэнштэйну, які праз два гады пабудаваў касцёл у самой Свіслачы. Таксама ім быў пабудаваны касцёл у вёсцы Рудні. На жаль, дату будаўніцтва храма ў Рудні ўстанавіць не ўдалося.



На скрыжаванні дарог Жаркаўшчына – Ашчэп – Дабраволя, у паўднёва-заходняй частцы вёскі Руднi, на ўзвышаным месцы быў пабудаваны касцёл. Драўляны, на каменным падмурку (падмурак не захаваўся), па сведчанні мясцовых жыхароў, з двухсхільным дахам. Захаваўся драўляны крыж вышынёй 11 метраў, які абапіраецца на ліпы, верагодна, пасаджаныя падчас будаўніцтва храма. Касцёл праіснаваў да ХХ стагоддзя. Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што яго разабралі і вывезлі ў вёску Грынкі. Пра тое, што ў 1906 годзе там яго ўжо не існавала, пацвярджае Ведамасць аб царкве Свята-Успенскай, сяла Дабраволя, Ваўкавыскага благачыння за 1906 год, у якой запісана, што ў дадзены час «іншаверных храмаў» паблізу не было. Сёння частку Рудні, пабудаваную за храмам, называюць «закасцёлак».



Пры ўездзе ў вёску Жаркаўшчыну з боку Дабраволі, злева, за некалькі метраў ад дарогі, захаваўся шасцівугольны падмурак касцёла. Памеры падмурка – 7х18 м. Захаваліся і прыступкі пры ўваходзе ў храм. Будаваўся ён у міжваенны перыяд, пасля 1921 года, калі тэрыторыя Заходняй Беларусі ўваходзіла ў склад Польшчы. Храм драўляны, з бруса, не абабіты дошкай. Меў двухсхільны дах, вокны правільнай прамавугольнай формы. У сувязі з падзеямі 1939 года храм не паспелі асвяціць. У далейшым ён быў разабраны і перавезены. Праўда, дакументальнага пацвярджэння гэтаму няма.

Ціхавольская Свята-Ануфрыеўская царква



Даўнюю і цікавую гісторыю мае царква, якая была ўзведзена на ўзвышаным месцы ў паўночна-заходняй частцы вёскі Ціхаволi.  

Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што яна была ўніяцкай. Верагодна, царква была пабудавана як праваслаўная, а пасля падпісання царкоўнай Берасцейскай уніі 1596 года стала ўніяцкай. У 1839 годзе Полацкі царкоўны сабор прыняў рашэнне аб ўз’яднанні ўніяцкай царквы з праваслаўнай. У выніку царква зноў стала праваслаўнай. Гэта пацвярджае кліравая ведамасць Дабравольскай парафіяльнай царквы 1870 года, у якой называюцца бліжэйшыя праваслаўныя храмы, сярод іх і ціхавольскі.



Па словах мясцовых жыхароў, царква была драўляная, з бруса, дошкай не абабітая. Аднакупальная. Існаванне царквы пацвярджаюць захаваны фотаздымак, які перадала ў школу жыхарка Ціхаволі Таццяна Янюк, наяўнасць метрычных кніг Ціхавольскага прыхода з 1843 года па 1873 год, якія ўтрымліваюцца ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў г. Гродне. Многа фактаў знайшлі мы ў Гродзенскім праваслаўна-царкоўным календары 1899 года. Там пазначана, што царква з’явілася ў вёсцы ў 1809 годзе: была перавезена сюды з суседняй Нямержы ўладальнікам Ціхаволі Далітоўскім. Хто ж і калі пабудаваў яе да гэтага ў Нямержы, невядома. 

У Ціхаволі храм праіснаваў да 1944 года. У гады Вялікай Айчыннай вайны нямецка-фашысцкія захопнікі перад адыходам спалілі і вёску, і царкву. Захаваўся купальны крыж, які ў цяперашні час знаходзіцца на тэрыторыі царквы Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Ятвеск. У царкве Успення Прасвятой Багародзіцы вёскі Дабраволі знаходзяцца абразы з ціхавольскай царквы, якія паспелі выратаваць мясцовыя жыхары. У дадзены час на месцы царквы знаходзіцца будынак сельскага філіяла-клуба.

Гражына ІВАНЮК, Юлія ЛОБАЧ, Дар’я ЛОСКАТ, вучні Дабравольскага ДС СШ.

Чытайце таксама:

Праект «СГ» да Году малой радзімы «Здабытае страчанае»

Предыдущая статья

Ребенок – главный пассажир!
Похожие новости