banner

Грынкі карагодзілі ў Дзятлаве

21 Июня’24
911

Пяты юбілейны карнавал-фестываль роставых лялек прайшоў у Дзятлаве. Аналагаў гэтаму святу ў Беларусі няма. Як, напэўна, няма аналагаў і народнаму тэатру-студыі гульні «Карагод» Грынкаўскага сектара клубнай і бібліятэчнай работы. Гэты калектыў – пастаянны ўдзельнік дзятлаўскага карнавалу.



Карнавальная гісторыя «Карагоду» – гэта дыплом прызёра на першым фестывалі ў 2014 годзе і надалей тры перамогі запар. 15 чэрвеня нашы землякі зноў паехалі здзіўляць дзятлаўскую публіку. Вынік – дыплом за 2-е месца, грашовы прыз і маса прыемных уражанняў.

Я памятаю, калі мы атрымалі запрашэнне на першы фестываль-карнавал, то нават і не ведалі, што нас там чакае, – расказвае кіраўніца тэатра-студыі Марыя Самалевіч. – Паехалі з задавальненнем. І ўпершыню сутыкнуліся з роставымі лялькамі. Вядома, гэта было прыгожа, гэта было дзіўна. У асноўным там выступалі калектывы, якія паказвалі тэатралізацыю пэўнай дзеі. Мы ж любім гуляць з людзьмі так, каб бачыць іх эмоцыі, размаўляць з імі, рабіць ім падарункі, словам, каб інтэрактыў быў. На першым фестывалі мы сталі прызёрамі і атрымалі грамату за беларускую мову. Так, «Карагод» быў адзінай камандай, якая размаўляла па-беларуску. Ужо вылучыліся. Ужо нас запрыкмецілі. Але мы самі не атрымалі асалоды ад свайго выступлення, таму што не мелі роставай лялькі. Менавіта Дзятлава нам дало штуршок, каб гульнёвая праграма была сакавітай, прыгожай, візульна прывабнай. Мы сталі развівацца ў гэтым напрамку. Праз год паехалі на фестываль з новай гульнёвай праграмай, паказвалі «Як Мухамор жэніцца». І гэта ўжо было першае месца. Атрымалі ў падарунак роставую ляльку «Сонейка». Былі такія задаволеныя! «Сонейка» нам дапамагала і надалей перамагаць. На трэці раз з праграмай «Добра ў весачцы жывецца» зноў сталі лепшымі. На чацвёртым фестывалі выступілі з праграмай «Як цешча з зяцем на кірмаш хадзілі». Гэта была такая асалода! Мы ведалі, што заваюем сэрцы гледачоў. І не памыліліся: зноў атрымалі першае месца. І, як зноў адзначыла журы, былі адзінай камандай, якая размаўляе на беларускай мове. Гэта – наша. Мы ад гэтага не адступаем.


А сёлета «Карагод» павёз у Дзятлава гульнёвую праграму «Давайце будзем сябраваць» па матывах казкі «Калабок».

– Яна ж самая любімая ў дзяцей, героі знаёмыя кожнаму. Вядома, уключылі і новых, каб цікавей было, – гаворыць Марыя Самалевіч. – Чаму ўзялі дзіцячую праграму? Таму што гуляць прыходзіцца ў асноўным з дзецьмі. Ніводная праграма не праходзіць без таго, каб мы не раздавалі сувеніры. Апошнім часам частуем тых, кто гуляе з намі, грынкаўскай пышкай. Памятныя падарункі робім самі.

Дарэчы, «Карагод» са сваімі гульнямі выходзіць на сцэну ўжо больш за 20 гадоў, пачынаючы з 2002 г.
Марыя Самалевіч – яго стваральніца і нязменная кіраўніца. Сёння ў складзе калектыву разам з ёй працуюць Жанна Філіновіч, Таццяна Падгорная, Святлана Гінч, Раіса Качароўская і Наталля Самалевіч. Усе яны – гульцы з вопытам. Аднак…

Дзятлаўскі фестываль – гэта магчымасць сустрэцца з калектывамі з іншых рэгіёнаў. Хочацца не толькі сябе паказаць, але і на другіх падзівіцца, пазнаёміцца з моцнымі гульнёвымі камандамі, для сябе штосьці запазычыць, – усміхаецца Марыя Самалевіч.

Предыдущая статья

Большая встреча малых городов