banner

Святар Кірыл Кубрак: «Будучы хрысціянінам, чалавек не перастае быць грамадзянінам»

21 Февраля’24
730
Святар Кірыл Кубрак служыць у храме Покрыва Прасвятой Багародзіцы ў Свіслачы ўжо трэці год. За гэты час, прызнаецца, зрадніўся з прыходам і людзьмі. Пра надзённыя справы прыхода, грамадзянскі абавязак хрысціян, сваіх прыхаджан і гонар за іх  айцец Кірыл расказаў «Свiслацкай газеце».



– Айцец Кірыл, вы ў нас у Свіслачы не так даўно. Што можаце сказаць пра свіслачан і пра прыход?

– У лістападзе было два гады, як я тут. Ведаеце, на кожным прыходзе я жыў і служыў, працаваў з разліку, што тут я назаўжды. У Свіслачы нічога не памянялася: тут я якраз з такім жа намерам. Працую, стараюся для храма. Зрадніўся з прыходам, з людзьмі. Безумоўна, я за два гэтыя гады шмат чаму навучыўся, шмат чаго адкрыў у сабе і ўдзячны Богу, што тут апынуўся. 

– Кожны прыход розны. Што б вы сказалі аб сваім?

– Прыход у нас дастаткова малады. У тым плане, што царква пабудавана нядаўна. У гэтым годзе 22 чэрвеня спаўняецца пяць гадоў з дня асвячэння храма. Гэта першы такі няхай маленькі, але для нас ужо значны юбілей. На 22-га сёлета выпадае Траецкая субота, 23-га – само свята Тройцы. У найбліжэйшую пасля гэтага нядзелю, 30 чэрвеня, у гонар знамянальнай даты ў нас будзе святочнае богаслужэнне. Службу правядзе Уладыка Антоній, архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі.

– Якімі клопатамі ваш прыход жыве сёння?

– Няхай наш храм ужо і пабудаваны, яшчэ наперадзе пэўны аб’ём работ. Каб прывесці царкву ў належны канчатковы стан, трэба зрабіць фасад, адмостку, цокаль, добраўпарадкаваць тэрыторыю. Цяпер мяняем вокны. Зрабілі праект вонкавага асвятлення храма. Частка свяцілень будзе размешчана на самым фасадзе храма, частка будзе стаяць на апорах на тэрыторыі – усяго больш за 100 свяцілень. 

Пасля прыступім да добраўпа-радкавання тэрыторыі. Тут трэба ўсё граматна спланаваць, прадугледзець, каб была ў першую чаргу неабходная прастора для богаслужбовага ўжывання – для хрэсных хадоў, для размяшчэння прыхаджан падчас асвячэння велікодных кулічоў, вярбы… Набліжаемся да завяршэння падрыхтоўкі праекта. Ён будзе з выхадам з тэрыторыі царквы на вуліцу Каліноўскага. Агульная канцэпцыя ёсць. Спадзяюся, знойдзем спосабы, каб гэта было і зручна, і бяспечна, і камфортна для карыстання. 

– Усё гэта вялікія фінансы…

– Так, вядома. І прыход сваімі сіламі гэтыя гаспадарчыя пытанні вырашыць за кароткія тэрміны наўрад ці зможа. Але нам моцна раён дапамагае, сельскагаспадарчыя арганізацыі, іншыя спонсары ёсць. Таму будзем рухацца наперад. Дзякуй Богу, Ён пасылае нам людзей, якія дапамагаюць або праз якіх з’яўляюцца іншыя людзі, гатовыя падтрымаць храм. Тут, вядома, вельмі важная роля старшыні райвыканкама Аляксандра Людвігавіча Вярсоцкага. Кіраўнік раёна заўсёды ідзе насустрач, дапамагае, хадайнічае заўсёды за нас перад спонсарамі, просіць за нас. Таму вялікая яму падзяка за ўдзел у жыцці нашага храма, у жыцці нашага прыхода.

– Як яшчэ ажыццяўляецца ўзаемадзеянне Царквы і грамадства?

– Увесь час – і гэта вельмі і прыемна, і правільна – на галоўныя святы, мерапрыемствы, якія праходзяць у раёне, запрашаецца свяшчэннік. І заўсёды даецца слова святару, ёсць магчымасць звярнуцца да жыхароў горада. Калі да сваіх прыхаджан я магу звярнуцца ў царкве пасля службы, то на такіх масавых мерапрыемствах ёсць магчымасць звярнуцца і да тых праваслаўных, якія, можа быць, нячаста бываюць у храме. І не толькі да людзей праваслаўнага веравызнання. Ізноў жа гэта такі важны місіянерскі момант, таму што, калі людзі бачаць святара, яны ведаюць, што Царква ёсць, Царква жывая. Я некалі размаўляў з адным бацюшкам, і зайшла гаворка пра тое, ці ёсць на маленькім сельскім прыходзе неабходнасць, каб святар жыў у самой вёсцы, дзе знаходзіцца храм. І мой суразмоўца сказаў, што гэта вельмі важна, бо нават калі святар проста ідзе па вуліцы, калі людзі бачаць бацюшку ў падрасніку, яны ні на хвіліну не забываюцца, што ёсць Царква, ёсць Бог і трэба верыць у Яго. Калі ўзнікае ў чалавека смутак ці запатрабаванне, то ён будзе ведаць, што Царква побач, што ёсць магчымасць звярнуцца і атрымаць там дапамогу. 

– Прыход – гэта людзі… Якія яны – вашы прыхаджане?

– Скажу так: калі прыехаў у Свіслач, першае, на што звярнуў увагу і чым быў прыемна здзіўлены, –
тым, наколькі людзі тут лёгкія на ўздым. На ранейшых прыходах бывала, што людзей трэба было яшчэ разварушыць. Тут жа ў Свіслачы рэчы, якія я прапаную, адразу лёгка падтрымліваюцца і пачынаюць рэалізоўвацца. Многае свіслачане самі бяруць на сябе. Як прыклад – маленькая гісторыя. У гэтым годзе былі вельмі снежныя дні. Выпаў неяк снег, прыходжу – вакол храма пачышчана, а нікога няма. Пытаю ў людзей: “Хто пачысціў?” А яны: “Мы не ведаем”. На наступны раз – тое ж самае. Потым у нейкі дзень наведаўся ў храм у той час, калі звычайна тут не бываю. Гляджу: мужчына чысціць снег вакол царквы. Нехта скажа, што гэта дробязі. Для мяне ж як святара вельмі каштоўна, важна і прыемна, што ў Свіслачы людзі так уважліва ставяцца да храма, лічаць яго сваім, думаюць пра яго. І так шмат у якіх пытаннях. Мусіць, бачаць, што бацюшка стараецца, таму і бяруць на сябе нейкую частку жыцця прыхода.

– Айцец Кірыл, у краіне ідзе электаральная кампанія. Як хрысціянін павінен ставіцца да гэтай падзеі ў жыцці грамадства?

– Будучы хрысціянінам, чалавек не перастае быць грамадзянінам. Верніку важна выконваць закон, прытрымлівацца яго і заўсёды старацца станавіцца лепшым. Выбары – прадугледжанае законам права чалавека. Гэта тое, ад чаго залежыць жыццё не толькі тваё, але і ўсяго грамадства, у тым ліку тых людзей, якія побач з табой, якіх ты ведаеш і любіш. Кожнаму трэба прыняць удзел у тым, якой будзе сфарміравана будучыня для яго, яго дзяцей, нашчадкаў. Мы сям’ёй ідзем і галасуем. Таму хочацца заклікаць і жыхароў раёна, хрысціян выканаць грамадзянскі абавязак – зрабіць свой выбар. Вядома, як і ва ўсіх справах, маючы пры гэтым вялікі давер да Бога.

Наталля ТУРКО
Фота аўтара

Предыдущая статья

Почему я иду на выборы? Мнение лауреата республиканского конкурса «Учитель года-2023» Владимира Михальчика