banner

Віншаванне галоўнага рэдактара “Гродзенскай праўды” Таццяны Сяргеевай з 85-годдзем з дня выхаду першага нумара газеты

09 Октября’24
629
изображение_viber_2024-10-07_17-19-28-449.jpg

Дарагія калегі! Паважаныя ветэраны журналістыкі! Нашы любімыя чытачы!

Абласное выданне “Гродзенская праўда” адзначае 85-годдзе. За гэты час у рэдакцыі працавалі сотні людзей: рэдактары, карэспандэнты, адказныя сакратары, фотакоры, друкары, наборшчыкі. Газета стала сапраўдным рэгіянальным летапісам і манументальнай працай, створанай работ­нікамі друку. 

Чалавечая памяць кароткая і выбарчая, і хто дакладна можа ўспомніць, што адбывалася ў «якімсьці» годзе, у забыты дзень, выкінуты з памяці, як лісток календара? Менавіта падшыўка роднай газеты дапаможа ўзнавіць карціну дня і адлюструе гаму пачуццяў, радасных і сумных падзей, стартаў і адкрыццяў. Не падлічыць колькі за гэтыя гады напісана артыкулаў, інтэрв'ю, рэпартажаў! Увесь творчы шлях “Гродзенскай праўды” цесна сплецены з гісторыяй нашай краіны. Кожны газетны радок, пачынаючы ад жоўтых старонак пасляваенных падшывак, напоўнены магутнай энергетыкай і запалам, якія былі і застаюцца крыніцай натхнення для нашых чытачоў, выхоўваюць неабыякавых і дзейных грамадзян. 

На працягу 85 гадоў выданне бесперапынна развівалася, мянялася заўсёды ў лепшы бок, заваёўваючы любоў і павагу сярод жыхароў рэгіёна. Аўтарытэт сучаснай Гродзенскай праўды – гэта вынік штодзённай працы некалькіх пакаленняў журналістаў, якія сфармавалі і пранеслі праз гады асноўныя прынцыпы яркай і праўдзівай журналістыкі, якая мае свой прынцыповы погляд на навакольныя падзеі. 

Працягваючы эстафету сваіх слаўных папярэднікаў, наш малады сучасны калектыў трымае ў полі зроку не толькі навіны горада, вобласці і краіны ў цэлым, але і лёсы сціплых рупліўцаў Гродзеншчыны. Мы пішам пра іх у рубрыках “Рэгіён. Людзі. Дасягненні”, “Ганаруся табой, Бацька”, “Твае людзі, вёска” і іншых. Заўсёды стараемся трымаць руку на пульсе часу, каб тэматыкі былі актуальнымі і надзённымі. Сайт і сацыяльныя сеткі выдання напаўняюцца штодня і без выхадных. Застаемся надзейным сувязным звяном паміж насельніцтвам і органамі ўлады, фарміруючы аб'ектыўную інфармацыйную прастору ў рубрыках “Навіны рэгіёна”, “У цэнтры ўвагі”, “Інтэрв’ю без гальштукаў”, “І словам і дзелам”.

У наш час не проста весці друкаванае СМІ. Па многіх прычынах – эканамічных, арганізацыйных. Сур'ёзную канкурэнцыю складаюць тэлебачанне, сеткавыя каналы. Але невырашальных праблем для “Гродзенскай праўды” не існуе! Выданне стала гібрыдным – мы прадстаўлены ва ўсіх папулярных сацыяльных сетках. Сумарная колькасць інтэрнэт-падпісчыкаў на сённяшні дзень складае амаль пяцьдзясят тысяч чалавек і працягвае расці. Нашы відэаролікі ў цік-ток набіраюць дзясяткі, а іншы раз і сотні тысяч праглядаў. Дзякуючы набыццю новага абсталявання плануем стаць мільённікамі!

Усё гэта было б немагчымым без пад­трым­кі нашых інфармацыйных партнёраў – выканаўчых органаў улады, прадстаўнікоў усіх сфер і ведамстваў, якія ў любы час сутак заўсёды з намі на сувязі. Іх кампетэнтныя каментарыі і растлумачэнні на інфармацыйныя выклікі – гарантыя праўдзівай і дакладнай інфармацыі для чытачоў. Мы высока цэнім нашы партнёрскія адносіны і спадзяемся на далейшае ўзаемадзеянне і супрацоўніцтва.

Асобныя словы падзякі пазаштатным аўтарам, якія дзеляцца з намі сваёй творчасцю, прымаюць актыўны ўдзел у жыцці газеты, робячы кожны яе выпуск насычаным і цікавым.
Кожны нумар газеты – гэта праца многіх-многіх людзей.

Не магу не звярнуцца і да нашых чытачоў. Вялікі дзякуй, што вы разам з намі, што застаецеся вернымі друкаванай прэсе! Мы стараемся для вас, а без вас не было б сэнсу ў нашай працы.

Нягледзячы на салідны юбілей наша выданне вельмі маладое, напорыстае, энергічнае, з выдатнай камандай, здольнай пераадольваць любыя цяжкасці. Мой слаўны, такі юны, але самадастатковы, упарты і вельмі дружны калектыў. Ад вас я пазнаю азы журналістыкі, вучуся незнаёмым мне тэрмінам і журналісцкаму слэнгу. Часам нецярпліва стаўлюся да працоўных паручэнняў, але шчыра цаню вашу адданасць сваёй працы і адказныя адносіны да любой справы. Поспех, папулярнасць, давер і павага – заўсёды заслуга моцнай, згуртаванай і прафесійнай каманды аднадумцаў. Так трымаць! 
У добры доўгі шлях, “Гродзенская праўда”!

Галоўны рэдактар 
Таццяна Сяргеева

Предыдущая статья

16 октября личный прием граждан и одновременно «прямую телефонную линию» проведет Кулисевич Антон Станиславович