
Напярэдадні вайны на Свіслаччыне пачалі ствараць сельскагаспадарчыя прадпрыемствы. Такім чынам, у 1940 годзе на землях сучаснай гаспадаркі з’явіліся калгасы: імя Калініна – у вёсцы Ганчары, імя Варашылава – у вёсцы Ранявічы, “Чырвоная зорка’’ – у вёсцы Пацуі.
У 1945 годзе, пасля вызвалення Свіслаччыны ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, у вёсцы Юбілейная быў арганізаваны калгас імя Леніна. У красавіку 1950 года ў яго склад увайшлі вёскі Ранявічы, Дуброва, Пацуі, у 1951-м далучыўся калгас імя Калініна.
Характэрна, што ў 50-х гадах калгасы былі не толькі ў кожнай буйнай вёсцы раёна. Сельгасарцелі ствараліся нават у невялікіх бесперспектыўных вёсках. Яны, зразумела, не маглі працаваць эфектыўна. Не хапала тэхнікі і мінеральных угнаенняў. Машынна-трактарная станцыя (MTС) не магла забяспечыць усім гэтым калгасы на асноўных сельскагаспадарчых работах, не кажучы ўжо пра другасныя.
У 1951 годзе і ў наступныя гады было прынята рашэнне аб паступовым пашырэнні калгасаў. Такім чынам, у 1958 годзе ў склад калгаса імя Леніна ўвайшлі вёскі Дварчаны, Ражкі-1, Рудаўка. Да гэтага жыхары названых населеных пунктаў былі ў калгасе імя Сталіна.

2003 год стаў яшчэ адной важнай вехай у гісторыі гаспадаркі. У гэтым годзе адбылося яго ўзбуйненне за кошт далучэння калгаса “Савецкая Беларусь”. Сваю цяперашнюю назву прадпрыемства набыло ў 2004 годзе.
Цяжкі пасляваенны час станаўлення выпрабавалі калгасы на сабе. Практычна з нуля прыйшлося падымаць сельскую гаспадарку. Галоўнай рабочай сілай былі коні. А галоўнымі і адзінымі прыладамі працы былі плуг, барана, просценькі культыватар, каса ды серп.
Першае з чаго пачалі – будаўніцтва жывёлагадоўчых памяшканняў і крытых такоў на аснове хлявоў калгаснікаў.
Паступова жыццё наладжвалася. І ўжо ў 1988 годзе калгаснікі заявілі аб сабе на рэспубліканскім узроўні. Калгас выйшаў пераможцам у рэспубліканскім сацыялістычным спаборніцтве па вытворчасці і продажы бульбы дзяржаве, атрымаўшы па 253 цэнтнеры з гектара“другога хлеба”. Яму быў уручаны пераходны Чырвоны сцяг ЦК КПБ.
З дня ў дзень, з году ў год закладваўся падмурак прадпрыемства. На працягу ўсяго свайго існавання – гэта адна з вядучых гаспадарак раёна. Усё, што зроблена і дасягнута, – вынік намаганняў тых, хто працаваў ад цямна і да цямна на чыстым энтузіязме ў гады станаўлення калгаса, нічога не чакаючы ўзамен, і тых, хто сёння працягвае працоўную эстафету, пераняўшы яе ад сваіх дзядоў і бацькоў.
Гісторыя гаспадаркі – у ззянні ордэнаў на грудзях яе людзей, прывесах і надоях, у высокіх ураджаях хлеба.
Людміла БАЛЫШ