18 лютага ў раённай бібліятэцы было арганізавана мерапрыемства да Міжнароднага дня роднай мовы. У вясёлай граматыцы «Калі ласка, запрашаем – тут мы мову вывучаем!» прынялі ўдзел вучні СШ № 2 імя М. П. Масонава.
Мерапрыемства пачалося з дэкламавання вершаў вядомых паэтаў на патрыятычную, пейзажную, філасофскую і грамадзянскую тэмы. Вядучыя засяродзілі ўвагу на шматграннасці роднай мовы, прыгажосці беларускага слова, яскравасці вуснай народнай творчасці.
Гульня-падарожжа «Па знаёмых старонках» дапамагла пераканацца ў тым, што навучэнцы добра ведаюць беларускую мову. У ходзе гульні-падарожжа каманды «Эрудыты» і «Знаўцы» змагаліся ў конкурсах «Паэтычны», «Закончы прыказку», «Беларускія народныя казкі», «Перакладчыкі», удзельнічалі ў гульні «Загадкі з вясёлай хаткі». Напружаным і цікавым атрымаўся конкурс капітанаў «Знайдзі і растлумач». А тэматычная выстава «Багата, родная ты мова...» прыцягвала ўвагу прысутных і актывізавала пазнавальную дзейнасць.
Напрыканцы сустрэчы школьнікі выказалі сваю любоў да роднай мовы і на пялёстках рамонка напісалі, што наша мова прыгожая, мілагучная, ласкавая, пяшчотная, паэтычная, родная.
Вольга БОТВІЧ