banner

Служы, сынок, верна!

23 Февраля’24
874
У праваахоўных органах Свіслацкага раёна ёсць свая сямейная дынастыя – Юрый і Аляксандр Кандраценкі, бацька і сын. Юрый Кандраценка 25 гадоў аддаў міліцэйскай службе, а сёння яго сын Аляксандр служыць у Свіслацкім аддзеле Дэпартамента аховы.



Як гэта правільна і як файна, калі дзеці хочуць браць прыклад з бацькі, мараць пайсці па яго слядах у прафесіі. І як прыемна такім бацькам усведамляць, што сыны паўтараюць іх працоўны шлях, дабіваюцца новых, ужо сваіх поспехаў. 

Саша Кандраценка з малых гадоў ганарыўся сваім татам-міліцыянерам. Яму было прыемна ісці побач з ім, такім высокім, прыгожым, у форме з пагонамі. Хлопчык не раз уяўляў, як ён сам надзене такую ж форму, будзе ісці па вуліцы, і з ім гэтак жа, як з татам, будуць усе вітацца.

Бацька яго, Юрый Вiктаравiч, 25 гадоў аддаў міліцэйскай службе. Калі пайшоў на заслужаны адпачынак, не пакінуў свой аддзел аховы. Працаваў якісьці час вартаўніком, а цяпер – вадзіцелем групы тылавога забеспячэння. Чалавек, адданы душой аднойчы выбранаму шляху, саступаць з яго пакуль не збіраецца.

Гады праляцелі хутка. Маленькі Саша стаў дарослым Аляксандрам і мары сваёй не здрадзіў. 

Калі я першы раз надзеў міліцэйскую форму, мне бацька сказаў: «Служы, сынок, верна! Мы з табой выбралі сур’ёзную мужчынскую прафесію, яна шмат да чаго абавязвае. Я веру, што ты ніколі не пашкадуеш аб сваім выбары”, – згадвае Аляксандр Кандраценка.

І ён з гонарам носіць форму. Вось ужо амаль 15 гадоў Аляксандр Кандраценка служыць міліцыянерам-вадзіцелем групы затрымання. Носіць званне старшага прапаршчыка міліцыі. У калектыве яго паважаюць. Ведаюць, што ў гэтым чалавеку можна быць упэўненым, не падвядзе і ў любой сітуацыі будзе на вышынi. 

Гэта пра службу. А яшчэ ён надзейны ахоўнік сваёй уласнай сям’і. Вось ужо 11 гадоў мінула, як адзвінела іх, з найлепшай у свеце дзяўчынай Таццянай, вяселле. За гэты час у іх нарадзіліся два прыгожыя сыночкі, якія таксама ва ўсім бяруць прыклад з таты. А ў мінулым годзе сям’я перасялілася ў новы дом, у якім усё, акрамя сцен, зроблена рукамі Аляксандра. 

З якім захапленнем расказвае пра гэта малодшанькі сямігадовы Матвейка:

“Наш тата ўсё-ўсё можа зрабіць. Нават няма нічога такога, каб ён не ўмеў. Мне вельмі падабаецца назіраць, як ён працуе, як у яго ўсё хуценька атрымоўваецца. Я таксама хачу ўсё так умець, як тата, таму што вельмі яго люблю”. 

Матвейка спартыўны хлопчык, любіць гуляць у футбол, падцягваецца на перакладзіне.

Дзесяцігадоваму Дзіме таксама хочацца браць ва ўсім прыклад з таты. І міліцыянерам ён быць не супраць. Дзіма больш цягнецца да вучобы, удзельнічае ў розных школьных мерапрыемствах. 

Хлопчыкі вельмі любяць бавіць час з татам. З задавальненнем ходзяць з ім на рыбалку, па грыбы. Летам усёй сям’ёй ездзяць на экскурсіі, на прыроду. Словам, цікава праводзяць вольны час. 

– Мае сыны яшчэ малыя, і я не ведаю, які яны зробяць прафесійны выбар. Захочуць пайсці па маіх і дзядулевых слядах – я не супраць. У любым выпадку як будучых мужчын вучу іх смеласці, рашучасці, адказнасці, вучу не баяцца цяжкасцей і дапамагаць тым, хто слабейшы. Стараюся быць для іх прыкладам ва ўсім, такім, як для меня мой бацька, – распавядае Аляксандр. 

Насамрэч, хто ведае, можа, стаўшы дарослымі, сыны захочуць паўтарыць бацькавы і дзядулевы шлях. І ім вельмі да твару будзе міліцэйская форма, а бацька будзе ганарыцца сваімі сынамі, як сёння яны ганарацца ім і як ганарыцца ім яго тата.

Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фота Марыны Янюк

Предыдущая статья

23 февраля – День защитников Отечества