banner

У Свіслачы пабываў вядомы аграблогер Дзяніс Трафімчык

24 Ноября’24
560
У Свіслачы пабываў папулярны аграблогер Дзяніс Трафімчык. Так, той самы, якога сёння ведае ўся беларуская вёска і які сёлета на абласных «Дажынках» атрымаў Падзяку Прэзідэнта. Інжынер ААТ «Граніт-Агра», што ў аграгарадку Круцілавічы Дзятлаўскага раёна, Дзяніс вось ужо пяць гадоў здымае шчырыя сюжэты пра працаўнікоў сяла, якія знаходзяць водгук у сэрцах беларусаў і набіраюць мільёны праглядаў. Яго аўдыторыя – 140 тысяч падпісчыкаў. А пасля візіту ў Свіслач, вядома, іх стане яшчэ болей.





За сваю блогерскую дзейнасць Дзяніс Трафімчык наведаў больш за дваццаць гаспадарках па ўсёй краіне. На Свіслаччыну прыехаў упершыню. І не адзін, а са сваімі калегамі і маленькімі футбалістамі, якіх сам трэніруе. Быў тут і партнёр Дзяніса па захапленні Арцём Літвінскі, больш вядомы прыхільнікам як Леанідавіч. Праўда, блогерская кампанія накіравалася не ў сельгаспрадпрыемства. Гэта яшчэ наперадзе. Зараз нагодай для таго, каб завітаць у наш раён, стаў сяброўскі матч па міні-футболе паміж камандамі старшыні райвыканкама Андрэя Грыцкевіча і Аграблога.

Сустрэча праходзіла на базе сярэдняй школы № 2 імя М. П. Масонава г. Свіслач.

– Наша ўстанова адукацыі асаблівая, таму што з 2001 года мы рэалізуем адукацыйную праграму «Агракласы», – адзначыла дырэктар Наталля Баўфалік. – Ужо больш за дваццаць гадоў супрацоўнічаем з Гродзенскім дзяржаўным аграрным універсітэтам. Нам ёсць чым ганарыцца. І мы рады, што людзі, якія папулярызуюць жыццё ў вёсцы, у нас у гасцях. Мы падтрымліваем вашу пазіцыю.









Пазнаваць Свіслацкі раён госці з Круцілавічаў пачалі з Музея хлеба, што дзейнічае ў СШ №2 трыццаць гадоў. Так, у хлеба свая гісторыя. Ён сам – гісторыя. Кожны экспанат (а іх тут зараз 480) захоўвае культурны і духоўны код розных часоў. Асаблівую цэннасць маюць арыгінальныя прылады працы, прадметы быту хлебароба, дакументы, фотаздымкі. Кіраўнік музея Аляксандр Пясецкі ведае, чым уразіць наведвальнікаў. І каманда Аграблога ў гэтым пераканалася.






Матч па міні-футболе прайшоў з вялізным выкідам эмоцый. Завяршыўся ён з лікам 6:3 на карысць гасцей. Але не вынік быў галоўным, а сама гульня і спартыўны дух. Мэтай сустрэчы на пляцоўцы стала прапаганда фізічнай культуры і спорту, папулярызацыя здаровага ладу жыцця, патрыятычнае выхаванне моладзі, фарміраванне актыўнай жыццёвай пазіцыі ў падрастаючага пакалення. Гэта была выдатная магчымасць зарадзіцца станоўчай энергіяй, бадзёрасцю, пазітывам, пачуццём адзінства. Як для гульцоў, так і для балельшчыкаў, якія прыйшлі іх падтрымаць.

Футбольны матч скончыўся сумесным флэшмобам «26 студзеня – мы разам!». Акцыю прымеркавалі да надыходзячых выбараў Прэзідэнта Беларусі. Дарэчы, пад нумарам 26 выйшаў на гульнёвае поле старшыня райвыканкама Андрэй Грыцкевіч. І гэта невыпадкова: такім чынам кіраўнік раёна хацеў нагадаць гледачам аб даце, калі беларусы будуць выбіраць будучыню сваёй краіны.





































Пасля матча Андрэй Грыцкевіч і Дзяніс Трафімчык сустрэліся з навучэнцамі аграрнага класа. Каб вось так шчыра, па-свойску, як любіць гаварыць аграблогер, пагутарыць, расказаць аб сваёй любові да зямлі і заразіць ёю іншых.

– Яшчэ не так даўно і ў галаве маёй не было, што апынуся ў сельскай гаспадарцы, – падзяліўся з рабятамі Дзяніс. – Накіраваўся ў сталіцу, каб вышэйшую адукацыю атрымаць. Пайшоў у Беларускі аграрны тэхнічны ўніверсітэт на інжынера-тэхнолага. Два гады працаваў у лабараторыі. Не маё. Сядзіш у кабінеце над журналамі, вопыты ставіш… Мне хацелася руху. І вось я ўжо шосты год у «Граніт-Агра». І ні аб чым не шкадую. У сваім блозе паказваю, што ўсё роўна, дзе ты знаходзішся: і на сяле, у гаспадарцы можна развівацца, жыць цікава і весела. Расказваю пра людзей, якія там працуюць. Яны гэтага заслугоўваюць.








Андрэй ГРЫЦКЕВІЧ, старшыня Свіслацкага райвыканкама:


– Хтосьці шукае прычыны, а мы знаходзім магчымасці. Нягледзячы на надвор’е, сустрэліся на спартыўнай пляцоўцы, стварылі такое невялікае свята для нашага горада, а галоўнае – для нашых дзяцей, падарылі буру эмоцый. Мы паказалі сваім прыкладам, што неабходна весці здаровы лад жыцця. Публіка сабралася рознаўзроставая. Аб чым гэта гаворыць? Аб тым, што спорт у нас любяць, ім займаюцца, база для гэтага ёсць. У далейшым будзем прырастаць аб’ектамі. Дзякуй камандзе сапернікаў. Пабольш бы такіх актыўных маладых людзей, як Дзяніс і яго каманда, якія трансліруюць на шырокую аўдыторыю, што ў сельскай мясцовасці можна жыць цікава. Я думаю, гэта не апошняя наша сустрэча.

Дзяніс ТРАФІМЧЫК, аграблогер:


– Эмоцыі неверагодныя, атмасфера цудоўная. Хачу падзякаваць старшыні Свіслацкага райвыканкама Андрэю Сяргеевічу Грыцкевічу за запрашэнне на гульню. Гэта адкрыты, свойскі чалавек. Як аказалася, у нас агульныя інтарэсы. Дзякуй за падтрымку аграруху, гэта зараз вельмі важна. Мы – хлопцы з вёскі – за здаровы лад жыцця, за вось такія эмоцыі, за такі рух, за такую ідэю! Плануем у хуткім часе зноў наведаць свіслацкую зямлю. Ужо намецілі сабе візіт у «ВМК-АГРА».

Валерый АЛІФЕРОВІЧ з дачкой Машай, балельшчыкі:


– Прыехалі з Бераставіцкага раёна, каб падтрымаць свіслацкую каманду. Вельмі задаволены гульнёй. Было на што паглядзець. Лічу: перамагла дружба. Нягледзячы на табло. Аграблог – класныя рабяты. Іх відэа ў ТікТок глядзім. Пазітыўна, крэатыўна, проста і зразумела кожнаму. Нам падабаецца.

Наталля ТУРКО

Фота аўтара

Предыдущая статья

В ГрГУ обсудили прошедшую встречу Президента со студентами