Спелая ніва чакае хлебароба

22 Июля’25
595

Хлеб – гэта жыццё! Гэта сімвал працы, мудрасці, добразычлівасці, дабрабыту і шчасця. Не выпадкова ж на гербе Беларусі хлебныя каласы. Спакон вякоў беларусы сустракалі дарагіх гасцей хлебам-соллю. Гэтая традыцыя жыве і сёння.

Ці мажліва перацаніць ролю хлеба ў нашым жыцці? Мы часта не заўважаем яго, як паветра, якім дыхаем, як воду, якую п’ем, як зямлю, па якой ходзім. Але хлеб, як паветра, як зямля і вада заўсёды з намі. Аб хлебе можна гаварыць бясконца, як аб самым жыцці. Як і аб людзях, якія прысвяцілі сваё жыццё нараджэнню хлеба. Якія вясною кідаюць зерне ў глебу, а летняю парою спяшаюцца ў поле, каб сабраць вырашчаны ўраджай. Увесь, да апошняга каласка. Імя ім – хлебаробы. І важнейшай працы няма на свеце.


Свята “Зажынкі” адзначылі майстры хлебнай нівы з УСП “Новы Двор-Агра”. Камбайнёры, вадзіцелі, усе, хто мае дачыненне да жніва, да новага хлеба, былі ў гэты дзень на полі. Ва ўрачыстым чаканні замерлі камбайны перад тым, як паплывуць па залатому акіяну спелай нівы.

З прывітальным словам да галоўных герояў свята звярнуўся намеснік дырэктара гаспадаркі Аляксей Максімаў. Ён прызваў хлебаробаў мабілізаваць усе сілы, прыкласці максімум намаганняў, каб уборачная кампанія прайшла на высокім узроўні. Каб сабралі новы ўраджай да каласка, каб не падвяла тэхніка і благачыніла прырода.

Галоўным сімвалам зажынкаў ва ўсе часы быў зажыначны сноп. У суправаджэнні народных песень такі сноп уручаецца Аляксею Максімаву, а ён падымае яго высока ў знак таго, што жніво-2025 пачынаецца.

А якое жніво без Божага благаславення? З кароткімі малітвамі на шчаслівае правядзенне ўборкі звярнуліся да хлебаробаў святары навадворскай царквы Святога Архангела Міхаіла Анатоль Каляда і поразаўскага касцёла Святога Міхала Арханёла Юрый Канапелька. Яны акрапілі святой вадой усіх сабраўшыхся на свята і ўсю тэхніку.

Свежаспечаны каравай з новага ўраджаю ўручаецца намесніку дырэктара гаспадаркі, і ўсе ўдзельнікі жніва маюць магчымасць таксама паспрабаваць на смак каравай. Гучаць песні ў выкананні народнага ансамбля песні і музыкі “Пушчанскія напевы”, а высока ў небе галасістым дзяўчатам падпяваюць жаўранкі.




Ядвіга КОБРЫНЕЦ

Фота аўтара

Предыдущая статья

Обсуждаем главные события недели с директором Свислочского центра культуры и народного творчества Дмитрием Солдатенковым