banner

Бацькаўшчына. Мінулае і сучаснае побач

14 Ноября’22
810
Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь сумесна з лаўрэатам прэміі Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне» Уладзімірам Ліхадзедавым рэалізуе праект «Бацькаўшчына», прымеркаваны да Года гістарычнай памяці. «Свіслацкая газета» – першая з раённых газет і адна з першых у рэспубліцы падтрымала праект і будзе знаёміць чытачоў з гістарычнай спадчынай Свіслацкага раёна.

Першыя яўрэі ў мястэчку Свіслач з’явіліся на пачатку XVI стагоддзя. Але значна больш іх стала ў канцы XVIII стагоддзя пры графе В. Тышкевічу. Ён ахвотна запрашаў яўрэяў для большага развіцця рамёстваў і гандлю. Магчыма, дзякуючы ім настолькі папулярнымі ў тыя часы былі свіслацкія кірмашы. Лепшыя гандляры, шаўцы, краўцы, гарбары, печнікі, цесляры, муляры былі сярод яўрэяў.


Свіслач. Яўрэйскі музычны калектыў. 1930-я гады.

Да сярэдзіны дзевятнаццатага стагоддзя свіслацкія яўрэі зараблялі сабе на жыццё ў асноўным гандлем лесам і збожжам, гандлем рознымі таварамі і рамёствамі. Пазней яны таксама займаліся гаспадаркай і здачай у арэнду дамоў.

Пасля моцнага пажару, у выніку якога была знішчана большасць яўрэйскіх магазінаў, кірмашы ў Свіслачы больш не праводзіліся, і яўрэі пазбавіліся сваіх асноўных крыніц сродкаў для існавання.

Прыкладна ў 1870-м годзе яўрэі сталі першапраходцамі ў гарбарнай прамысловасці. Яны ўдасканалілі метады вытворчасці з дапамогай запрошаных імі нямецкіх спецыялістаў.

Да канца XIX стагоддзя ў Свіслачы быў створаны шэраг гарбарных прадпрыемстваў, на якіх працавалі сотні чалавек. Многія яўрэі з наваколля адпраўляліся ў Свіслач у пошуках працы. Яшчэ ў сярэдзіне XIX стагоддзя яўрэйскія рамеснікі ў Свіслачы спрабавалі арганізаваць сябе ў цэхі.

Яўрэйскае насельніцтва налічвала ў 1847 годзе 977 чалавек; у 1897-м колькасць яўрэяў складала 2 086 (67,3% ад агульнай колькасці жыхароў горада); у 1921-м – 1 959 чалавек (66,7% ад усяго насельніцтва); у 1939 годзе ў Свіслачы пражывала каля 3 000 яўрэяў.

Пры Польшчы з 1924 да 1939 года яўрэі пачалі выязджаць. Эмігравалі, у асноўным, у ЗША, Канаду, Палестыну.

У 1927 годзе рабінам Свіслачы быў прызначаны Хаім Яакаў Мішкінскі, жонка якога (Хая) даводзілася ўнучкай рабіну Нафталі Герцу Гальперыну з Беластока. Ён узначальваў абшчыну, пакуль у лістападзе 1942 года нацысты не забілі ўсіх яе членаў.

У лістападзе 1941 года немцы стварылі ў Свіслачы яўрэйскае гета (у раёне цяперашняй вуліцы Мяльнова, Камсамольскай і М. Горкага – да вуліцы Новай). Вязняў прымушалі выконваць самую цяжкую і брудную работу. Яўрэяў жорстка збівалі, у іх адбіралі рэчы і маёмасць. На іх накладвалі рознага роду “кантрыбуцыі”. Нават за невялікія правіннасці маглі расстраляць. За год існавання гета пакінутых у жывых яўрэяў налічвалася менш за 50 працэнтаў.

Многія свіслацкія яўрэі ўнеслі вялікі ўклад у развіццё народнай гаспадаркі і культуры, дасягнулі значных поспехаў у бізнесе, навуцы і мастацтве. Напрыклад, Давід Левіс (Давід Ліс) стаў прафесарам палітычных навук ва ўніверсітэце горада Атава (Канада), Есель Аін – буйным бізнесменам, кіраўніком вялікай будаўнічай фірмы, дарэчы, абодва яны ў 1980 годзе прыязджалі на радзіму ў Свіслач. Берэк Грамовіч стаў рэктарам універсітэта ў Нью-Йорку, Голдуэн (Голда) – уладальнікам адной з кінастудый у Галівудзе, а Ліўшыц – вядомы ў Ізраілі лётчык-ас. Ураджэнка Поразава Эстэр Рахіль Камінская была заснавальніцай яўрэйскага тэатра ў Польшчы і сама ў ім іграла.


Свіслач. Будынак сінагогі. 1930-я гады.

Гэты спіс значна папоўніўся б таленавітымі людзьмі, унікальнымі самародкамі, калі б не было вайны, якая растаптала мільёны жыццяў.

У Свіслачы нарадзіліся вядомыя яўрэі Шэві Хірш Эдэльман (Шэн-Тоў), рабін Самуэль Белкін і Ірвінг Абрахам Агус, рабін Аарон Котлер, а таксама Дэвід Льюіс (Лош), канадскі вучоны і федэральны лідэр Новай дэмакратычнай партыі.

Звесткі аб сінагозе ў Свіслачы вельмі скупыя. Вядома, што ўзвялі яе ў канцы XIX стагоддзя. Аднак будынак добра захаваўся да нашых дзён. Зараз яго выкарыстоўваюць як сектар па рабоце з дзецьмі і моладдзю.



Вольга БУБЕНЧЫК

Предыдущая статья

Можно не спешиваться. В Беларуси вступили в силу изменения ПДД