Так ужо заведзена — з надыходам вясны прыбірацца на сваіх падворках, бяліць вапнай дрэўцы, абнаўляць агароджу, падфарбоўваць вокны і дзверы дамоў. І як радуецца вока, калі навокал чысціня і парадак! Як сваю тэрыторыю даглядаюць жыхары Нязбодзіцкага сельскага Савета, мы пацікавіліся ў яго старшыні Марыі Фёдараўны Качко.
— На 1 студзеня бягучага года ў прыватным сектары сельсавета налічваецца 834 дамы, з іх 565 жылых і 269 пустуючых. Фактычна за ўсімі пустуючымі домаўладаннямі замацаваны наследнікі, 72 — маюць праваўстаноўчыя дакументы. З уступленнем у сілу Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 70 ад 3 лютага 2006 года «Аб мерах па ўпарадкаванню ўліку і скарачэнню колькасці пустуючых дамоў з гаспадарчымі пабудовамі ў сельскай мясцовасці» сельвыканкамам праведзена вялікая работа. У выніку па ўсіх пустуючых дамах устаноўлены наследнікі. Рашэннем раённага выканаўчага камітэта ў рэгістр пустуючых унесена 21 домаўладанне.
Сельсавет, як і яго жыхары, зацікаўлены ў змяншэнні колькасці пустуючых дамоў. Пад іх катэгорыю адносяцца аварыйныя і трухлявыя. Толькі за апошнія два гады разабрана 11 аварыйных дамоў, 15 прададзена пад перавоз, у выніку заключэння дагавораў куплі-продажу паміж грамадзянамі 4 пустуючыя домаўладанні сталі жылымі.
— Як здзяйсняецца добраўпарадкаванне тэрыторый пустуючых домаўладанняў?
— Калі па праўдзе, то гэта пытанне застаецца праблемным. На тэрыторыі сельсавета налічваецца больш 30 фундаментаў пустуючых дамоў. Уборку такіх падворкаў мы здзяйсняем рэгулярна. У мінулым годзе нам пашанцавала з рабочымі, якія былі накіраваны цэнтрам занятасці. Амаль усе работы па добраўпарадкаванню арганізоўвалі з імі. Наконт зносу фундаментаў пытанне застаецца адкрытым. На гэта патрабуюцца вялікія грашовыя сродкі і спецыяльная тэхніка, якая пакуль ёсць толькі ў ДП «Свіслацкае ПМС».
Большасць пустуючых домаўладанняў даглядаюць самі наследнікі. Дарэчы, некаторых можна ставіць у прыклад недобрасумленным мясцовым жыхарам. А падчас такія тэрыторыі прыводзяць у парадак неабыякавыя суседзі.
— Напэўна, з добраўпарадкаваннем тэрыторый каля жылых дамоў з такімі праблемамі не даводзіцца сутыкацца?
— Штогадова ў пачатку вясны мы праводзім месячнік па добраўпарадкаванню. Гэты перыяд якраз прыпадае на перадвелікодныя святы. Вяскоўцы самі выходзяць на ўборку сваіх падворкаў, прыводзяць у парадак дамы, агароджу. Транспарт па вывазу смецця прадастаўляюць сельскагаспадарчы філіял «Нязбодзічы» ААТ «Ваўкавыскі мясакамбінат» і ААТ «Грынкі». Акрамя гэтага, кожнаму жыхару сельсавета вядома размяшчэнне звалак. Па ініцыятыве сельсавета ў 2007 годзе былі разасланы памяткі аб іх месцазнаходжанні.
Сельвыканкам правёў немалую работу па забеспячэнню насельніцтва штыкетнікам і паясамі, былі заключаны дагаворы з ДПУ НП «Белавежская пушча» аб пастаўцы прадукцыі па нізкай цане. За чатыры гады сяльчанам рэалізавана 307 метраў кубічных штыкетніку і 54 — паясоў.
— У раёне, у тым ліку ў Нязбодзіцкім сельсавеце, з'яўляецца ўсё больш дамоў узорнага парадку. Як вы лічыце, чаму?
— Актывізавана работа па арганізацыі спаборніцтваў «Дом высокай санітарнай культуры». Пачынаючы з 2004 года, мы ў кожным населеным пункце правялі святы вёсак, на якіх былі падведзены вынікі конкурсу. На сённяшні дзень з такім статусам налічваецца 25 домаўладанняў. Па выніках раённага конкурсу па добраўпарадкаванню жыхарка в. Грынкі Л. П. Турак заняла прызавое месца, за што была ўдастоена каштоўнага падарунка.
— Хто займаецца добраўпарадкаваннем тэрыторый, якія прылягаюць да аб'ектаў сельскай гаспадаркі і сацыяльна-культурнага прызначэння?
— Сельгаспрадпрыемствы гэта пытанне заўсёды трымаюць на кантролі. Тэрыторыі мехмайстэрняў, зернесховішчаў, фермаў прыбіраюцца рэгулярна на працягу года. Што датычыцца ФАПаў, сельскіх бібліятэк, Дамоў культуры, то тут заўсёды падтрымліваецца парадак. Ганарымся чысцінёй і акультурваннем тэрыторый адукацыйных устаноў. Горш справы ішлі з аб'ектамі гандлёвых кропак, цяпер гэта работа і тут вядзецца належным чынам.
— На тэрыторыі сельсавета ёсць помнікі, пахаванні загінуўшых воінаў? Як яны даглядаюцца?
— Ёсць помнік у Стоках, Нязбодзічах і Грынках, памятны камень — у Гаркаўшчыне, пахаванне — на ятвескіх могілках. Штогод ля іх наводзіцца парадак, помнікі падфарбоўваюцца, азеляняюцца тэрыторыі вакол іх.
— Як плануеце арганізаваць работу па добраўпарадкаванню ў бягучым годзе?
— Я думаю, што яшчэ з большай адказнасцю. На тэрыторыі сельсавета знаходзіцца два аграгарадкі, патрэбна падтрымліваць іх статус.
Гутарыла Алена КЕДЗІК.
Фота Грыгорыя ШЫРАЕВА.