banner

Туды ёй хочацца вярнуцца, дзе адзвінела маладосць

30 Июля’10
2594

Туды ёй хочацца вярнуцца, дзе адзвінела маладосцьАндрэеўна завіхалася ў гэты дзень з самага ранку. Рыхтавала святочны стол. Будуць госці. Як ні кажы, а 80 гадоў “стукнула”. Узрост, будзем казаць!

Непрыкметна для сябе прысела на лаўку. Рукі, натруджаныя за жыццё, ціха ляглі на падол. І перад вачамі прабеглі пражытыя гады...

Дзяцінства было сіроцкім. Бацька памёр рана. На мацярынскія плечы лягла гаспадарка і выхаванне чацвярых дзяцей. Рухавай і жвавенькай была Марыйка. Вунь ужо і на вячоркі пачала бегаць. Дзяўчаты пралі кудзелю, вязалі, вышывалі. А хлопцы курылі цыгаркі і чакалі танцаў. Звычайна наймалі гарманістаў, вось тады можна было і наскакацца. Ахвочая была Марыйка да танцаў. Кавалераў у яе заўсёды хапала. Але глянуўся дзяўчыне з Дабраволі грынкаўскі хлопец Іван, таксама вельмі добры танцор.

У маі 1951-га згулялі вяселле, абвянчаліся ў царкве. І вось ужо амаль што 60 гадоў ідуць па жыцці разам Марыя Андрэеўна і Іван Георгіевіч Пічкоўскія.

— Я за ім пражыла, як за мураванай сцяной, — гаворыць Андрэеўна. — Адпрацуе, бывала, Іван працадзень у будаўнічай брыгадзе — і на хатнюю гаспадарку хутчэй увіхацца. Люба было глядзець на яго. У 60-я гады калгасы толькі набіралі сілу, а мы — маладыя, моцныя, рухавыя, ахвочыя што да працы, што да адпачынку.

Так, на ўсё ім хапала часу. Вялікая гаспадарка была, двое дзетак падрасталі, а гаспадынька між тым яшчэ і ткацтвам паспявала займацца. Кросны ў тую пару стаялі амаль у кожнай хаце, і маладзіцы бегалі адна да другой, каб пераняць узоры.

Добры пасаг прывезла Марыя ў мужаву хату. Высокі ладны куфар да сёння стаіць у каморы. Поўны яе вырабамі. Колькі ж панаткала: для сябе, для родных, для знаёмых. Рукі так і лёталі над кроснамі.

Вось бы скінуць пару дзясяткаў гадоў і зноў сесці за кросны. А чаму не? Вочы яшчэ добра бачаць, а рукі, хоць і стаміліся за жыццё, але не забыліся, як чаўнок трымаць.

Неяк непрыкметна павыра­сталі дзеці. Дачка Люба жыве за мяжой. Часта наведваецца да бабулі ўнук Дзяніс. А сына Мікалая ўжо больш за трыццаць гадоў няма на свеце.

Працай праганяла боль і слёзы...

Памятае Марыя Андрэеўна першы падарунак ад калгаса: два метры льняной тканіны. А колькі потым іх было: і падарункаў, і ўзнагародаў!

Выйшла на пенсію, а ўсё яшчэ хадзіла на працу ў калгас. І сёння трымае яна парсючкоў, курачак, заўсёды ў парадку агарод. Вось толькі Івана Георгіевіча здароўе стала падводзіць. Паліклініка — ФАП — бальніца — вось яго звыклы маршрут.

...Скрыпнулі веснічкі, Андрэ­еўна ўсхапілася: “Вой, ужо і госці на парозе”. У святочны юбілейны дзень нараджэння прыйшлі павіншаваць яе работнікі Грынкаўскага Дома культуры. Ад шчырага сэрца гучалі песні ў выкананні дзіцячага ансамбля “Гарошынкі”.

Госці любаваліся вырабамі майстрыхі: дыванамі ды посцілкамі — і здзіўляліся іх прыгажосці. Дзе толькі не пабывалі яны. Ні адно свята ці выстава не абыходзіліся без гэтых прыгожых стракатых вырабаў. Вось і днямі вярнуліся з фестывалю нацыянальных культур, што праходзіў у Гродна.

Напрыканцы нашай сустрэчы Марыя Андрэеўна звярнулася да нас з просьбай:

“Сфатаграфуйце нас з Іванам разам. Амаль 60 гадоў жывем, а ніводнай такой фатаграфіі няма. Няхай будзе на памяць праўнукам”.

Яны селі на лаўку. Вочы свяціліся дабрынёй і жыццёвай сялянскай мудрасцю. Такімі яны і застануцца ў памяці родных людзей.

М. САМАЛЕВІЧ,

в. Грынкі.

Фота аўтара.

Предыдущая статья

Когда к работе с душой
Похожие новости
24 Февраля’21
1238
Пажылыя – пажылым
15 Мая’20
3102
Мечты сбываются