banner

Паэт роднага краю

29 Июня’20
1003
Нядаўна свой 75-гадовы юбілей адзначыў мясцовы паэт Іван Ламашкевіч. Напярэдадні адбылася сустрэча з ім у Свіслацкай раённай бібліятэцы. Да гэтай даты работнікі бібліятэкі склалі зборнік вершаў пад назвай «Отголосок ушедшего лета». 



Пад час уручэння зборніка дырэктар Свіслацкай раённай бібліятэкі Святлана Піваварчык павіншавала Івана Канстанцінавіча са значнай датай у яго жыцці. Яна пажадала паэту здароўя, аптымізму, невычэрпнай энергіі і натхнення. «Вашы вершы вучаць дабру, любові да роднага краю, жыццёвым каштоўнасцям. Новых вам тэм і паэтычных радкоў», – пажадала Святлана Іванаўна.

Дзяцінства Івана Канстанцінавіча прайшло на грынкаўскай зямлі, якая славіцца сваёй песеннай і паэтычнай культурай. З 2006 года ён з’яўляецца ўдзельнікам літаратурнага аб’яднання «Натхненне» пры Рэспубліканскім Доме ветэранаў у г. Мінску. Друкаваўся ў зборніках клуба «И снова душу греет благодать», «Святло дабрыні», «Ад зямлі да нябёсаў», «І гаспода мая, і мой храм», у альманаху «Гоман».

Яго гумарэскі неаднаразова гучалі на аглядзе мастацкай самадзейнасці «Спявай, Беларусь!» Мінскага трактарнага завода і былі адзначаны дыпломамі. У кожнага верша Івана Канстанцінавіча ёсць свая гісторыя.



– Што вас натхняе на творчасць?

– У першую чаргу мяне натхняюць любоў да жыцця, размовы са знаёмымі на розныя тэмы.

– Якое месца ў вашым жыцці займае творчасць?

– Першае. У школьныя гады была проба пяра, вершы для сябе, для душы. А вось на пенсіі з’явілася шмат вольнага часу, і пачаў пісаць больш. Акрамя вершаў ляжыць душа і да песні. Усё жыццё спяваю, люблю гэту справу з маленства. Гэта і падштурхнула мяне да напісання вершаў. Пражываючы ў Мінску, спяваў у народнай харавой капэле Палаца культуры Мінскага трактарнага завода.

– Які з асабістых вершаў з’яўляецца вашым самым любімым? 

– Усе вершы любімыя, яны – мае дзеці. А вылучыў бы верш «Песня маці».

– Якой тэме аддаеце больш увагі ў сваёй творчасці? 

– Больш за ўсё пішу аб прыродзе. Люблю назіраць за чародамі жураўлёў, калі яны прылятаюць і адлятаюць. Пра гэта і верш «Васільковы край», які ўвайшоў у новы зборнік.

…Промень сонейка з акенца будзіць ранкам,
І, напэўна, мне ўжо болей не заснуць, 
Бо над хатай шэракрылыя жураўкі
Прывітальна песню гучную пяюць…

– Як блізкія ставяцца да вашай творчасці? 

– Больш за ўсё мае вершы любіць сын, чытае нават паміж радкоў. З унукам Аляксеем люблю параіцца. Ён з задавальненнем мяне выслухае і скажа сваё меркаванне. Сябры таксама чытаюць мае вершы. Кажуць, што яны ім падабаюцца.

– Ці можна навучыцца пісаць вершы? 

– Я лічу, што можна. У дзяцінстве вельмі любіў пачытаць такіх аўтараў, як Пушкін, Някрасаў, Асадаў, Лермантаў, Есенін. Можа, гэта і наклала свой адбітак. 

– Якую параду вы можаце даць пачынаючым паэтам?

– Не баяцца пісаць. Адважвацца. Галоўнае, каб было і імкненне, і жаданне. У гэтай справе важна зразумець рыфмаванне радкоў і рытмічную форму галосных літар. Вершы дазваляюць нам прыгожа выказацца ў прыгожай форме. 

Вольга БОТВІЧ
Фота аўтара

Предыдущая статья

Красный крест – знак помощи