У пасляваенны час ганчарства пайшло на спад. А на пачатку 70-х спынілася. І толькі Іосіф Шопік займаўся вырабам ганчарнага посуду пад заказ музеяў і калекцыянераў. Да слова, ганчарныя вырабы з чорналашчонай керамікі майстра з Поразава Іосіфа Шопіка сёння знаходзяцца ў Мінску, у Нацыянальным музеі Беларусі.
Каб захаваць і прадоўжыць
Свята ганчара пачалося размовайа за “круглым сталом”. У ім прынялі ўдзел старшыня Свіслацкага раённага Савета дэпутатаў Віктар Суботка, старшыня Поразаўскага сельвыканкама Віктар Акудовіч, намеснік дырэктара ДУК “Гродзенскі абласны метадычны цэнтр народнай творчасці”, Наталля Рамановіч, загадчык сектара культуры райвыканкама Таццяна Пачэбут, дырэктар Свіслацкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Ірына Гутар, загадчык аддзелам рамёстваў і традыцыйнай культуры Свіслацкага РЦКіНТ Аксана Васілька, майстар глінянай цацкі з Гродна Ларыса Панфілава, метадыст Ваўкавыскага цэнтра рамёстваў Аксана Талькоўская, намеснік дырэктара Свіслацкай раённай бібліятэкі Алена Шпак, ганчары, народныя майстры.
Усіх удзельнікаў “круглага стала” прывітаў Віктар Суботка.
– Сёння знакавая падзея, якая праходзіць не толькі ў рамках аднаго Поразаўскага сельскага савета, – адзначыў Віктар Аляксеевіч, – а ў цэлым усёй сферы культуры раёна. Кожная сельская тэрыторыя мае сваё брэндавае мерапрыемства, адметнай рысай якога з’яўляюцца традыцыі, якія былі заложаны продкамі. Калі гаварыць пра Поразаўскі рэгіён, то ён сапраўды вельмі багаты на падзеі, на знакамітых людзей, якія жылі і жывуць на гэтай зямлі. Што датычыць ганчарства, мы павінны зрабіць ўсё магчымае, каб адрадзіць гэтае рамяство, і перадаць яго другім пакаленням. Я схіляю галаву перад тымі людзьмі, якія не толькі знайшлі і аднавілі, але і працягваюць справу майстроў Шопікаў. Гэта візітная картачка Поразава. Удалося ўжо шмат чаго зрабіць, але і наперадзе яшчэ шырокае поле дзейнасці.
Кожны ўдзельнік “круглага стала”выказаў свае думкі, падзяліўся тымі набыткамі, якія былі сабраны па “зярнятку”, а сёння з’яўляюцца вялікай каштоўнасцю, брэндам той ці іншай установы культуры. Асаблівая ўвага надавалася адраджэнню ганчарства, і менавіта чорналашчонай керамікы. Наш раён, а менавіта Поразава, быў, адзіным месцам у Беларусі, дзе ствараліся такія вырабы. Мястэчка было своеасаблівай сталіцай ганчарства. І ўся размова за “круглым сталом” зводзілася да таго, каб адрадзіць гэтае рамяство, каб добрыя традыцыі продкаў захаваць і прадоўжыць.
Трэба адзначыць, што Поразаўскай бібліятэкай-цэнтрам краязнаўства зроблена скрупулёзная праца ў накірунку адраджэння гэтых скарбаў, сабараны багаты матэрыял, шматлікая інфармацыя, якая заслугоўвае вялікай ўвагі. Бібліятэкар Ірына Сарай у невялічкім пакоі створыла музей керамікі. Экспанаты збіраліся па крупіцах. Немала іх падарылі жыхары пасёлка, Ірына шукала па цэлым раёне. Сёння можна толькі дзівіцца той работай якая была зроблена зацікаўленым чалавекам. У музеі нават прадстаўлена ганчарнае кола, якому больш за сто гадоў. Сюды пастаянна прыходзяць наведвальнікі. Мала таго, Ірына прыахвочвае да ганчарства дзяцей, якія наведваюць бібліятэку. Сама асвоіла гэтую цікавую справу, а зараз вучыць дзяцей. І ёсць нямала жадаючых, якія стараюцца авалодаць уменнем зрабіць выраб з гліны сваімі рукамі.
Поразава – сэрца зямлі маёй
І вось па галоўнай вуліцы Поразава пачынаецца ўрачыстае святочнае шэсце. Наперадзе шыкоўная брычка з канём, якой кіруе жыхарка Поразава Любоў Кубіцкая. Следам ідуць се мясцовыя артысты, госці свята, жыхары пасёлка, дзеці. Гучыць вясёлая музыка, шэсце накіроўваецца ў парк, на месца правядзення фэсту.
Свята адкрываецца ўрачыстым пралогам “Хвала слаўным майстрам, іх умелым рукам, хвала спадчыне той, што пакінулі нам…” Праходзіць дэфіле-прэзентацыя майстроў па ганчарству Гродзенскай вобласці. А затым гледачам прадэманстраваны ручнік, створаны рукамі майстроў з 17 раёнаў і аб’яднаны ў адзін бясконцы і прыгожы. Не абышлося свята і без поразаўскай візітнай карткі – банкухі, якая занесена ў спіс нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны Беларусі.
Прывітальнае слова сваім землякам і гасцям свята сказаў старшыня Поразаўскага сельвыканкама Віктар Акудовіч.
– Наш пасёлак славіцца таленавітымі людзьмі, якія прынеслі шмат карысці нашай маленькай радзіме. Адны з іх – гэта нашы ганчары, якія стваралі чорналашчоную кераміку. Сёння іх імёны занесены ў гісторыю, і мы можам ганарыцца імі. Адзін з тых знакамітых майстроў – Іосіф Шопік, які жыў тут і ствараў сапраўдныя цуды з гліны.
Віктар Акудовіч і Наталля Рамановіч адкрылі памятны знак “Поразава – сэрца зямлі маёй”. Так можа сказаць пра сябе кожны паразаўчанін, бо гэта яго маленькая радзіма, куточак, наймілейшы ў свеце.
Много добрых, цёплых, шчырых слоў было сказана на свяце ў адрас людзей, якія звязалі свой лёс з глінай, якія сёння не ўяўляюць сябе без гэтай справы.
Вось пачынаецца конкурс ганчарнай і керамічнай творчасці з майстар-класамі. Сядаюць за ганчарныя колы майстры-ганчары Яўген Мацяшук са Свіслачы, Раман Дзямянчык з Ваўкавыска і Німатула Шарыпаў з Воранаўскага раёна. Бяруцца ствараць цуды з гліны таленавітыя майстрыхі-керамісткі Алена Дзянішчык, Святлана Дудзінская і Ларыса Панфілава. Хвілінка – і бясформенны кавалак гліны ператвараецца ў прыгожы збанок альбо глячык. На далонях майстрых нараджаюцца цудоўныя гліняныя цацкі, лялькі, кампазіцыі. Гледачы не зводзяць вачэй з гэтых цудаў.
Каб было ўсім весела
А тым часам на галоўнай пляцоўцы праходзіць ушанаванне жыхароў вуліц-суседак г. п. Поразава – Палятаева, Кааператыўнай і перавулкаў Новы і Фізкультурны. Падарункі ад Віктара Акудовіча атрымоўваюць самыя старэйшыя і самыя малодшыя жыхары, юбіляры, сем’і, якія пражылі ў згодзе шмат гадоў, старасты вуліц. Свае песні гледачам дораць ансамбль песні “Пушчанскія напевы”, народны фальклорны калектыў “Крынічанька”, народны фальклорны калектыў “Жывіца” з Гродзенскага раёна, народны ансамбль народных інструментаў “Вянок” г.п. Поразава, юныя артысты дзіцячай вакальнай групы “Nova” г. Ваўкавыска, мясцовыя салісты.
Працуюць тэматычныя і інтэрактыўныя плацоўкі “Смачная гасцёўня”, “Пад гармонік весялей”, музей пад адкрытым небам “Мастацтва гліны і агню”, адкрыта выстаўка-продаж вырабаў майстроў народнай творчасці Свіслацкага і Ваўкавыскага раёнаў. Бібліятэчны дворык прапануе выставўку “Ганчарства – цуд народнага промысла”. Гульнёва-забаўляльная праграма “Вясёлыя глячыкі” Грынкаўскага цэнтра культуры і вольнага часу запрашае усіх дзяцей на гульні. Работнікі Ханявіцкага сельскага філіала-клуба прывезлі свае знакамітыя квашаныя бліны.
На свяце можна было не толькі палюбавацца справай ганчароў і керамістаў, паслухаць цудоўныя песні, але і навучыцца старадаўнім танцам.
І вось падводзяцца вынікі конкурса. Пераможцам уручаюцца дыпломы, у іх гонар зноў і зноў гучаць шчырыя словы падзякі і песні.
Свята завяршылася, але ганчарнае кола набірае свой ход. І яно будзе круціцца доўга-доўга. Бо зямля, багатая глінай, не павінна згубіць сваёй каштоўнасці. Ганчарнае майстэрства прадоўжыццца і будзе перадавацца з пакалення ў пакаленне. Дарэчы, свята было задумана і арганізавана ў цеснай суполцы мясцовых работнікаў культуры Поразаўскаага сельскага Савета дэпутатаў.
Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фота аўтара