У Дзень ведаў, 1 верасня, першы ўрок ва ўстановах адукацыі прайшоў на тэму «Нам мір завешчана берагчы!».
Адбыўся ён і ў першым класе Навадворскай сярэдняй школы. Алена Іванаўна Петрулевіч упершыню правяла ўрок для Усевалада Баранцэвіча, Насці Ботвіч, Дзімы Ганчарэвіча, Івана Лобача і Веранікі Цюпяшук.
З непаддзельнай цікавасцю дзеці знаёміліся з асаблівасцямі нашай краіны, нацыянальнай сімволікай, вандруючы па старонках свайго першага падручніка “Беларусь – наша Радзіма”. На карце вялікага свету Беларусь – як кляновы лісток. І ў кожнага чалавека ёсць свой запаветны куток. Прагучалі словы падзякі старэйшаму пакаленню за перамогу над ворагам у гады Вялікай Айчыннай вайны. У спадчыну мы атрымалі мірнае неба, шчаслівае дзяцінства без тых цяжкасцей і выпрабаванняў, якія прыйшлося перажыць дзецям ваеннага ліхалецця. Нам завешчана зберагчы гэты мір. Белакрылы голуб… Птушка, якая сімвалізуе мір і згоду паміж людзьмі.
Алена Іванаўна прапанавала вучням “ажывіць” птушак, намаляваўшы ім вочкі і дзюбку. Дзеці з задавальненнем ваканалі сваё першае вучэбнае заданне.
Мы пацікавіліся, каму яны збіраюцца падарыць сваіх птушак.
Насця:
– Любай матулі і сяброўцы. Я жадаю ім здароўя, дабра і шчасця!
Сева:
– Сваім бацькам. Каб здзяйсняліся ўсе іх мары, а ў доме панавалі мір і згода.
Вераніка, Дзіма і Ваня таксама падарылі сваіх галубкоў любым матулям з пажаданнямі дабра і шчасця.
Кацярына ДУДКО.
Фота Вольги БУБЕНЧЫК.