У мінулыя выходныя ў Мінічах было нязвыкла шматлюдна. Гучалі віншаванні, песні, музыка, весялосць разносілася па ўсёй акрузе. Жыхары і ўраджэнцы Мінічаў, Церахавічаў і Алісевічаў сабраліся на свята вёсак-суседак «Дзень добры, вёска родная мая!».
Вёска шануе сваіх людзей
Сюды, на малую радзіму, з'ехаліся госці амаль з усіх куткоў Беларусі, каб пабачыцца са сваякамі, суседзямі, удыхнуць глыток такога чыстага вясковага паветра.
На свяце гасцінна ўсіх павітаў старшыня Ханявіцкага сельвыканкама Браніслаў Дзічкоўскі.
– Вельмі добра, што на наша мерапрыемства сабрала шмат людзей. Мы ўдзячны ўсім, хто прыехаў на малую радзіму. Бо гэта тое месца, любоў да якога пасяляецца ў сэрцы чалавека назаўжды. Хачу павіншаваць усіх са святам і пажадаць дабрабыту, шчасця і здароўя. Няхай сённяшні дзень стане добрым успамінам на многія гады, а жаданне зноў сабрацца на такім мерапрыемстве толькі павялічваецца, – падкрэсліў, адкрываючы свята, Браніслаў Дзічкоўскі.
Родная вёска. Якая яна? Самая прыгожая, самая гасцінная, самая светлая. Такі адказ чытаўся ў вачах кожнага, хто стаў удзельнікам мерапрыемства.
На імправізаваную сцэну вядучыя запрашалі мясцовых жыхароў, якім свая вёска за ўсё мілей. Яны засталіся адданыя малой радзіме, прысвяцілі ёй усё сваё жыццё.
Бурнымі апладысментамі віталі найстарэйшых жыхароў вёсак. З Алісевічаў – Валянціну Ігнацьеўну Кавальчук, якой акурат у пачатку ліпеня споўнілася 97 гадоў, з Церахавічаў – Сафію Васільеўну Ананка (97 год), з Мінічаў – Ніну Сцяпанаўну Патоцкую (88 гадоў).
Не засталіся без увагі мнагадзетныя маці. Вераніка Сабалеўская з Мінічаў гадуе трое дзяцей, Дар’я Заўражына з Церахавічаў таксама падарыла жыццё траім дзецям. Матулі атрымалі ад Ханявіцкага сельвыканкама памятныя падарункі. Таксама як і Ніна Белабокая з Церахавічаў і Зінаіда Навасад з Мінічаў, якія нарадзілі і выгадавалі па 7 дзяцей. За мацярынскі подзвіг яны маюць медаль Мацярынства. А сёння гэтыя жанчыны багатыя ўнукамі і праўнукамі, цешацца іх поспехамі і моляцца за іх здароўе.
З павагай вядучыя называлі імёны самых старэйшых сямейных пар, якія разам па жыцці ідуць 50 і 45 гадоў. У Церахавічах гэта Васіль і Ніна Белабокія, у Мінічах – Міхаіл і Лілія Белабокія, Уладзімір і Валянціна Музычка, Анатолій і Зінаіда Навасад.
Праца на зямлі заўсёды лічылася ганаровай. У Мінічах і Церахавічах пражываюць Лідзія Шкулепа і Галіна Бабаш, якія носяць ганаровае званне «Заслужаны калгаснік». Яно прысвойвалася за выдатныя дасягненні ў працы і ўклад у развіццё калгаснай вытворчасці. Гэтым жанчынам і сёння прызнанне і гонар.
Наогул на вёсцы шануюць тых, хто шчыра працуе, з’яўляецца добрым гаспадаром, а яшчэ паспявае грамадскай работай займацца. Гаворка ідзе пра стараст – Міхаіла Белабокага і Ганну Юсько. Яны незаменныя памочнікі старшыні сельсавета, своеасаблівае звяно паміж мясцовай уладай і вяскоўцамі. За старанне сельскіх актывістаў адзначылі падарункамі.Таксама ўшанавалі і воінаў-інтэрнацыяналістаў – Сяргея Пугачэўскага, Уладзіміра Юсько, Віктара Шкулепу, Івана Ананка.
“Дзякуй за свята”
Песні, падарункі, добрыя словы, успаміны, шмат успамін – усё гэта было. Вяскоўцы яшчэ доўга не хацелі расходзіцца. Успаміналі пра тое, як жылося раней, як збіраліся ў калгасным садзе на яблыне-“крывулі”, як амаль да світання там знаходзіліся, шуткавалі, спявалі песні. Якія дарагія для іх гэтыя ўспаміны! Як цешаць душу і прымушаюць мацней біцца сэрцы!
Ад імя ўсіх, хто прыехаў на ўрачыстаць з другіх мясцовасцей, выказала словы падзякі арганізатарам свята – Ханявіцкаму сельвыканкаму, Ханявіцкаму сельскаму філіялу-клубу, артыстам раённага цэнтра культуры і народнай творчасці – Тамара Кротава:
– Я рада, што ў нашай вёсцы ўпершыню прайшло такое свята. Яно звязвае ўсіх нас. Хочацца, каб гэты наш маленькі куток станавіўся ўсё цудоўней і прыгажэй. Вельмі прыемна, калі прыязджаеш сюды і бачыш абнаўленне – новую дарогу, новы прыпыначны пункт. А многае засталося некранутым, як было тады, у нашым дзяцінстве. І гэта таксама каштоўна і вельмі дорага нам. Гэта тыя мясціны, дзе мы нарадзіліся, адкуль выйшлі ў вялікае жыццё. Я хачу пажадаць, каб у кожнага былі такія месцы для душы, дзе мы натхняемся, дзе акрыляюцца нашы пачуцці, куды заўсёды можна вярнуцца. Хачу пажадаць усім здароўя, шчасця, а нашай вёсачцы – працвітання і росквіту. Вялікі дзякуй арганізатарам свята за тое, што змаглі закрануць за жывое нашы сэрцы.
Такія святы аб'ядноўваюць людзей і ў каторы раз пераконваюць у тым, што няма на зямлі больш цудоўнага і даражэйшага месца, чым тое, дзе ты з'явіўся на свет.
Слова землякам
Аляксандр Дзічкоўскі, г. Нясвіж:
– Прыемна, што праходзяць такія мерапрыемствы. Яны садзейнічаюць аб'яднанню грамадзян. Некаторыя, вось, як мае знаёмыя з Мінска, даўно тут не былі. Пакуль бабуля жыла, прыязджалі часта, а як яе не стала, дык і неабходнасць прапала. Але на такое мерапрыемства прыехалі. Таму важна такія святы праводзіць, каб людзі прыгадалі свае карані. А калі казаць пра вёску, для кожнага, хто сёння прыбыў на свята, я ўпэўнены, яна шмат значыць. Чалавек будзе з гонарам адклікацца аб месцы свайго нараджэння, пра сваю малую радзіму. Таму, што гэта аснова, той падмурак, які сёння фармуе кожнага чалавека.
Ніна Белабокая, в. Церахавічы:
– Я нарадзілася ў Цераховічах і ўсё жыццё тут пражыла. Шмат гадоў адпрацавала на свінакомплексе. Маю медаль ВДНГ. Выгадавала семярых дзяцей. Аднаго, на жаль, пахавала. А яшчэ сястрыных чацвярых дзяцей гадавала. Яна рана пакінула гэты свет. Не было часу на адпачынак. У вёсцы яно як – працуй і працуй. Дзеці мае добрыя. Толькі раз'ехаліся хто куды – Ружаны, Маладзечна, Ваўкавыск, Бераставіца. Мы з мужам дваіх жывём. Заўсёды з нецярпеннем чакаем унукаў у госці, а іх 12 у нас, і ўжо маем 3 праўнукі. Жыццё ў вёсцы спакойнае, добрае. Толькі шчасця жадаю сваім дзецям, унукам, усім вяскоўцам. І каб пад мірным небам жылі.
Міхаіл Патоцкі, г. Ваўкавыск:
– Тут была калісьці вялікая вёска. Усіх памятаю, дзе хто жыў. Усе дамы жылыя былі. Усе – добрыя людзі, працаўнікі. Вылучыць кагосьці складана. Нехта быў добрым паляводам, заслужаным калгаснікам, нехта будаўніком, жывёлаводам. Усе вядомыя сваёй працай. Кожны жыхар трымаў гаспадарку – кароў, свіней, гусей, авечак. Жыццё проста кіпела. Я з'ехаў адсюль у 90-х. Але часта прыязджалі з сям’ёй да бацькоў, дапамагалі. Мусіць, з гадамі больш разумееш, як дорага тое месца, дзе нарадзіўся, дзе мінула тваё дзяцінства і юнацтва. Я ганаруся, што нарадзіўся ў вёсцы. Яна мяне загартавала і навучыла жыць і не баяцца цяжкасцей.
Кацярына Сухачёва, г. Брэст:
– Нарадзілася ў Церахавічах, потым пераехалі ў Ханявічы. Але сваім родным кутком лічу Церахавічы. Бабулі летась не стала, але мы з сям'ёй усё роўна прыязджам менавіта сюды. Тут – роднае месца. Столькі ўспамінаў! Столькі сяброў было. Па-ранейшаму збіраемся, сябруем. Сёння мала хат жылых засталося, але трэба, каб вёска развівалася. Калі прыязджаеш сюды, адчуваеш сябе інакш. Тут такое ўсё душэўнае. Дзяцінствам пахне. Бесклапотным і такім вясёлым.
Ігар Чэрнікаў, г. Гродна:
– Прыехаў у Мінічы да бабулі і дзядулі. Часта бываю тут. На канікулы прыязджаю. Тут весела, вольна, цікава. З братам разам гуляем. На веліках катаемся. Падабаецца хадзіць у лес з мамай. Ягады з грыбамі збіраем. Хацеў бы жыць у вёсцы і як дзед Сяргей працаваць на трактары.
Васіліса і Анжаліка Белабокія:
– Мы ходзім у 5-ы клас. Жывём у розных гарадах, але дамаўляемся і разам прыязджаем у Церахавічы. Тут у нас летам шмат сяброў. Гуляем у хованкі, даганялкі. У вёсцы так прыгожа і свабодна. Нам вельмі падабаецца, калі бабуля ў печы пюрэ гатуе. Гэта так смачна! Вёска – гэта крута!
Марына ЯНЮК
Фота аўтара