Вера Ільінічна Кавалеўская нядаўна адзначыла 95 гадоў з дня нараджэння. З такой нагоды яе віншавалі старшыня Нязбодзіцкага сельскага Савета Ніна Трахімік, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце УП “ВМК-Агра” Валерый Аўштоль, старшыня прафсаюзнага камітэта Аляксандра Забалоцкая, загадчык Грынкаўскага сектара клубнай і бібліятэчнай работы Марыя Самалевіч.
Бабуля прымала віншаванні, шчыра дзякавала і цешылася, што аб ёй памятаюць, што дастойна пражыла дзевяць з паловаю дзесяцігоддзяў.
Што памятае бабуля Вера з ранніх гадоў свайго жыцця? Не былі яны бясхмарнымі. Перад вайной памерлі і бацька, і маці.
Асірацела адразу пяцёра дзяцей. Вера была малодшай. Старэйшая сястра ўжо замуж паспела выйсці, сваіх дзетак нарадзіць. У бацькоўскай хаце застаўся брат. А хатка была маленькая зусім. Вера спачатку жыла ў сястры, пасля апынулася ў дзіцячым доме. Там яе напаткала вайна.
– Было вельмі страшна. Памятаю, як усё кругом гарэла. І хата наша бацькоўская таксама згарэла. Нас з дзіцячага дома адпусцілі: ідзіце, куды хочаце. Я апынулася ў Занках, – успамінае Вера Ільінічна. – Нехта з вяскоўцаў даў мне прытулак. Есці вельмі хацелася, а не было чаго. Потым было аб’яўлена, каб дзяцей з дзіцячада дома людзі бралі да сябе за работнікаў. І па мяне прыехала бяздзетная сям’я Іосіфа і Ульяны Трахімікаў з Ліхасельцаў (зараз Каліноўская). Я ехала з імі на возе і думала, што гэта не надоўга, што хутка назад вярнуся. Але ж не. Тут я назаўсёды засталася. Трахімікі добра да мяне адносіліся. Не крыўдзілі, але працавала я ў іх з 11 гадоў. Цяжка прыходзілася, але каму тады лёгка было…
У 1950 годзе замуж пайшла за мясцовага хлопца Паўла Кавалеўскага. Мне прыёмныя бацькі вяселле справілі. Спачатку жылі ў іх, а тым часам дом свой будавалі. Нарадзілася ў нас двое дзетак.
Шмат гадоў адпрацавала Вера Юльянаўна ў мясцовай гаспадарцы. Чаго толькі не прыходзілася рабіць. І жала, і снапы вязала, і буракі палола, і бульбу капала. Ніякай працы не баяліся рукі, бо з дзяцінства да яе былі прывучаны.
Ужо няма на свеце мужа Веры Юльянаўны. Выраслі дзеці – гонар і радасць старэнькай маці. Падарылі бабулі траіх унукаў, а тыя – пяць праўнукаў. Сын і дачка жывуць у Свіслачы. Часта наведваюць матулю. Гасціць і яна ў іх, але найлепей сябе адчувае ў роднай хаце.
Дзевяноста пяць гадоў за плячыма ў бабулі Веры. Калі яны паспелі прабегчы, яна і не заўважыла. Жыла і жыве заўсёды ў ладу з сумленнем, з павагаю адносіцца да людзей і яны да яе таксама. А гэта самае галоўнае ў жыцці, ці не так?
Ядвіга КОБРЫНЕЦ
Фота Марыі Самалевіч