Удзельнікі аматарскага аб’яднання «Майстры пушчанскага краю» аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры Свіслацкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці прынялі ўдзел у рэгіянальным свяце-кірмашы вырабаў рамеснікаў «Гродзенскія традыцыі да свята Вялікадня», што ладзілася 9 красавіка ў абласным цэнтры.
Вось куды трэба спяшацца, рыхтуючыся да Вялікадня, за пакупкамі і добрым настроем. На кірмашы можна было знайсці ўсё неабходнае – вярбу, яйкі-пісанкі, паштоўкі ручной работы, саламяныя кошычкі, сурвэткі з велікоднай сімволікай і іншыя святочныя сувеніры, наведаць майстар-класы (самому ўпрыгожыць вярбу, распісаць яйка па ўнікальнай старадаўняй тэхналогіі, папрацаваць за ткацкім станком, зрабіць сувенір з саломкі ці дзіўныя карункі са звычайнай белай паперы). На адной пляцоўцы – лепшыя майстры Гродзеншчыны, рэгіянальныя велікодныя традыцыі, шчырыя віншаванні, мясцовыя песні, танцы і гульні. Ганаровыя госці свята – носьбіты нематэрыяльнай культурнай спадчыны, чыя творчасць уключана ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Свіслацкі аддзел рамёстваў і традыцыйнай культуры прапанаваў наведвальнікам кірмашу саламяныя вырабы, кераміку, дэкаратыўнае пано, вязаныя цацкі, калекцыю велікодных яек (тут вам і інкрустацыя саломкай, і пісанка, і жывапіс), святочныя паштоўкі ў тэхніках выцінанка і квілінг, велікодныя кошыкі, абярэгі з беларускім арнаментам і іншыя сувеніры.
Па традыцыі ў гэты дзень былі названы пераможцы абласной выстаўкі-конкурсу дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва «Велікодны падарунак». Два дыпломы вышэйшай пробы прыехалі ў Свіслач.
Майстар народных мастацкіх рамёстваў Іна Шпак – лаўрэат І ступені ў намінацыі «Лепшая калекцыя велікодных паштовак», а яе калега Ірына Фунт, майстар саломапляцення, медатыст аддзела рамёстваў і традыцыйнай культуры, – аўтар лепшых велікодных кошыкаў. Ірына Іванаўна – проста апантаны саломапляценнем чалавек, валодае адмысловым уменнем у гэтай справе. Працуе ў самых розных тэхніках, камбінуе іх для атрымання непаўторных вырабаў. Дарэчы, яе кошыкі прызнаюцца лепшымі ў вобласці ўжо другі раз запар. Душа ж Іны Шпак горнецца да керамікі і выцінанкі. У 2020 годзе сярод велікодных падарункаў журы адзначыла дыпломам ІІ ступені яе дэкаратыўнае пано.
З 12 па 23 красавіка ў аддзеле рамёстваў і традыцыйнай культуры, што месціцца на вуліцы Мяльнова ў райцэнтры, працуе выстаўка-продаж «Велікодны перазвон». Паверце, тут ёсць на што паглядзець. А што глянецца – можна купіць. З вырабамі ручной работы ад свіслацкіх майстроў свята будзе прыгожым!
Наталля ТУРКО
Фота аўтара