banner

Яго прызванне – праца на зямлі

14 Ноября’15
1227
Яго прызванне – праца на зямлі 
Трактарыст-машыніст УСП "Саўгас "Велікасельскі” Аляксандр Мікалаевіч Габрыянік – механізатар, якіх яшчэ пашукаць! Калі спатрэбіцца, можа пе­ра­сес­ці на любую машыну ці трак­тар. Таксама ўмее хутка адрамантаваць любую па­лом­ку. Адказны і доб­ра­сум­лен­ны работнік, надзейны таварыш, ён заслужана карыстаецца вялікай павагай у калектыве. За добрасумленную працу і па вы­ні­ках раённага спаборніцтва за мінулы год Аляксандр Мікалаевіч быў узна­га­род­жа­ны Ганаровай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь.

– Нарадзіўся я ў вёсцы Манчыцы. Бацька працаваў механізатарам, маці была даяркай, – расказвае Аляксандр Мікалаевіч. – Калі думаў пра будучую прафесію, перамагла любоў да зямлі. Пасля службы ў паветрана-дэсантных войсках скончыў курсы па падрыхтоўцы вадзіцеляў у Ваўкавыску і ўладкаваўся на працу ў родны саўгас. У 1981-м паступіў на дзённае аддзяленне ў Беларускі сельскагаспадарчы тэхнікум, атрымаў спецыяльнасць "аграном-арганізатар”. Па размеркаванню вярнуўся ў раён. Два з паловай гады працаваў у калгасе "Савецкая Беларусь” брыгадзірам паляводчай брыгады, затым у сельгастэхніцы вадзіцелем. У 1991-м пайшоў у саўгас "Велікасельскі” трактарыстам-машыністам.

У перыяд масавых палявых работ працоўны дзень аграрыя пачынаецца з шасці гадзін раніцы: неабходна пад­рых­та­ваць тэхніку да выхаду ў поле, пад­ча­піць адпаведны агрэгат. Дарэчы, за ім замацаваны энерганасычаны "Беларус-3022”. Пас­ля кароткага агляду і разнарадкі Аляксандр Мікалаевіч выязджае на па­лет­кі, дзе і працуе да позняга ве­ча­ра.

– У гарачую пару кожная хвіліна – на ва­гу золата! – заўважае хлебароб. – Тэхніка задзейнічана па мак­сі­му­му. Работа ў полі спы­ня­ец­ца толькі на кароткі абед і падвячорак.

Безумоўна, працаваць у такім нап­ру­жа­ным рытме няпроста. Ад­нак Аляксандр Мікалаевіч заўсёды на перадавых пазіцыях. Вось і ў сёлетняе жніво экіпаж братоў Габрыянікаў першым намалаціў тысячу тон збожжа. Пасля заканчэння ўборачнай у саўгасе разам з іншымі механізатарамі раёна ён дапамагаў убіраць ураджай на палетках саўгаса "Падольскі” Астравецкага раёна.

Трэба любіць справу, якую робіш, сэрцам адчуваць пок­ліч поля, клапаціцца, каб зямля бы­ла па-гаспадарску дагледжана, лічыць Аляксандр Мікалаевіч.

Усё ладзіцца і ў яго сям’і. З жонкай Марыяй Браніславаўнай, якая працуе настаўніцай у Вердаміцкай школе, ужо шмат гадоў разам. Выгадавалі дзвюх дачок, маюць унучку.

У гэтым годзе за добрасумленную працу і высокія вытворчыя паказчыкі хлебароб удастоены Ганаровай граматы абласнога Савета дэпутатаў.
 
Кацярына ДУДКО.
Фота Грыгорыя ШЫРАЕВА.

Предыдущая статья

У собаки должен быть хозяин