banner

Віктар Каліноўскі — вучоны, гісторык, бібліяфіл

29 Октября’10
4191

У біяграфіі Віктара Антона Сямёнавіча Каліноўскага, старэйшага брата славутага рэвалюцыянера-дэмакрата Кастуся Каліноўскага, ёсць многа цікавых старонак. Хоць імя гэта ўпамінаецца ў навуковых і гістарычных матэрыялах не так часта, але дакладна вядома, што Віктар Каліноўскі, як і Кастусь, нарадзіўся ў Мастаўлянах Гродзенскай губерні. Быў старэйшы за брата амаль на пяць гадоў. Жыццёвы шлях Віктара быў нядоўгім: нарадзіўся 21 красавіка 1833 года, памёр ад сухотаў 6 лістапада 1862 года ў Якушоўцы. Няпоўныя трыццаць гадоў было адмерана яму лёсам. Але і за гэты кароткі час ён зрабіў шмат для роднай старонкі, для землякоў. У гэтыя восеньскія дні, калі ўсе хрысціяне памінаюць сваіх родных і блізкіх, моляцца за ўпакой іх душы, удзячныя нашчадкі прыносяць на магілы жывыя кветкі, запальваюць агеньчык памяці, ёсць нагода яшчэ раз успомніць асноўныя вехі кароткага, але змястоўнага жыцця Віктара Каліноўскага. Жыцця вучонага, гісторыка, бібліяфіла, удзельніка нацыянальна-вызваленчага руху 1860-х гадоў, сапраўднага патрыёта.

Сярэднюю адукацыю Віктар Каліноўскі атрымаў у Свіслацкай і Гродзенскай гімназіях. У 1852 годзе паступіў на медыцынскі факультэт Маскоўскага ўніверсітэта, аднак урачом не стаў, таму што прызваннем яго была гісторыя. У 1856 годзе разам з Кастусём ён пераехаў з Масквы ў Пецярбург, дзе атрымаў дазвол працаваць у аддзеле рукапісаў Імператарскай Публічнай бібліятэкі. Тут 19-гадовы юнак з усёй адказнасцю выконваў даручэнні Віленскай Археалагічнай камісіі, займаўся выяўленнем і капіраваннем розных рукапісаў, што тычыліся гісторыі Беларусі і Літвы, і адначасова вёў самастойныя даследванні па гісторыі Вялікага Княства Літоўскага, а таксама гісторыі сялянскіх рухаў Беларусі і Украіны XVIII стагоддзя. У прыватнасці, ён напісаў манаграфію на рускай мове “Уманская резня” аб паўстанні ўкраінскіх сялян 1768 года (па невядомых прычынах праца не была надрукавана).

Адначасова Віктар Каліноўскі разам з Кастусём быў членам канспіратыўнай Пецярбургскай рэвалюцыйнай арганізацыі, больш таго, належаў да яе кіраўніцтва. Сярод членаў арганізацыі, у якой былі выхадцы з Беларусі, Літвы, Польшчы, Украіны, распаўсюджваў гістарычную літаратуру, займаўся вярбоўкай новых членаў, наладжваў сувязі з рэвалюцыйнымі арганізацыямі Кіева і Масквы.

Віктар Каліноўскі быў заўзятым бібліяфілам. За шэсць гадоў свайго знаходжання ў Пецярбургу ён сабраў унікальную бібліятэку, якая налічвала больш за 5000 рукапісаў і кніг на шасці мовах: польскай, лацінскай, французскай, нямецкай, рускай і беларускай. Пераважная большасць іх была прысвечана розным праблемам гісторыі ВКЛ і Польшчы. І невыпадкова, бо гэта было асноўнай галіной навуковых інтарэсаў Віктара, стрыжань, вакол якога ішло фарміраванне бібліятэкі.

Пасля смерці маладога вучонага яго бібліятэкай зацікавіліся ў Львове. Па просьбе львоўскіх мецэнатаў у Пецярбургу быў складзены і перасланы ў Львоў “Каталог”. З 1946 года ён знаходзіцца ў Вроцлаве ў бібліятэцы імя Асалінскіх, куды быў перавезены разам з часткай бібліятэкі пасля заканчэння другой сусветнай вайны. У “Каталогу” значацца палемічная літаратура XVI-XVIII стагоддзяў, сеймавыя выступленні вядомых палітычных асоб таго часу, рашэнні палітычных сінодаў, каралеўскія і гетманаўскія ўніверсалы, працы такіх вядомых гісторыкаў і філосафаў антычнасці, як Луцый Аней Сенека, Ціт Лукрэцый Кар, Ціт Лівій, Карнелій Непот, а таксама значная колькасць копій з рукапісаў XVI-XVIII стагоддзяў, што адносяцца да гісторыі ВКЛ і Польшчы.

Сучасныя гісторыкі, якія цікавяцца літаратурай гэтай тэматыкі, безумоўна, кожны раз успамінаюць імя збіральніка бібліятэкі Віктара Каліноўскага. Ганарыцца славутым земляком і Свіслаччына, бо менавіта такія людзі – наш галоўны скарб.

Ларыса САМАРЫНА.

Предыдущая статья

І міргацяць агеньчыкі лампадак